Партыя БНФ » Алесь Бяляцкі – пра Дзяды-1988
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Алесь Бяляцкі – пра Дзяды-1988

Дададзена 30.10.2022 11:07:45 | 239 праглядаў

30 кастрычніка, 1988 год. Першы за шмат гадоў у Менску масавы мітынг грамадзкасьці, арганізаваны насуперак бальшавіцка-камуністычнаму рэжыму – шэсьце на Дзяды.

dziady_1988_1Арганізатары – Таварыства маладых літаратараў пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі «Тутэйшыя» на чале з А. Бяляцкім (Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года), «Мартыралог Беларусі» і аргкамітэт БНФ.

Асноўным акцэнтам Дзядоў было ўшанаванне памяці і адкрыццё праўды пра рэпрэсіі.

Мінгарвыканкам не даў дазволу на мітынг. Улады кінулі вялікія сілы з мэтай недапушчэння правядзення мітынгу.

Былі задзейнічаны 600 міліцыянтаў, курсанты навучальных устаноў МУС СССР, 30 міліцэйскіх, 2 пажарных машыны.

Улады спынілі рух двух апошніх станцый метро. Пасля 14:00 каля Маскоўскіх могілках міліцыя пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Віктара Піскарова напала на дэманстрантаў, выкарыстоўвала газ «чаромха», гумавыя дубінкі.

Былі затрыманы 72 актывісты.

Старшыня “Вясны” і сёлетні нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі падчас свайго зняволення ў 2011-2014 гадах напісаў успаміны пра першы масавы мітынг у Беларусі — “Дзяды”, які адбыўся 30 кастрычніка 1988 года. Гэтыя ўспаміны пазней увайшлі у ягоную кнігу “Халоднае крыло Радзімы”. Прыводзім адзін з тэкстаў, прысвечаны “Дзядам”.

dziady_1988Двойчы ў жыцьці мяне ахоплівала такое адчуваньне, калі да пэўнага моманту цябе трымаюць у абдымках розныя турботы, калі ты разумееш, што ёсьць яшчэ час адступіць, але ўсё роўна ідзеш наперад у спадзяваньні, што ўсе клопаты неяк расьсеюцца самі па сабе. А потым надыходзіць такі момант, калі гэтыя клопаты нечакана разрастаюцца і паўстаюць перад табой сьцяною, мурам. І ты адкідваеш усе сумненьні, табе робіцца абыякава, абыдзецца яно ці не. Тваё «я» становіцца паслухмянай прыладаю невядомай волі, якая спала ў табе і прачнулася, якая сталёвай рукою кіруе тваімі ўчынкамі і дзеяньнямі.

Першы раз я адчуў гэты стан за некалькі дзён перад «Дзядамі» ў 1988 годзе, а другі раз — перад маім арыштам у жніўні 2011 года.

Дык вось тады я баяўся толькі аднаго — «заваліць» правядзеньне «Дзядоў». Прыйдуць людзі ці не? Пераадолеюць страх, які ўзгадоўваўся ў пакаленьнях, ці асьцерагуцца? Вось у чым было галоўнае пытаньне і загадка, інтрыга тых «Дзядоў».

Ёсьць некалькі дзён у маім жыцьці, якія, здаецца, адбіліся ў памяці навечна. І гэты хрумст ранішняга восеньскага лядка пад нагамі, і рудое падмерзлае кляновае лісьце на клумбах, і трывожнае чаканьне невядомасьці, і ціхая радасьць ад плыні людскіх ручаінаў, якія зьліваліся ў шматтысячную грамаду, і яркія плямы букетаў у руках людзей. Гэтага не забуду ніколі.

Побач, на Маскоўскіх могілках ляжаў у «пісьменьніцкім сектары» геніяльны Уладзімір Караткевіч, які верыў у беларусаў і ўсё жыцьцё засяваў беларускі палетак думкамі і марамі пра волю і годнасьць, але не дажыў некалькі гадоў да таго, каб убачыць народ, які сабраўся на «Дзяды», той народ, да якога ён зьвяртаўся: «Ёсьць у вас, як і ў іншых, сьвятыні! Не давайце сьвятыні псам!» Памятаю яшчэ адное пачуцьцё — страшэнную трывогу, бо адразу пачаліся арышты арганізатараў і вядомых людзей. А потым затрымалі мяне, і было адчуваньне безнадзейнасьці і катастрофы, якое ахапіла тады.

