Партыя БНФ » У судзе па “справе аб змове”: спрэчкі бакоў, прагучала апошняе слова падсудных
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У судзе па “справе аб змове”: спрэчкі бакоў, прагучала апошняе слова падсудных

Дададзена 01.09.2022 10:34:45 | 367 праглядаў

Фігуранты рэзананснай “справы аб змове”, якая разглядаецца Мінскім абласным судом, выступілі ў судовых спрэчках. 31 жніўня прагучала апошняе слова абвінавачаных. Як чакаецца, прысуд можа быць абвешчаны ўжо 5 верасьня. Пракуратуры запрасіла для Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты і Юрася Зянковіча па 12 гадоў зьняволеньня, для Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука – па тры гады калоніі.

000024_1659101029_516214_bigФядута: Дык ці была змова?

Першым выступіў Аляксандр Фядута, ён чытаў сваё апошняе слова ў судзе з аркуша. Для яго пракурор папрасіў пакаранне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўлення волі.

Прамова была дзёрзкай, поўнай сарказму, іроніі, жартаў і трохі адчайнай. Так кажа чалавек, якому няма чаго губляць. Некалькі разоў людзі смяяліся.

Фядута заявіў, што, на яго думку, “змова” была арганізавана ў выніку аператыўнага эксперыменту. “Дык ці была гэтая змова – не падмацаваны ні грашыма, ні планамі і вайсковымі сувязямі?” — задаў рытарычнае пытанне Фядута. Разам з тым ён прызнаў яе існаванне. «Калі я ў яе верыў, значыць, яна існавала <…> Я паверыў у змову вайскоўцаў, таму што хацеў у яе паверыць», — сказаў Фядута.

Выступ абвінавачанага доўжыўся ў судзе больш за паўгадзіны. Ён таксама заявіў, што ў яго не было ані карыслівых, ані іншых нізкіх мэтаў. “Мой дабрабыт – кватэра, банкаўскія рахункі з нікчэмнымі сумамі, няма ані каштоўнасцяў, ані аўтамабіляў, ані акцый”, – сказаў Фядута.

Пра “змову” і ўлады Фядута казаў амаль мемамі: “змова Віні-Пухаў”, “наша ўлада вядомая сваёй глыбокай ранімасцю і пяшчотай”. Ён не баяўся згадваць Лукашэнку, успамінаць 2020 год і ахвяраў рэпрэсій.

Фядута падкрэсліў важнасць ролі куратараў са спецслужбаў, якія па сутнасці ўцягнулі “змоўшчыкаў” у “пераварот”. Цяпер гэта замоўчваецца.

Ён згадваў высокапастаўленых сілавікоў і “часам не да законаў”. Казаў, што з павагі да сілавікоў і іх пачуццяў прызнаецца ў змове, калі гэта трэба. Выглядала гэта як “я лепш прызнаюся, што быў у змове, чым буду з вамі размаўляць”.

Гэта быў выклік. Пасля прамовы Фядута сядзеў па-іншаму. Не як спустошаны чалавек, а як трагічны герой.

Кастусёў распавёў пра рак, паабяцаў напісаць кнігу аб судовым працэсе і прызнаўся ў любові да Беларусі

000024_1659357404_516575_bigЛідэр Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, для якога абвінавачанне таксама запытала 12 калоніі, выступаючы з апошнім словам у судзе, заявіў, што ён не даваў згоды на ўдзел у “змове”.

Паводле яго слоў, ён удзельнічаў у зум-канферэнцыях, каб знайсці нейкае выйсце з санкцыйнага ціску на краіну. Паводле яго слоў, яго ўдзел быў з адзінай мэтай – прынесці карысць Беларусі.

«Запрашэнне да змовы з боку Зянковіча — балбатня і фэйк», — сказаў ён. Пры гэтым нагадаў суду, што не прызнае віну, а пры назначэнні пакарання папрасіў улічыць, што ў яго сур’ёзнае захворванне.

