Партыя БНФ » Чацьверты дзень суда па справе “аб змове”: Зянковіч мае пагадненне са следствам
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Чацьверты дзень суда па справе “аб змове”: Зянковіч мае пагадненне са следствам

Дададзена 04.08.2022 1:53:59 | 424 праглядаў

Мінскі абласны суд 3 жніўня ў выязным пасяджэнні працягнуў разгляд “справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады”. Гэта ўжо чацвёрты дзень судовага разгляду па гэтай справе. На лаве падсудных знаходзяцца паліттэхнолаг  Аляксандар Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, амерыканскі юрыст беларускага паходжання Юры Зянковіч, а таксама супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча, сябра БНФ Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 15 месяцаў.

000024_1659357404_516575_bigСудовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. На судзе ў папярэднія дні зачыталі ўсім абвінавачванні. Аляксандр Фядута прызнаў віну часткова, а Рыгор Кастусёў — не прызнаў, Краўчук і Галубовіч — прызналі віну цалкам (іх абвінавачваюць толькі ў дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак).

На чацвёрты дзень судовага працэсу працягнуўся допыт абвінавачаных, перадае расейская агенцыя Sputnik. Адзначаецца, што юрыст Юры Зянковіч, якому было першым абвешчана абвінавачванне, не выказаўся, ці прызнае віну. Яго яшчэ не дапытвалі ў судзе.

У чацверты дзень суда прайшоў допыт Дзяніса Краўчука, які па гэтай справы праходзіць як удзельнік пратэстаў 2020 года. Як вынікае з матэрыялаў справы, ён, як і яшчэ адна абвінавачаная Вольга Галубовіч, даюць паказанні пра тое, як атрымлівалі ад Зянковіча грошы і хавалі ў розных месцах. У судзе Краўчук распавёў, што пазнаёміўся з Зянковічам жніўні 2020 года на пратэстах у Мядзелі, сам да яго падышоў, таму што раней чытаў, што ў Зянковіча былі прэзідэнцкія амбіцыі.

Як вынікае з пратаколаў допытаў, якія зачытаў пракурор у судзе, Краўчук следчаму заяўляў, што прызнае свой удзел у пратэстах. У судзе было зачытанае чыстасардэчнае прызнанне, якое Краўчук пісаў у КДБ. У ім ён паведамляе, што перадаваў і хаваў у схованках грошы ад Зянковіча, лічачы, што яны пойдуць для дапамогі пратэстоўцам. Краўчук заявіў, што не ўдзельнічаў у змове, хоць і не быў згодны з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

Юрый Зянковіч зноў адмовіўся выказаць сваё стаўленне да прад’яўленых яму абвінавачваннях у арганізацыі змовы. Ён заявіў суду, што выкажа сваё меркаванне пасля таго, як будуць абвешчаныя матэрыялы справы ў судзе і дапытаныя сведкі. У сувязі з гэтым быў зменены раней зацверджаны план судовага следства і пракурор пачаў зачытваць матэрыялы справы.

Як вынікае з матэрыялаў справы, якія зачытвае пракурор, папярэдняе следства па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту некалькі разоў падаўжалася. З яго ў асобную вытворчасць была выдзелена справа ў дачыненні да Вольгі Галубовіч, а таксама грамадзяніна ЗША Дзмітрыя Шчыгельскага. З матэрыялаў справы вынікае, што ў 2021 годзе ў дачыненні да Зянковіча і Шчыгельскага была ўзбуджаная крымінальная справа, затым справа ў дачыненні да Шчыгельскага па арт. 361 (заклікі да санкцыяў) і 130 (распальванне сацыяльнай варожасці) выдзеленая ў асобную вытворчасць, па ёй таксама ў якасці абвінавачаных праходзяць Павел Кулажанка, Ігар Макар, Дзяніс Хофман і іншыя асобы.

У судзе дзяржаўны абвінаваўца абвясціў інфармацыю аб тым, што Юрый Зянковіч напісаў хадайніцтва і заключыў пагадненне са следствам. Умовы пагаднення пакуль застаюцца невядомымі.

З матэрыялаў справы вынікае, што хадайніцтва на імя намесніка генеральнага пракурора Зянковіч пісаў  яшчэ ўвосень 2021 года.