Адбылося тое, чаго я так баяўся, толькі ўсё неяк наадварот. Людзей прыйшло шмат. Столькі, колькі ніхто не чакаў. Але я быў ізаляваны ад тых людзей. Вось дык арганізатар! А я ж павінен быў там быць!

Чалавек схільны перабольшваць свае беды і і памыляцца ў ацэнках падзеяў, калі ён не валодае дастатковай інфармацыяй. Вось так у той момант у сваіх пачуцьцях і ацэнках памыляўся і я. Ды што там я. Сур’ёзна памылілася і тагачаснае кіраўніцтва БССР, якое абрала варыянт брутальнага разгону «Дзядоў», якое не ўбачыла, што за «Тутэйшымі» і «Талакой» стаіць народ.

Разгон мірнага шэсьця, арышты, сьлезацечны газ, дубінкі — усё гэта было для грамадства як удар маланкі. Нечаканая дэманстрацыя гвалту выклікала ў людзей зусім не паніку і страх, а незвычайную актыўнасьць і супраціў, што ўзьняліся як цунамі, якое немагчыма было спыніць.

Няспынная і ўзрастаючая актыўнасьць грамадства ўрэшце прывяла нас і нашую Беларусь да незалежнасьці. Хоць і не такой, пра якую мы марылі тады, пры якой я цяпер знаходжуся на зоне. Вось жа, злы жарт, у які ніколі б не паверыў тады. Сяджу ў турме ў незалежнай Беларусі. Ды жыцьцё немагчыма прадбачыць і прадугадаць. Яно заўсёды больш нечаканае і наравістае за твае ўяўленьні. Як казаў адзін з герояў рамана Фёдара Дастаеўскага «Прыніжаныя і зьняважаныя» Маслабоеў: «Усё можа з чалавекам здарыцца, нават тое, што і не сьнілася яму ніколі». Гэты раман я знайшоў на паліцы сярод дэтэктываў і фантастыкі ў агульным пакоі ў атрадзе і зараз перачытваю.

Я дасюль не магу дакладна і пэўна адказаць, чаму ў 1988 годзе людзі прыйшлі на «Дзяды». Мабыць, супалі нейкія нябачныя энергетычныя хвалі арганізатараў і тых, хто адгукнуўся на заклік і прыйшоў, каб выказаць сваю нязгоду і сваю веру, што назапасілася ў кожным. Немагчыма было ўжо трымаць у сабе тое пякучае жаданьне «людзьмі звацца», і яно вырвалася вонкі. Далёка не заўсёды ў арганізатараў і актывістаў усё атрымліваецца так суладна. Масавыя акцыі значна часьцей бываюць правальнымі, чым удалымі.

Мяне цешыць, што арганізацыяй тых «Дзядоў» займаліся маладыя беларускія пісьменьнікі. Хто больш актыўна, хто менш, але «Тутэйшыя» падтрымалі правядзеньне «Дзядоў». І гэта ўжо заўсёды будзе нашым набыткам. Як рух філаматаў зьвязаны з імёнамі Адама Міцкевіча і Тамаша Зана, як паўстаньне 1831 года — зь імем Адама Рыпінскага, як паўстаньне 1863 года — з Кастусём Каліноўскім і Францішкам Багушэвічам, як падзеі 1905 года — зь Якубам Коласам і Алесем Гаруном, як «Наша Ніва» — з Аляксандрам Уласавым, Іванам і Антонам Луцкевічамі, як дзейнасьць БНР — з Вацлавам Ластоўскім і Янкам Купалам, вось так і пачатак беларускай вясны ў другой палове 80-х гадоў цяпер назаўсёды будзе зьвязаны з «Тутэйшымі». І не так істотна, што хтосьці з нас не вытрымаў далейшага жыцьцёвага марафону даўжынёй у 25 гадоў, адышоў, ці, як тут у нас на зоне кажуць, «апусьціў грыву», паддаўся ціску ці розным жыцьцёвым абставінам. Важна тое, што ў той вырашальны і адказны момант мы былі аднадушныя і ўсе заадно. Важна тое, што мы не збаяліся, бо я ведаю: ад баязьлівасьці да подласьці — адзін крок.