Рыгор Кастусёў расказаў, што не ўспрымаў усё, у чым яго абвінавачваюць, як пераварот. Ён гаварыў з пазіцыі кіраўніка мірнай партыі БНФ, якая заўсёды была гатовая супрацоўнічаць з дзяржавай, хвалявалася за будучыню Беларусі і перажывала праз наступствы санкцый. Казаў, што хацеў бы абмеркаваць з Макеем пагаршэнне стасункаў з ЗША.

У канцы Рыгор Андрэевіч расказаў пра сваю ракавую пухліну. За час знаходжання ў зняволенні яна зрабілася неаперабельнай. Ён прасіў зрабіць аперацыю за свае сродкі, пакуль гэта было магчыма, але безвынікова.

Акрамя гэтага, ён сказаў, што мае намер напісаць яшчэ адну кнігу – гэта будуць мемуары аб гэтым судовым працэсе.

Завяршыў Кастусёў падзячным вершам для свайго адваката. Верш быў пра белыя і чорныя палосы ў жыцці. Калі ты на зусім чорнай, ты не адзін, з табой твой абаронца — адвакат, гаварылася ў вершы.

Вадзім Саранчукоў 2019Каментуючы судовы працэс, намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, выконваючы абавязкі кіраўніка партыі ў часе зняволення дзейнага старшыні, заявіў:

- Абсалютна відавочна, што ўся гэтая справа надуманая. Ведаючы Рыгора Кастусёва асабіста, абсалютна перакананы, што ўсе яго дзеянні ляжалі ў прававым полі. Ні пра якую змову, ці сілавы захоп улады імкнення ў яго не было. Тое сама тычыцца і партыі, якую ён узначальвае, партыі БНФ, усе нашыя дзеянні ляжаць у прававым полі, не парушаючы дзеючае заканадаўства.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў мае юрыдычную адукацыю і кіраваў Гарадзенскай абласной арганізацыяй Партыі БНФ. Пасля арышту старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва рашэннем Сойму БНФ быў прызначаны часова выконваючым абавязкі старшыні партыі. Пасля рэпрэсій 2021 года быў вымушаны з’ехаць у Літву.

Што сказалі астатнія

zenkovichАпошняе слова ў судзе  сябры БНФ Юрыя Зянковіча доўжылася некалькі хвілінаў – ён працытаваў некалькі фразаў з кнігі Хайнца Хёнэ “Ордэн “Мёртвая галава”. Зянковіч стараўся трымаць твар, але гэта ўдавалася з цяжкасцю. Калі яго запрасілі сказаць апошняе слова, ён гаварыў па-беларуску. Гэта быў кароткі вонкава безэмацыйны выступ, за якім было шмат эмоцый. “Мяркуючы з выступу Зянковіча, ён лічыць, што яго проста падманулі” – паведамляюць прысутныя СМІ. Для яго пракурор таксама прасіў 12 год калоніі.

Вольга Галубовіч падчас апошняга слова плакала:

«Гэтыя 17 месяцаў у СІЗА жудасныя, без дзяцей і маці. І яшчэ паставілі на ўлік як экстрэмістаў», – сказала яна.

Па ейных словах, гэта 17 месяцаў суцэльнага пакарання, нягледзячы на ​​тое, што яна сама напісала прызнальнае паказанне. «Тры гады – гэта проста жорстка», – сказала яна, ацэньваючы тэрмін, які папрасіў для яе пракурор.

Яна расказала, што яе жыццё падзялілася на “да” і “пасля” ў 2020 годзе. Да 2020 года яна была мамай, дачкой, сястрой і жонкай.

— Я ў жыцці не зрабіла ніводнага злачынства. У мяне не было нават штрафаў.

У 40 гадоў Вольга нарадзіла другое дзіця. Гэта значыла для яе так шмат, што яна вырашыла максімальна прысвяціць сябе сям’і. Але здарыўся 2020 год. І яна не змагла заставацца ўбаку. Калі стала зразумела, што вінаватых у збіцці і катаваннях не пакараюць, Вольга прыехала на марш у Мінску. Яна не ведала, ці прыйдуць беларусы. А іх прыйшло вельмі шмат. Нараджэнне дзіцяці і момант, калі беларусы сабраліся разам, былі самымі шчаслівымі ў яе жыцці, расказала яна ў судзе.

