Партыя БНФ » Затрыманы намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Затрыманы намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч

Дададзена 27.10.2022 4:08:27 | 282 праглядаў

Увечары 26 кастрычніка на Гарадзеншчыне, у Ваўкавыску быў затрыманы намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч.

МЕляшкевіч (2)Пра гэта ў фэйсбуку напісала ягоная жонка Ганна. Яна таксама паведаміла, што “абвінавачваньне не прад’яўленае, але паколькі забралі таксама бухгалтара і фіндырэктара – то можна меркаваць, чаго можна чакаць.”

Спадара Меляшкевіча раней  затрымлівалі ў жніўні 2020 году напярэдадні выбараў – на волю ён выйшаў ужо пасьля асноўнага дня галасаваньня. Праз год, у жніўні 2021 году, яго таксама затрымалі падчас працоўнага падарожжа па Гарадзеншчыне, але тады яго выпусьцілі на наступны дзень.

Юрась Меляшкевіч з’яўляецца намесьнікам старшыні грамадскага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Спадар  Меляшкевіч апошнім часам займаўся захаваньнем і папулярызацыяй беларускай гістарычнай спадчыны. Ён удзельнічаў у арганізацыі летніка па аднаўленьні старых могілак у вёсцы Ізабелін, ладзіў летнік па прыборцы руін пахаваньня Бохвіцаў у маёнтку ў Падароску.

Летась Юрась Меляшкевіч прадстаўляў інтарэсы БНФ “Адраджэньне” у Вярхоўным Судзе падчас судовага разгляду пазова Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня. У час зьняволеньня старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, асуджанага на 10 гадоў пазбаўленьня волі, спадар Меляшкевіч застаецца адным з трох намесьнікаў кіраўніка партыі, хто не пакінуў тэрыторыю Беларусі.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч

Нарадзіўся ў 1982 у Слаўгарадзе (Магілёўская вобласць) у сям’і выкладчыкаў. Сын Віктара Рыгоравіча Меляшкевіча – аднаго з вэтэранаў Беларускага Народнага Фронту ад часоў заснаваньня руху. У 1993 годзе, у час перасяленьня пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, сям’я пераехала ў Менск у мікрараён «Малінаўка-4″.

Вучыўся ў СШ №206 у Малінаўцы, пасьля ў СШ №113 з хіміка-экалягічным ухілам. У 2007 скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўніверсітэт на кафедры «Біятэхналёгіі і біяэкалёгіі» па спэцыяльнасьці «Біяэкалёгія». Акрамя беларускай і рускай, размаўляе на англійскай і польскай мовах.

Займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ад 1999 года. З 2004 Сябра Партыі БНФ, быў сакратаром партыйнай камісіі ў пытаньнях экалёгіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС і камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Балятаваўся ад Партыі БНФ на парлямэнцкіх выбарах па Малінаўцы ў Менску, а таксама на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.

Сябра Рэспубліканскага праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За Свабоду» (быў намесьнікам старшыні арганізацыі), выконвае абавязкі намесьніка старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сябра Вялікай Рады Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Згуртаваньне беларусаў свету «Бацькаўшчына»

З 2011 года працуе ва ўласным бізнэсе.
Ад 2011 да 2013 года быў дырэктар кампаніі «Мелвінд».
Ад 2013 да 2020 года быў дырэктарам турыстычнай кампаніі «Куфэрак падарожжаў».
Ад 2019 года сузаснавальнік і дырэктар кампаніі «ВерусІНН Вінакурня», а таксама кіраўнік у іншых камэрцыйных праектах.

Абраны на пасаду намесьніка старшыні Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” у лістападзе 2020 году.

Жанаты. Жонка Ганна – педагог-псыхолаг. Разам выхоўваюць сына Станіслава і дачку Яніну.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.