Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў пераведзены ў СІЗА КДБ, ідзе азнаямленне з матэрыяламі справы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў пераведзены ў СІЗА КДБ, ідзе азнаямленне з матэрыяламі справы

Дададзена 04.05.2022 1:28:29 | 466 праглядаў

Зняволенага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва перавялі днямі з «Валадаркі» ў СІЗА КДБ. Пра гэта паведамляюць паплечнікі па партыі, якія атрымалі лісты ад зняволенага з-за кратаў.

У лісце ад 25 красавіка Рыгор Кастусёў напісаў, што следства паводле ягонай справы скончанае і яго азнаёмілі з канчатковым абвінавачаннем. Як паведамляецца, цяпер фігуранты пачалі знаёміцца ​​з матэрыяламі справы і ў хуткім часе, як чакаецца, справа будзе перададзена ў пракуратуру, а неўзабаве пачнецца судовы разгляд.

Рыгора Кастусёва затрымалі ў красавіку мінулага года ў Шклове і абвінавацілі разам з палітолагам Аляксандрам Фядутам, юрыстам з ЗША Юрыем Зянковічам,  кіраўніцай мінскага офіса Зянковіча Вольгай Галубовіч і дальнабойшчыкам з Нарачы Дзянісам Краўчуком паводле артыкула 357 Крымінальнага кодэкса ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Згодна з гэтым артыкулам старшыні Партыі БНФ пагражае ад 8 да 12 год зняволення.

Адвакат палітыка цяпер ня можа паведаміць акалічнасці расследвання, бо знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні матэрыялаў справы.

Зьміцер Антончык БНФСтаршыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў азнаёміўся з канчатковым абвінавачаньнем, але сутнасьць яго сям’і невядомая, расказаў зяць 65-гадовага палітыка, сябра Партыі БНФ Зьміцер Антончык. «Магчыма, яшчэ які эканамічны артыкул дадасца. Бо напісаў у лісьце: «Яны ўсё шукаюць мае мільёны», — цытуе ліст сваяка спадар Антончык, адзначаючы, што ўмовы ў СІЗА КДБ для зняволенага значна горшыя ў параўнанні з умовамі ў СІЗА МУС.

Пры гэтым Антончык адзначае, што ў справе пачалі праводзіць сьледчыя дзеяньні: калі раней выклікалі адваката раз на месяц, раз на два тыдні, то цяпер два разы на тыдзень.

«Пайшоў рух. Так што, магчыма, неўзабаве будзе паказальнае судзілішча», — мяркуе зяць Кастусёва.

У зняволенні ў Кастусёва сур’ёзна пагоршылася здароў’е, – мужчына перанёс каронавірус, і ўжо быў у шпіталі з-за праблем з сэрцам, у яго таксама выявілі анкалагічную хваробу. Хадайніцтвы адваката пра змену меры стрымання на хатні арышт следствам былі пакінутыя без задавальнення. Цяпер стан здароўя вязня  палепшыўся. Але «стадыя такая, што аперацыю будуць рабіць толькі ў крайнім выпадку» – піша зняволены. Беларускія праваабаронцы ў адмысловай заяве прызналі Рыгора Кастусёва палітвязнем.

Паводле спадара Антончыка, зьмест апошніх пяці лістоў Кастусёва прыкладна аднолькавы. «Відаць, што яму псыхалягічна вельмі цяжка, ніякіх навінаў няма», — дадаў ён. Як паведамляюць паплечнікі па партыі, спадар Рыгор напіўсаў, што моцна абрубілі менавіта беларускамоўныя лісты да яго ад знаёмых, але на дзень народзінаў да 65-годдзя было шмат віншаванняў ад незнаёмых людзей.

Адрас для лістоў падтрымкі:

СІЗА КДБ, 220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Рыгор-Кастусёў-2020Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік.

Служыў у войску (1975-1977).

Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы “Друць” Бялыніцкага раёну (1983-1988), дырэктарам гаспадаркі “Іскра” Бялыніцкага раёну (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001).

Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла ─ Белая Русь” у Магілёве (2002-2004).

Ад 1989 году удзельнічае ў палітычнай дзейнасьці.

У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У пэрыяд ад 2009 году да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ.

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.

У 2004, 2008, 2016 гадах на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе, у 2019 годзе вылучаўся ў Менску. У 2012 годзе зьняў сваю кандыдатуру з парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду Партыі БНФ.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году узначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.

Рашэньнем Зьезду Партыі БНФ 2010 году быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак заняў на выбарах чацьвёртае месца з  10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбаршчыкаў (1,97% галасоў). Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту пасля выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў зьбіты спецслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Адзіны з кандыдатаў, які падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Травень 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.