Партыя БНФ » Пачаўся судовы разгляд “справы аб змове” – працяг 1 жніўня
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пачаўся судовы разгляд “справы аб змове” – працяг 1 жніўня

Дададзена 29.07.2022 11:39:52 | 483 праглядаў

29 ліпеня суд Мінскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы “аб змове з мэтай захопу ўлады”. На лаве падсудных – старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сябры партыі Юрый Зянковіч і Вольга Галубовіч, паліттэхнолаг Аляксандр Фядута, кіроўца-дальнабойшчык Дзяніс Краўчук. Абвінавачаныя да суда амаль паўтары гады знаходзіліся пад вартай. Працяг рагляду справы прызначаны на 1 жніўня, 

суд 29.07Пасяджэнні Мінскага абласуда па гэтай справе праходзяць у будынку Мінскага раённага суда (Маякоўскага, 119а). Справу раследаваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка. Да лета 2020 года ён займаў пасаду раённага суддзі ў Слуцку.  Гэта не першая гучная «пратэсная» справа ў абласным судзе, якую разглядае Арэшка. 30 траўня гэтага года Арэшка вынес прысуд у выглядзе 22 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму 37-гадоваму Вячаславу Малейчуку па “факце арганізацыі 25 сакавіка 2021 актаў тэрарызму ў гарадах Барысаў і Мінск”.

Паводле судовага раскладу і папярэдніх паведамленняў меркавалася, што разгляд справы “змоўшчыкаў”  будзе мець закрыты характар. Менавіта ў закрытым рэжыме і пачаўся разгляд справы ранкам 29 ліпеня, але пасьля выявілася, што слуханне ўсё ж надалей будзе праходзіць у адкрытым рэжыме і пасля перапынку ў залю могуць патрапіць жадаючыя. Пра разгляд справы ў адкрытым рэжыме ў першы дзень заявіў хадайніцтва падсудны Аляксандр Фядута:

– Прашу весці судовае пасяджэнне ў адкрытым рэжыме. Гэта магчыма па наступных прычынах: матэрыялы крымінальнай справы не маюць звестак пра дзяржаўную ці іншую падахоўную законам таямніцу. Адзінае, што, на мой погляд, не падлягае агалошванню, — звесткі пра стан здароўя.      Пра пачатак следства аб’яўлялася па нацыянальным і замежным тэлебачанні. Таксама было абвешчана, што былі праінфармаваны ўлады Расійскай Федэрацыі і Злучаных Штатаў Амерыкі. Пра гэта, у прыватнасці, казаў спадар Лукашэнка. Складзенае такім чынам інфармацыйнае становішча максімальнай адкрытасці працэсу дазволіць унікнуць з’яўленню адкрытых фэйкаў, здагадак, дазволіць грамадству пераканацца ў бесстароннасці выніку, важкасці доказаў абвінавачання, выкананню правоў падсудных на абарону і аргументаванасці прысуду, што адпавядае інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падтрымаў гэтае хадайніцтва і яно было задаволенае судом. .

Хадайніцтва абароны аб зьмене меры стрымання абвінавачаным, якія амаль паўтары гады знаходзяцца пад вартай, было судом адхіленае.

Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Паводле гэтай жа справы абвінавачанымі былі названыя кіраўнік Магілёўскай арганізацыі БНФ Віталь Макаранка, які паспеў пакінуць краіну пасля затрымання кіраўніка партыі, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка і Ігар Макар, якія знаходзяцца за мяжой.

Да абеда ў судзе зачыталі абвінавачванне Юрыю Зянковічу. Пасля абеда пасяджэнне даўжылася меньш за гадзіну. У выніку паспелі зачытаць абвінавачванне і Аляксандру Фядуту. Ён прызнаў сваю віну часткова, але не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачванні матывамі. Пры гэтым як паведамляе дзяржаўнае агенцтва Белта, Аляксандр Фядута прызнаў прад’яўленае яму абвінавачанне. Расейскае выданьне Sputnik удаклядняе, што Аляксандар Фядута прызнаў віну «часткова». Незалежнага пацьверджання гэтай інфармацыі няма.

