Партыя БНФ » Лецішча славутай Ніны Багінскай выставілі на аўкцыён – дзеля аплаты запазычанасці па штрафах
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лецішча славутай Ніны Багінскай выставілі на аўкцыён – дзеля аплаты запазычанасці па штрафах

Дададзена 24.10.2022 12:04:18 | 249 праглядаў

Дачны ўчастак 75-гадовай актывісткі БНФ Ніны Багінскай выстаўлены на аўкцыён аддзелам прымусовага выканання суда Першамайскага раёна Мінска.

Ніна БагінскаяЛот з’явіўся на сайце пляцоўкі па продажы маёмасці “БелЮрЗабеспячэнне”. Гаворка вядзецца пра участак плошчай 4,5 соткі ў садовым таварыстве “Фізтэх” у Пухавіцкім раёне.

Капітальных будынкаў на тэрыторыі сядзібы няма – як значыцца ў паперах, там толькі трухлявая гаспадарчая пабудова.

Аўкцыён адбудзецца 10 лістапада. Пачатковы кошт участку вызначаны ў памеры 693 рублёў. Участак знаходзіцца пад арыштам судовага выканаўцы з 2016 года і прадаецца за даўгі. У графе “Даўжнік” пазначана імя сябры Сойму Партыі БНФ Ніны Багінскай. Участак належыць ёй па праве ўласнасці як мінімум з 2004 года (тады ён быў зарэгістраваны).

Вядома, што ў легендарнай актывісткі назапасілася вялікая сума неаплачаных штрафаў за “несанкцыянаваныя мерапрыемствы”. Шмат гадоў актывістка БНФ Ніна Багінская выходзіла з бел-чырвона-белым сцягам у цэнтр Менска ў дні нацыянальных святаў, памятныя даты ці ў знак пратэсту, нават калі была зусім адна. У красавіку гэтага года 75-гадовай актывістцы прызначылі яшчэ 1600 рублёў штрафу за тое, што яна выйшла з нацыянальным сцягам у цэнтр Менска на Дзень Волі.

У 2020-м Ніна Багінская сталася адным з сімвалаў пратэстаў. Толькі за апошнія пару гадоў Багінскую аштрафавалі ў эквіваленце на некалькі тысяч даляраў, але сябра Партыі БНФ прынцыпова адмаўлялася выплачваць штрафы. Праз гэта ў яе арыштавалі маёмасць, прымусова здымалі частку пенсіі, яе пазбавілі сувязі і абмежавалі ў правах.

Яшчэ ў 2016 годзе СМІ пісалі, што два невялікія дачныя ўчасткі Багінскай знаходзяцца пад арыштам. Жанчына спрабавала гэта аспрэчыць, але судзіцца не бачыла сэнсу, проста працягвала карыстацца зямлёй, часта ездзіла на лецішча.

«Я ім сказала, што, калі яны ў мяне і зямлю адбяруць, я ў любым выпадку буду туды прыязджаць, пакуль не памру», – казала тады Багінская.

baginskaya_aukcion

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.