Партыя БНФ » Другі дзень суда па справе “аб змове”: Рыгор Кастусёў не прызнае віну
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Другі дзень суда па справе “аб змове”: Рыгор Кастусёў не прызнае віну

Дададзена 01.08.2022 11:23:38 | 445 праглядаў

1 жніўня Мінскі абласны суд працягнуў разгляд справы “аб змове з мэтай антыканстытуцыйнага захопу ўлады”. За два дні працэсу абвінавачаныя – старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сябры партыі Юрый Зянковіч і Вольга Галубовіч, паліттэхнолаг Аляксандр Фядута, кіроўца-дальнабойшчык Дзяніс Краўчук выказалі сваё стаўленне да абвінавачання. Рыгор Кастусёў- адзіны з падсудных, хто віну цалкам не прызнае і настойвае на сваёй невінаватасці. Менавіта з допыту старшыні Партыі БНФ пачаўся разгляд справы па сутнасці. 

1 жніўня суд Рыгор КастусёўНа другі дзень суда было агучана абвінавачванне палітзняволенаму кіраўніку Партыі БНФ Рыгору Кастусёву. Па вэрсіі абвінавачвання, якое зачытвалася больш чым паўгадзіны, спадар Кастусёў дасягнуў таемнага пагаднення з пражываючымі ў ЗША Зянковічам і Шчыгельскім пра захоп улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама пагадзіўся з довадамі аб тым, што гэтыя мэты могуць быць дасягнуць толькі гвалтоўным чынам. Па словах пракурора спадар Кастусёў, знаходзячыся ў сябе дома ў Магілёўскай вобласці, у рэжыме анлайн-канферэнцыі ўдзельнічаў у абмеркаванні плана па захопе ўлады. Акрамя ўжо вядомых Шчыгельскага і Зянковіча дзяржабвінаваўца назваў і прозвішчы некаторых іншых удзельнікаў гутаркі — гэта Хофман, Макар і іншыя людзі, асоба якіх пакуль не ўстаноўленая. Акрамя таго, па словах пракурора, Кастусёў прагаласаваў за ўключэнне ў лік змоўшчыкаў Вольгу Карач, але яна заняла чакальную пазіцыі.

Спадар Рыгор не прызнаў сваю віну ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага па ч.1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), цалкам не пагадзіўшыся з абвінавачаннем. У судзе ён растлумачыў, што ўдзельнічаў у анлайн-канферэнцыях “змоўшчыкаў” як слухач, паведамляюць праўладныя СМІ. Спадар Кастусёў на стадыі папярэдняга следства таксама віну не прызнаў, пра гэта паведаміла дачка абвінавачанага, спасылаючыся на ягоныя лісты з СІЗА. Бок абвінавачання ў якасці сведчання “прызнання віны” Кастусёвым на стадыі папярэдняга следства прад’явіў ягоныя паказанні, у якіх спадар Рыгор не адмаўляўся ад факту размоваў праз зум з Зянковічам ды іншымі.

Нагадаем, што ў першы дзень судовага разгляду паліттэхноляг Аляксандр Фядута часткова прызнаў сваю віну па прад’яўленым яму абвінавачанні (яму таксама прад’яўлены толькі артыкул ч.1 арт. 357 КК). Юрый Зянковіч напачатку працэса адмовіўся выказваць сваё стаўленне да абвінавачання і заявіў, што растлумачыць сваю пазыцыю пазьней падчас судовага разгляду па сутнасці. Нагадаем, што сябра БНФ Юрась Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт.357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варажнечы).

Паведамляецца, што 45-гадовая сябра Партыі БНФ, былая бухгалтарка мінскай фірмы Зянковіча “Амерыканскі юрыдычны цэнтр” Вольга Галубовіч прызнала віну ў судзе ў поўным аб’ёме. Яе судзяць толькі за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Як паведамлялася ў прапагандысцкіх фільмах, яна быццам бы ўдзельнічала ў перадачы грошай для тых афіцэраў арміі, якія нібыта былі гатовыя ўдзельнічаць у мецяжы. Дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, які таксама абвінавачваецца толькі па ч. 1 арт. 342 КК, як і Вольга, прызнаў віну.

Паводле гэтай жа справы абвінавачанымі былі названыя кіраўнік Магілёўскай арганізацыі БНФ Віталь Макаранка, які паспеў пакінуць краіну пасля затрымання кіраўніка партыі, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка і Ігар Макар, якія знаходзяцца за мяжой.

Як піша расейскі рэсурс SPUTNIK, пасля выясвятлення стаўлення абвінавчаных да справы на судзе пачаўся допыт абвінавачаных. Першым дае паказанні Рыгор Кастусёў — на беларускай мове і ў форме свабоднага аповеду. Спадар Кастусёў заявіў, што ўдзельнічаў у сямі зум-канферэнцыях “змоўшчыкаў”, папярэджваў суразмоўцаў, каб яны былі асцярожныя ў выказваннях. Адказваючы на пытанне пракурора, ён заявіў, што “не чуў, каб абмяркоўвалі пытанне аб захопе ўлады” ў Беларусі.