Журналісты паразмаўлялі з актывістам БНФ, зяцем Рыгора Кастусёва Змітром Антончыкам пра гэтую справу, як закрыты працэс раптам пераўтварыўся ў адкрыты і ці атрымалася трапіць на паседжанне суда блізкім.

– Вядома, што Зянковічу і Фядуту зачыталі абвінавачанне, астатнія чакаюць у панядзелак. Фядута часткова прызнаў віну, гэта быў лёгкі шок для нас. Напэўна сцэнар такі рэжым падрыхтаваў і нават не ведаем, чаго чакаць у панядзелак. Што да стану здароўя старшыні Партыі БНФ, то  ўжо за кратамі ў яго дыягнаставалі анкалагічную хваробу, таксама ён перахварэў на COVID і ў яго з’явіліся праблемы з ныркамі. Да гэтага можна дадаць яшчэ праблемы са зрокам, бо калі перавялі ў Амерыканку, там вельмі дрэннае асвятленне, і калі ён знаёміўся з матэрыяламі справы, то добра „пасадзіў” зрок. Яшчэ мы ведаем, што былі праблемы са спінай, рабілі ўколы. І зараз ён чакае планавы МРТ, які павінны былі правесці яшчэ ў лютым.

Летась у красавіку спадар Антончыка, як і цесьця, затрымалі ў Шклове — мяркуецца, гэта было зьвязана з «падрыхтоўкай замаху» на Аляксандра Лукашэнку. Антончыка ў выніку адпусьцілі, і ён пакінуў Беларусь. Зяць Кастусёва пагадзіўся з думкай, што ўсё «злачынства» яго заключаецца ва ўдзеле ў адным зуме зь іншымі абвінавачанымі ў справе.

«Наогул уся гэтая справа больш падобная на спэцапэрацыю спэцслужбаў — расейскіх ці беларускіх, розьніцы паміж імі ўжо асабліва не відаць. Яны раскрылі „змову“, напісалі даклад і падсунулі яе Лукашэнку. Той паддаўся на правакацыю, быў закрануты за жывое, паверыў ва ўсю гэтую лухту. Нарабіў эмацыйных заяў. Думаю, потым наверсе ва ўсім разабраліся, але ўключаць задні ход сыстэма ня ўме. Мы ведаем, як у Беларусі працуе судовая сыстэма, таму добрых чаканьняў ад працэсу ў мяне няма. Думаю, справу будуць разглядаць ня хутка і канкрэтна Рыгору Кастусёву дадуць восем гадоў» – заявіў Зміцер Антончык.

Праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуту, Вольгу Галубовіч і Дзяніса Краўчуку палітвязнямі. Абурэнне арыштам лідэра Партыі БНФ і салідарнасць са зняволеным Рыгорам Кастусёвым выказаў Міжнародны дэмакратычны звяз – сусьветнае аб’яднанне правацэнтрысцкіх партый, а таксама лідэры буйнейшых дэмакратычных партыяў і рухаў Беларусі.

000024_A8DEBE3094C9AB854325888E002CED91_1089Дзяржаўныя інфармагенцтвы апублікавалі фота і відэа з залы суда, на якіх можна ўпершыню за год і амаль чатыры месяцы ўбачыць палітвязняў. Відаць, што Аляксандр Фядута і Юры Зянковіч моцна схуднелі, прыкметная худзізна і ў Рыгора Кастусёва, у якога год таму ў зняволенні дыягнаставалі рак.

Жонка палітзняволенага Аляксандра Фядуты распавяла як нечакана ўдалося пабачыцца з мужам у судзе. Спадарыня Марына Шыбко адзначыла, што Аляксандр «схуднеў і ходзіць дрэнна, дазволілі кій перадаць у СІЗА, бо падагра адолела, пры ўсмешцы не назіраецца зубоў 5-6». Таксама ў Фядуты кругі пад вачыма. «Мы моўчкі размаўлялі з Сашам, я чытала яму свае вершы і казала, што кахаю, кахаю, кахаю. Ён адказваў узаемнасцю і прасіў у мяне прабачэння. Думаю, што мы зразумелі адно аднаго», – падзялілася жонка палітвязня.

Судовы разгляд працягнецца ў панядзелак 1 жніўня а 10-й гадзіне ў будынку суда Мінскага раёна (Маякоўскага, 119а).

Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.