Для мяне таксама важна, што на тых «Дзядах» быў Уладзімір Някляеў, які праз 22 гады ішоў ды не дайшоў на сваю Галгофу.

Беларускія пісьменьнікі ад самага пачатку кшталтаваньня беларускай нацыі былі разам з народам, у першых яго шэрагах. Мяркую, што так яно будзе і далей. Бо выбар мовы творчасьці амаль заўсёды быў у нас адначасова і выбарам грамадзянскай пазіцыі творцы.

Пасьля «Дзядоў» 1988 года маё жыцьцё складаецца такім чынам, што ўвесь час даводзіцца глядзець наперад. Я імкнуся штосьці запомніць з таго шэрагу падзеяў, якія праходзяць каля мяне, у якіх я сам удзельнічаю, якія застаюцца па-за мной, занатаваць уражаньні, запісаць дэталі, але не пасьпяваю. Бесьперапынна накочваецца, надыходзіць штосьці новае, якое забірае ўсю энергію і ўвагу.

dziady_1988_2Гэта нагадвае мне пасьпешлівае пакіданьне жытла, калі зусім няма часу падумаць, што варта ўзяць з сабой, і ты хапаеш першае, што трапляе пад руку, ды яшчэ нейкая незразумелая дробязь аказваецца ў тваёй торбе і кішэнях. І ўсё. А пра сапраўды важнае і каштоўнае, што засталося там, назаўсёды, можна толькі шкадаваць. Праходзіць нейкі час, і ўцёкі з чарговага перыяду твайго жыцьця паўтараюцца зноў.

Часам у думках я міжволі вяртаюся туды, у кастрычнік 1988 года. Можа, гэта і быў для мяне самы значны і высокі пік, на які мусіў ускараскацца, чаго б гэта ні каштавала.

Апошнія 20 гадоў грамадскага жыцьця, калі яго разабраць на асобныя падзеі і канкрэтныя эпізоды, уяўляе сабой бясконцы ланцуг паразаў. Іх і не пералічыць. І мае ўласныя адносіны зь дзяржаваю складваліся ўсё горш і горш. «Хто не з намі, той супраць нас». Адкуль гэты лозунг? З рымскіх часоў? Ад акупацыі Беларусі Расіяй у канцы XVIII стагодзьдзя? З грамадзянскай вайны 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя? Ці з часоў сталінскага тэрору ў 30-х гадах? А можа, ён сфармуляваны ўсімі гадамі існаваньня савецкай улады? Вымушаны сыход з пасады дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, дзе я прапрацаваў дзевяць гадоў, шматлікія затрыманьні, суткі арышту, якіх набралася больш за месяц. Дробныя непрыемнасьці і правакацыі ўсе гэтыя гады, фізічнае адчуваньне хвалі нянавісьці і боязі з другога боку, і вось, урэшце, турма. «Хто не з намі, той супраць нас!» — навязьліва гучыць у маёй галаве апошнія 20 гадоў.

Але не загнаць мяне ў роспач. Болей я не падмануся. Я запомніў на ўсё жыцьцё, яшчэ з тых памятных «Дзядоў», што асабістая параза можа ўрэшце стацца агульнай перамогай.

dziady_1988_8Пішу гэтыя радкі і чую, як па радыё FM «Магілёў-1», якое прымаюць радыёкропкі на нашай зоне, дыктар распавядае пра Купальле, што адбылося ў Александрыі. Сабралася 60 тысячаў чалавек. Зьелі пяць тон шашлыку, выпілі дзесяць тысячаў літраў піва і столькі ж квасу. Прыязджала і сьпявала Вера Брэжнева. З гонарам было сказана. З падтэкстам — а колькі ж яшчэ было выпіта і зьедзена таго, што людзі з сабой прывезьлі! І я зь цяжкасьцю ўяўляю сабе Купальле з такою грамадою людзей. І мы ж таксама некалі ў 80-х гадах, ды і пазьней, сьвяткавалі Купальле, сьпявалі песьні, вадзілі карагоды, хадзілі па цемрыве шукаць папараць-кветку, выбіралі Купалінку, скакалі праз агонь, дзяўчыны пускалі сплеценыя з кветак вяночкі на ваду. Гэта было дзейства на ўсю ноч… Як добра, што хоць «Дзяды» пакінутыя ўладамі ў спакоі.