Яна казала, што не хавае і не саромеецца ўдзелу ў пратэстах. Яшчэ заявіла суду, што цалкам нармальна, што людзі чытаюць навіны ў тэлеграме, калі дзяржСМІ не даюць праўдзівай інфармацыі.

Прамову жанчыны, якая стрымлівала слёзы, перапыніў гук ціктока ў тэлефоне пракурора. Ён доўга не мог яго выключыць, а Вольга працягвала гаварыць.

Дзяніс Краўчук яшчэ раз заявіў аб сваім раскаянні ў зробленым і папрасіў суд не прызначаць яму пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, а пры вынясенні прысуду ўлічыць яго раскаянне. Абвінавачанне просіць для яго тры гады калоніі.

Адвакаты “змоўшчыкаў” заклікалі суд іх апраўдаць. З прапагандысцкіх фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні, вынікае, што за “змоўшчыкамі” працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі. У сераду адвакаты якраз гаварылі пра сілавіка Івана Жураўскага. Яго называюць правакатарам, які падштурхнуў фігурантаў справы да актыўных дзеянняў.

Суд абвесціць прысуд 5 верасня ў 12.00.

Справа аб «змове»

Працэс па справе аб «змове з мэтай захопу ўлады» ў Менскім абласным судзе пачаўся 29 ліпеня.

Першапачаткова паведамлялася, што ён будзе праходзіць у закрытым рэжыме, аднак на першым жа паседжанні суддзя задаволіла хадайніцтва абвінавачаных аб адкрытым разглядзе справы.

Абвінавачанымі па справе праходзяць пяць чалавек: лідэр Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, літаратуразнаўца і паліттэхнолаг Аляксандр Фядута, юрыст з ЗША і сябра БНФ  Юры Зянковіч, былая супрацоўніца яго менскай фірмы і сябра БНФ Вольга Галубовіч і актывіст, дальнабойшчык Дзяніс Краўчук.

Зянковіч, Фядута і Кастусёў абвінавачваюцца ў «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357 КК), а Галубовіч і Краўчук — толькі ў «грубым парушэнні грамадскага парадку» (ч. 1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Зянковічу інкрымінаваныя “стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем” (ч. 1 арт. 361-1 КК), “заклікі да захопу дзяржаўнай улады” (ч. 3 арт. 361 КК), “распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці, здзейсненае групай асоб» (ч. 3 арт. 130 КК).

Зянковіч цалкам прызнаў віну і, як высветлілася, заключыў пагадненне са следствам, абавязаўшыся дапамагчы “выкрыць” астатніх “змоўшчыкаў”. Аляксандр Фядута віну прызнаў часткова, Рыгор Кастусёў – не прызнаў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук прызналі цалкам. Усе фігуранты справы, акрамя Зянковіча, прызнаныя палітвязнямі.

Нагадаем, Фядуту і Зянковіча затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Маскве, а Кастусёва – у Беларусі па абвінавачанні ў спробе дзяржперавароту. У гэты ж дзень была затрыманая Галубовіч, Краўчук – пазней, 26 красавіка.

Праз некалькі дзён пасля арышту асноўных падазраваных, 17 красавіка, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб затрыманні групы асоб, якія нібыта планавалі замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. Па гэтай жа справе абвінавачанымі былі названы Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка і Ігар Макар, якія знаходзяцца за мяжой.

Рэпартажы з суда:

Першы дзень

Другі дзень

Трэці дзень

Чацьверты дзень

Пяты дзень

Шосты дзень

Сёмы дзень

Восьмы і дзевяты дзень

Дзесяты дзень

Адзінаццаты дзень

Падтрымайце фігурантаў справы грашовымі пераводамі, бандэролькамі і пасылкамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Вольга Пятроўна Галубовіч

Дзяніс Пятровіч Краўчук

Юры Леанідавіч Зянковіч

Рыгор Андрэевіч Кастусёў

Аляксандр Іосіфавіч Фядута

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.