Кастусёў падчас допыту ў судзе паведаміў, што даўно знаёмы толькі з Зянковічам, ведае Фядуту, са Шчыгельскім бачыўся “пару разоў”. З усімі астатнімі ўдзельнікамі канферэнцыі ён не быў знаёмы асабіста. Рыгор Кастусёў заявіў, што інфармацыю пра змову з мэтай звяржэння ўлады час зум-канферэнцыі ўспрыняў як фэйк.

Кастусёў таксама заявіў, што ніколі не заклікаў да фізічнай ліквідацыі Лукашэнкі.

Як сцвярджае дзяржагенцтва “Белта”, Кастусёў маўляў даў прызнанне на імя старшыні КДБ Івана Церцеля — адпаведны пратакол у судзе зачытаў пракурор. Паводле яго словаў, 15 красавіка 2021 года Кастусёў спачатку не даваў паказанні, а потым напісаў аб тым, што Зянковіч прапаноўваў яму прыняць удзел у зум-канферэнцыях, у якіх ён удзельнічаў.

Атрымліваецца, што праз трое сутак пасля затрымання ў СІЗА КДБ Рыгор падпісаў такое прызнанне. Нагадаем, тады лідара партыі БНФ затрымалі ўвечары 12 красавіка ў Шклове, пасля чаго павезлі ў Мінск. Потым стала вядома, што ён утрымліваецца ў СІЗА КДБ.

Палітык заявіў сёння ў судзе што на яго аказваўся ціск з боку следства. Па яго словах, затрымліваліся на час дачка, зяць.“Калі тваю сям’ю рэпрэсуюць, напішаш што заўгодна”, — сказаў ён.

Кастусёў паведаміў, што ведаў, што яго могуць затрымаць, але не збег з Беларусі, хоць у адной з бліжэйшых замежных краін у яго ёсць жыллё. Ён таксама заявіў, што зяць адной з дачок з’ехаў у Польшчу, яшчэ адна дачка з чатырма дзецьмі таксама з’ехала з Беларусі пасля яго затрымання.

Пракурор зачытаў паказанні Кастусёва следчага КДБ аб тым, што, па яго думку, яго ўцягнулі ў удзел у онлайн-канферэнцыях як кіраўніка палітычнай партыі, каб атрымаць фінансаванне змовы. На допыце ў КДБ Кастусёў, адказваючы на пытанне, ці прызнае ён сябе вінаватым, сказаў: “Я толькі прызнаю сваю віну ў тым, што даў магчымасць гэтым людзям уцягнуць сябе ў гэтыя размовы”.

Кастусёў заявіў у судзе, што падчас следства захварэў і нават пісаў прашэнне на імя прэзідэнта Беларусі ў сувязі хваробай.

Як вынікае з зачытаных пракурорам пратаколаў допыту Кастусёва, следчаму ў СІЗА ён заяўляў сваё меркаванне аб тым, што Зянковічу трэба было фінансаванне для стварэння сваёй структуры. Кастусёў таксама заяўляў следчаму, што папярэджваў Зянковіча і іншых удзельнікаў зум-канферэнцый аб тым, што іх могуць слухаць супрацоўнікі спецслужбаў і гэта пагражае сур’ёзнымі наступствамі. Пры гэтым, як вынікае з пратаколаў допытаў, зачытаных пракурорам у судзе, Кастусёў заяўляў на стадыі следства, што “зразумеў, што гаворка ідзе пра вайсковы пераварот”. Як удакладніў дзяржабвінаваўца, зачытваючы пратаколы допытаў, на стадыі папярэдняга расследавання Кастусёў пераконваў следчага, што размовы Зянкевіча аб звяржэнні ўлады і падрыхтоўкі вайсковага перавароту ён “успрымаў як балбатню”.

Зянковіч і Кастусёў размаўляюць у судзе на беларускай мове. Справу разглядае калегія па крымінальных справах Мінскага абласным судзе у выязным паседжанні ў будынку Мінскага раённага суда. Абвінавачаных абараняюць сем адвакатаў.

Як піша Sputnik, пасля абеду на суд прыйшла жонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко. Яна патлумачыла, што на ранішняе пасяджэнне спазнілася, таму што перадавала ў СІЗА КДБ кій для свайго мужа. Як яна раней паведамляла, у яго абвастрылася падагра. Сёння таксама ў суд прыйшлі сваякі Рыгора Кастусёва – дачка, жонка і сястра.

Былая кандыдатка на пасаду прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2020 года Святлана Ціханоўская дала наступны каментар расейскай газэце “Камерсант” з нагоды пачатку гэтага судовага працэсу:

- Очевидно, что это не суд, это расправа.Проигравший честную борьбу, бывший президент мстит тем, кто попробовал его сместить, кто позволил себе подумать, что режим можно скинуть таким вот образом. Этих людей заманили в ловушку, а теперь при помощи показательного суда режим пробует запугать всех остальных, но на самом деле демонстрирует этим свою неустойчивость и хрупкость»,— лічыць спадарыня Ціханоўская. Па яе словах яна разам з паплечнікамі сочыць за судом і ўзнімае гэтае пытанне ў розных міжнародных арганізацыях. «Все обвиняемые по этому делу должны выйти без каких бы то ни было условий, потому что их преследование политически мотивировано»,— падкрэсліла Ціханоўская.

У судзе абвешчаны перапынак да 10:00 2 жніўня. Працягнецца допыт абвінавачаных.

Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.