Партыя БНФ » Людміла Рамановіч, «Паляшучка з ненапісанай казкі», якой прысудзілі зняволенне за зварот у Следчы Камітэт
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Людміла Рамановіч, «Паляшучка з ненапісанай казкі», якой прысудзілі зняволенне за зварот у Следчы Камітэт

Дададзена 18.07.2022 10:55:40 | 408 праглядаў

Нядаўна Людміле Рамановіч прысудзілі паўтара года калоніі за два словы, напісаныя ў звароце пра Лукашэнку. «Мне няма ў каго прасіць прабачэння, апроч маіх дзядоў», — казала ў судзе 57-гадовая актывістка Партыі БНФ з Маларыты.

Людміла Рамановіч - Маларыта БНФЛюдміла працавала раней інжынерам пераважна ў дзяржаўных структурах: райвыканкам, банк. Нейкі час правяла ў прыватнай будаўнічай фірме.

Яна актывістка Партыі БНФ і былая кандыдатка ад партыі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

«Людміла вельмі працавітая жанчына, — кажа яе прыяцель. — Марнаваць час не для яе. Асноўны занятак — гэта хатняя творчасць: вышыванне, роспіс па шкле, Біблія. Яна чалавек актыўны па жыцці, з пачуццём справядлівасці, акуратыстка.

Вельмі любіць прыроду. У аснове яе светапогляду ляжыць культура беларускага Палесся са сваімі звычаямі, павагай да ўсяго жывога і асяроддзя яго існавання. Лес для яе бажаство. Ідучы ў грыбы, яна бярэ з сабою сімвалічныя дары, каб папрасіць у лесу яго скарбаў. Паляшучка з ненапісанай казкі».

На Рамановіч завялі крымінальную справу за зварот у следчы камітэт — па артыкуле 368 («абраза прэзідэнта»). Хаця сябры мяркуюць, што ціск на маларытчанку пачалі праз яе антываенны зварот да Лукашэнкі. Гэты ліст яна даслала на пачатку сакавіка на сайт яго Адміністрацыі. Жанчына выказала пратэст супраць магчымага ўдзелу Беларусі ў вайне і патрабавала вывесці з нашай тэрыторыі расійскія войскі.

Зварот жа ў СК Людміла пісала раней, бо следчыя выклікалі яе па незразумелай для яе справе.

Асноўны пасыл звароту быў такі — каб займаліся сапраўднай працай, а не непатрэбшчынай, — кажа іншы сябра жанчыны. Абразу Лукашэнкі ўбачылі ў гэтым звароце да следчых.

У апошнім слове перад прысудам Людміла казала:

«Мне няма ў каго прасіць прабачэння. Адзіныя, каго прашу мяне прабачыць — гэта мае дзяды, адзін з якіх загінуў падчас вайны на тэрыторыі Польшчы, а другі быў раскулачаны і асуджаны да лагера. Я прашу ў іх прабачэння за тое, што за ўвесь час нармальнай дэмакратычнай краіны мы так і не пабудавалі».

15 чэрвеня 2022 г. у судзе Маларыцкага раёна распачаўся разгляд справы палітзняволенай. Пракурор Міховіч запрасіў прызначыць 57-гадовай палітзняволенай пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў. Менавіта такі прысуд 20 чэрвеня 2022 г. і вынесла суддзя Вольга Смірнова.

Падтрымаць Людмілу Рамановіч у зняволенні можна лістом. Адрас для лістоў: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Рамановіч Людміле Сяргееўне

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

Таксама можна накіраваць грашовы перавод, які вязень можа скарыстаць каб набыць харчаванне ў у шапіках СІЗА. Магчымы перавод грашовых сродкаў праз інтэрнэт-банкінг і мабільны-банкінг. Выканайце грашовы пераказ (адвольны плацёж) па пазначаных ніжэй рэквізітах і не забудзьцеся ўпісаць цалкам прозвішча, імя і імя па бацьку палітвязня і СІЗА ў прызначэнні плацяжу.

Людмила Сергеевна Романович — СИЗО-7

УНП: 200292322
BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY49BAPB36429921800110000000

Таксама можна даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі прысмакамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.  У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.