Сябра БНФ, журналіст Павал Дайлід выйшаў на волю пасьля затрыманьня
Дададзена 12.07.2022 11:21:17 | 421 праглядаў
Пасля свайго выхаду на волю спадар Дайлід расказаў, што для «палітычных» зняволеных у ІЧУ стваралі нечалавечыя ўмовы ўтрымання.
Паўла Дайліда затрымалі ў Івацэвічах 7 ліпеня, як ён сам кажа, за апублікаваны ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» фатаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, што сілавікі расцанілі як «пікетаванне».
Увечары 7 ліпеня Павел Дайлід паспеў паведаміць калегам, што да яго ў кватэру ў Івацэвічах прыехалі супрацоўнікі міліцыі і выклікалі ў мясцовы РАУС для разбіральніцтва. Пасля гэтага журналіст быў затрыманы.
Падставай для гэтага нібыта з’явіўся фотаздымак Паўла Дайліда разам з бел-чырвона-белым сцягам, зроблены ў ліпені 2020 года падчас дазволенага пікета ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай і размешчаны ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте».
Пасля свайго выхаду на волю Дайлід расказаў, што для «палітычных» зняволеных у ІЧУ стваралі нечалавечыя ўмовы ўтрымання, таму журналіст збіраецца ў хуткім часе напісаць скаргу ў пракуратуру.
«Для нас, «палітычных«, стварылі «асаблівыя ўмовы» ізалятары Івацэвіцкага РАУС – не выдавалі матрацаў, сродкаў асабістай гігіены, не прыносілі прыкурыць раз на гадзіну, як у іншыя камеры. Яркае святло ў нашай камеры гарэла ўсю ноч. Уначы два разы будзілі палітычных. З камеры выводзілі толькі ў кайданках.
Пры гэтым з намі быў крымінальнік, які ўжо асуджаны на 8 гадоў, але яшчэ ў нейкай справе ў ІЧУ трымаюць. То ў яго быў і матрац, і кайданкі яму не накідалі пры выхадзе на ранішні агляд».
Павал Дайлід — незалежны журналіст, сябра Партыі БНФ Ён супрацоўнічаў з рознымі недзяржаўнымі выданнямі, неаднаразова трапляў пад рэпрэсіі.