Партыя БНФ » Алесь Бяляцкі, трэці ў гісторыі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за кратамі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Алесь Бяляцкі, трэці ў гісторыі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за кратамі

Дададзена 08.10.2022 11:04:37 | 385 праглядаў

Барацьбіты за свабоду і правы чалавека нярэдка станавіліся ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру.

Але такіх выпадкаў, каб прэмію ім прысуджалі ў той час, калі яны за кратамі, да 7 кастрычніка 2022 году было толькі два: Карл фон Асецкі (Нямеччына, 1935) і Лю Сяобо (Кітай, 2010). Трэцім 7 кастрычніка 2022 году стаў беларускі праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі.

Яшчэ тры ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру ў момант агучваньня рашэньня былі пад хатнім арыштам або ў ссылцы: навуковец і праваабаронца Андрэй Сахараў (СССР, 1975), прафсаюзны лідэр Лех Валэнса (Польшча, 1983), змагарка за правы чалавека Аўнг Сан Су Чы (Бірма, 1991).

За ўсю гісторыю існавання прэмі пераследу з боку дзяржаўных рэпрэсіўных органаў падвергліся 40 нобелеўскіх лаўрэатаў у розных намінацыях з 21 краіны. Сярод іх шасцёра сталі аб’ектамі палітычных пераследаў ужо ў званні лаўрэата. Яшчэ шэсць чалавек станавіліся палітычнымі зняволенымі неаднаразова — як да, так і пасля атрымання прэміі. У дачыненні да лаўрэатаў прэміі ажыццяўляліся наступныя рэпрэсіўныя меры: турэмнае зняволенне, высылка ў канцэнтрацыйныя і працоўныя лагеры, хатні арышт, інтэрнаванне. Рэпрэсіі не абышлі ніводную з намінацый прэміі. Часцей за іншых падвяргаліся пераследу лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру. На другім месцы — лаўрэаты па літаратуры.

Выпадак зняволення Алеся Бяляцкага сярод Нобелеўскіх лаўрэатаў ўнікальным тым, што прэмія дадзеная зняволенаму, які ўтрымліваецца за кратамі без суда: вось ужо пятнаццаць месяцаў, ад 14 ліпеня 2021 году, правабаронца ўтрымліваецца пад вартай у межах следства па крымінальнай справе “Вясны”. Дата суда застаецца невядома: нядаўна вясноўцам знялі абвінавачваньне па ўхіленні ад падаткаабкладання, але прад’явілі больш цяжкае абвінавачванне аб кантрабандзе, за што ім пагражае да 12 гадоў турмы.

Карл фон Асецкі, барацьбіт зь нямецкім фашызмам і мілітарызмам

170px-Bundesarchiv_Bild_183-93516-0010,_Carl_von_OssietzkyУ нацыстоўскім канцлягеры сустрэў навіну пра сваю Нобэлеўскую прэмію міру 1935 году Карл фон Асецкі, нямецкі журналіст, выдавец, пацыфіст і антыфашыст. Нобэлеўскі камітэт яго ўзнагародзіў з фармулёўкай «За барацьбу зь мілітарызмам у Нямеччыне».

Ён з пачатку 1920-х гадоў вёў кампанію супраць пераўзбраеньня Нямеччыны, падрыхтоўкі да вайны, публікаваў артыкулы, у якіх выкрываліся парушэньні Вэрсальскай дамовы, што прадугледжвала дэмілітарызаваны статус Нямеччыны па выніках Першай сусьветнай вайны.

Пасьля першага свайго выраку ў 1931 годзе ён нейкі час быў на волі, меў пры сабе пашпарт і да разгляду апэляцыі мог зьехаць з краіны. Але застаўся, нягледзячы на просьбы сяброў. «Эфэктыўна змагацца з гнільлю можна толькі знутры, — сказаў ён.— Таму я ня зьеду».

Неўзабаве пасьля таго, як ён выйшаў па амністыі, да ўлады ў Нямеччыне прыйшлі нацысты. Адразу пасьля падпалу Рэйхстагу Асецкага зноў арыштавалі. Нобэлеўская прэмія міру стала адным з важных момантаў у барацьбе сьвету за яго вызваленьне. Угневаны нацысцкі ўрад заявіў, што ніводзін навуковец пасьля гэтага ня прыме аніякую Нобэлеўскую прэмію. Нямецкай прэсе забаранілі камэнтаваць гэтае ўзнагароджаньне.

Асецкі памёр ад сухотаў у 1938 годзе. Ад прэміі ён не адмовіўся, як таго патрабавалі нацысты. Прызнаньне ад нямецкага народу да яго прыйшло пасьля сьмерці, калі яго імем былі названыя ВНУ, вуліцы, калі яму паставілі помнікі.

 

Лю Сяобо, кітайскі змагар за правы чалавека

imagesУ 2010 годзе, знаходзячыся ў турме, Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў кітайскі праваабаронца і літаратар Лю Сяобо — за працяглую негвалтоўную барацьбу за асноўныя правы чалавека ў Кітаі. З 2003 году ён узначальваў кітайскі ПЭН-цэнтар. У 2008 годзе падпісаў Хартыю-08 з патрабаваньнем дэмакратычных рэформаў. 8 сьнежня 2008 году, за два дні да публікацыі Хартыі, Лю Сяобо арыштавалі. Яго пакаралі 11 гадамі зьняволеньня нібыта за падбухторваньне да падрыву дзяржаўнага ладу.