У адпаведнасці з беларускім крымінальным правам, Зянковічу не можа быць прызначанае пакаранне больш, чым палова максімальнага (па частцы першай 357 артыкула Крымінальнага кодэкса максімальнае пакаранне складае 12 гадоў пазбаўлення волі).

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, якія сёння зачытаў пракурор у судзе, на стадыі папярэдняга расследавання Зянковіч прызнаў сваю віну ў поўным аб’ёме: “Будучы дапытаным, выклаў сутнасць учыненых ім супрацьпраўных дзеянняў і выкрыў іншых удзельнікаў злачыннай дзейнасці”, — сказаў пракурор.

Як сёння было абвешчана ў судзе, 6 кастрычніка 2021 года ад абвінавачанага Зянковіча паступіла хадайніцтва аб заключэнні пагаднення са следствам, у якім ён паказаў, што ў мэтах аказання садзейнічання гатовы супрацоўнічаць са следствам усімі даступнымі яму спосабамі, а таксама паведамляць усе вядомыя ім звесткі аб злачынстве. У ходзе судовых пасяджэнняў па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту ён паказанняў яшчэ не даваў і не выказаў свайго стаўлення да абвінавачвання.

Зянковіч — адзіны з пяці абвінавачаных па гэтай справе, хто заключыў здзелку са следствам.

Адвакат Аляксандра Фядуты заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд у якасці сведкі вядомага сацыёлага і філосафа Вольгі Абрамавай. Заяўляючы хадайніцтва, адвакат Фядуты патлумачыла суду, што Вольга Абрамава асабіста знаёмая з яе падабаронным і яе трэба выклікаць у суд для таго, каб яна дала характарыстыку Фядуце. Сам палітвязень падтрымаў хадайніцтва, пракурор і іншыя ўдзельнікі працэсу не пярэчылі. Суд задаволіў хадайніцтва аб выкліку Вольгі Абрамавай на 4 жніўня ў суд для дачы паказанняў у якасці сведкі.

Вольга Абрамава стала актыўна ўдзельнічаць у палітыцы з канца 1980-х гадоў, выступаючы за дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі. У сярэдзіне 2000-х  была дэпутатам у ніжняй палаце парламента.

У чым абвінавачваюць фігурантаў справы?

Усіх абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года і з таго часу яны знаходзяцца пад вартай. Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча затрымалі 12 красавіка ў Маскве. Рыгора Кастусёва і Вольгу Галубовіч затрымалі ў гэты ж дзень, але ў Беларусі. Дзяніса Краўчука затрымалі толькі праз два тыдні — 26 красавіка. Пасля гэтага КДБ і ФСБ заявілі, што нібыта прадухілілі замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама аб “раскрыцці дзяржаўнага перавароту”.

Праз некаторы час па дзяржтэлебачанні паказалі фільм, з якога вынікае, што за абвінавачанымі працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. КДБ таксама паведаміў, што агулам па справе аб “захопе ўлады” праходзяць дзевяць чалавек: Фядута, Зянковіч, Кастусёў, Галубовіч, а таксама Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка, Віталь Макаранка і Ігар Макар.

Вядома, што яны ўдзельнічалі ў зум-сустрэчы і падчас размовы абмяркоўвалі будучыню Беларусі, магчымыя перамены ў краіне, а таксама гучалі і радыкальныя прапановы. Пазней частцы ўдзельнікаў прапанавалі сустрэчу ў рэстаране з беларускімі сілавікамі ў Маскве, дзе іх справакавалі на розныя заявы. Адразу пасля сустрэчы затрымалі Зянковіча і Фядуту.

Раней КДБ паведамляў, што па гэтый крымінальнай справе аб “захопе ўлады” праходзяць дзевяць чалавек, але пад вартай знаходзяцца толькі пяцёра — астатнія за мяжой. Пры гэтым Галубовіч і Краўчука вінавацяць толькі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту (па “народным артыкуле 342″). За кратамі “змоўшчыкаў” утрымліваюць ужо больш за 15 месяцаў, а стан здароўя некаторых вельмі пагоршыўся — у Рыгора Кастусёва выявілі анкалагічнае захворванне.

У выніку, фігурантаў вінавацяць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • Зянковіч абвінавачваецца па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
  • Фядута і Кастусёў — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
  • Галубовіч і Краўчук — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.