Улады Кітая абурыліся, заявілі, што такое ўзнагароджаньне супярэчыць нобэлеўскім прынцыпам, паколькі Лю Сяобо знаходзіцца ў турме за парушэньне кітайскіх законаў, а Нобэлеўская прэмія створаная ў інтарэсах умацаваньня міру і дружбы паміж народамі. Кітайскія сродкі масавай інфармацыі нічога не паведамілі аб прысуджэньні Нобэлеўскай прэміі Лю Сяобо.

FA64EF45-DCFC-4DC5-B75E-29616B988E31_w650_r0_s

Пустое крэсла, на якім падчас цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру меў сядзець зьняволены Лю Сяобо. Осла 10 сьнежня 2010

Пра Нобэлеўскую прэмію Лю Сяобо даведаўся ад сваёй жонкі, якую пусьцілі на спатканьне ў турму, ад навіны ён заплакаў і сказаў, што хацеў бы прысьвяціць гэтую прэмію ахвярам плошчы Т’яньаньмэнь.

У 2017 годзе ў турме ў Лю Сяобо выявілі рак пячонкі, ад якога ён памёр. Кітай праігнараваў міжнародныя заклікі дазволіць Лю Сяобо правесьці апошнія дні за мяжой.

 

Алесь Бяляцкі, беларускі праваабаронца і палітвязень

Алесь Бяляцкі7 кастрычніка 2022 году, калі ў Осла агучылі імёны новых ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру і калі першым прагучала ягонае імя, Алесь Бяляцкі ўжо 1 год і тры месяцы знаходзіўся ў галоўнай менскай турме — СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Сьледзтва нібыта вядзецца, але ніякіх дэталяў ні сябрам, ні калегам не перадаюць, адвакатам пад падпіскай забаронена нешта расказваць, лісты даходзяць толькі да сваякоў і моцна цэнзуруюцца.

Рэжым у Беларусі скочваецца да найгоршых дыктатарскіх практык, у тым ліку і ў адносінах да палітвязьняў. Але я ўсё ж веру, што лёс Алеся Бяляцкага будзе лепшым, чым у нямецкага і кітайскага ляўрэатаў.

Веру, таму што ведаю, які ён моцны чалавек, што яго трымае разуменьне правільнасьці сваёй праваабарончай справы, свайго служэньня Беларусі. Асэнсаванасьць справы жыцьця дапамагае яму арганізаваць і турэмны побыт, выжываньне ў няволі. Зь першага тэрміну Алеся добра вядома, што турэмны час ён выкарыстоўвае для літаратурнай творчасьці і асэнсаваньня праблем праваабарончага руху, у якім ён стаў ня толькі арганізатарам і практыкам, але і тэарэтыкам на міжнародным узроўні.

Так, зь першага зьняволеньня Бяляцкага рэжым у Беларусі стаў больш жорсткім, амаль таталітарным. Можа, яшчэ ня так, як у Нямеччыне часоў Асецкага і ў Кітаі часоў Лю Сяобо. Хоць і ў Беларусі афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі маўчаць пра другую ў гісторыі Нобэлеўскую прэмію, прысуджаную грамадзяніну краіны.

Хіба што за выключэньнем абразаў у Тэлеграме з боку прапагандыста Рыгора Азаронка і абурэньня прэсавага сакратара МЗС Анатоля Глаза. Гэтая рыторыка, сапраўды, нагадвае заявы нямецкіх нацыстаў і кітайскіх камуністаў пра прэміі сваім зьняволеным дысыдэнтам.

Алесь Бяляцкі ў 2011 годзе адрэагаваў на пагрозу першага крымінальнага перасьледу і турэмнага зьняволеньня прыблізна як Асецкі ў 1930-х гадах. Ён тады сьвядома не пакінуў Беларусь, што яму раілі сябры, ён катэгарычна адмовіўся, бо бачыў сябе толькі на радзіме ў рэалізацыі сваёй справы жыцьця — адстойваньня правоў чалавека, дапамогі палітвязьням. І сам стаў палітвязьнем.

Калі ў 2021 годзе хмары над праваабаронцамі зноў пачалі згушчацца, калі ўжо арыштавалі Марфу Рабкову, Алесь Бяляцкі таксама разумеў пагрозу новага арышту, але зноў застаўся ў Беларусі разам са сваімі паплечнікамі. І зноў апынуўся яшчэ з 6 лідэрамі «Вясны» за кратамі.

Але ўнікальнасьць ягонай справы жыцьця ў тым, што і гэта не разбурыла праваабарончы рух, які годна сустрэў рэпрэсіўную машыну Лукашэнкі ў 2020-м і працягвае эфэктыўную працу без сваіх лідэраў ва ўмовах фактычнага тэрору. Гэта паказвае моц грамадзтва Беларусі і дае спадзеў, што справа Алеся Бяляцкага і прэмія яму дапамогуць урэшце прывесьці Беларусь да лепшай будучыні.

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.