Ці можна казаць, што спраўдзілася пакаленьне «Тутэйшых», «Талакі»? Тых, каму цяпер у межах пяцідзесяці гадоў? У асабістым і прафесійным жыцьці, пэўна, што так. У кожнага з нас ёсьць свае назапашаныя салодкія коржыкі: кніжкі, дыскі, навуковыя ступені ды іншыя дасягненьні. Пакаленьне «Тутэйшых» — аб’ёмная зьява ў беларускай літаратуры, якую неўзаважна не пераскочыш. Як піша доктар навук Сяргей Кавалёў, «прадстаўнікі гэтага пакаленьня вызначаюць сёньня твар беларускай літаратуры».

Салодкія коржыкі, уласныя перамогі і бар’еры, якія ўдалося адолець. Але ці дасягнулі мы самага галоўнага? Хто пераможа ў гэтай бойцы, тупая сіла ці адухоўлены інтэлект? Мы змагаемся зь ценямі і духамі мінулага, якія ў вечаровым паўзмроку вылазяць зь цёмных куткоў і запаўняюць усю прастору.

Зусім нядаўна перачытваў «Майстра і Маргарыту» М. Булгакава, гартаючы паміж працоўнымі зьменамі пажоўклыя старонкі патрапанай кнігі, ізноў жа ўзятай у агульным пакоі казармы, — гэтага адначасова і сьветла-сумнага, і змрочнага рамана пра чалавека да такой ступені загнанага ўладамі і жыцьцёвымі абставінамі ў кут, што нават саюз з д’яблам не палохае яго і ўяўляецца яму натуральным выйсьцем і крыніцаю марна шуканага ў сьвеце супакою. Чытаючы, прыпыніўся і выпісаў сабе наступнае: «Ці не зробіш ты ласку падумаць над пытаньнем: што б зрабіла твая дабрыня, каб не існавала зла, і як бы выглядала зямля, калі б зь яе зьніклі цені? Бо цені ўтвараюцца ад прадметаў і людзей».

Рызыкоўная справа займацца гістарычнай рэканструкцыяй. Але захапляльная. Яна зацягвае, як вір. А што было б, калі б у канцы XVIII стагодзьдзя Рэч Паспалітая здолела ўтрымацца? Беларусь як нацыя сфармавалася б не на пачатку XX стагодзьдзя, а на паўстагодзьдзя раней. Нашыя продкі не здолелі супрацьпаставіць сілу сіле, і ўсе спробы паўстаньняў у XIX стагодзьдзі скончыліся паразаю. У гэтым была і асноўная прычына няўдачаў БНР.

Але беларуская справа не загінула. Яна, як той неспакойны ручай, абыходзіла завалы і плаціны, торыла сабе новае зьвілістае рэчышча і прабівалася далей, наперад. За два з паловай стагодзьдзі цяжкога выжываньня ні прымус, ні гвалт не маглі яе стрымаць. І ўсё ж у Беларусі ніколі не набіралася моцы, каб беззваротна вырашыць справу на сваю карысьць. Спрадвечная праблема ўсіх малых народаў Еўропы. Выжываньне на мяжы існаваньня. І 240 гадоў ніколі не спыняліся гэтыя спробы знайсьці свой шлях і ўтрымацца на ім.

Калі не стае сілаў, дык мусіш шукаць іншыя, асіметрычныя адказы. Хто з сур’ёзных і практычных людзей 25 гадоў таму браў у разьлік нейкі дзясятак нефармальных суполак, раскіданых па ўсёй Беларусі? Кім былі гэтыя «Тутэйшыя», «Талака», «Паходня», «Узгор’е», «Сьвітанак», у чым была іх сіла, калі на кожнага з актывістаў прыходзілася па некалькі хлопцаў у цывільным і цэлыя хмары камсамольцаў? Хто лічыўся з той жменькаю непрафесійных энтузіястаў і летуценьнікаў? Хто апроч нас саміх верыў у тое, што нам ці з нашаю дапамогаю ўдасца сьпіхнуць з наезджанай каляіны савецкую махіну? Дык ці не быў канец 80-х — пачатак 90-х гадоў усё ж нашым зорным часам? Ці абмінула нас незайздросная доля страчанага пакаленьня?

У кожнага з пакаленьняў ёсьць свае паразы і перамогі. Згадваю Вітаўтаса Ландсбергіса, Вацлава Гавэла, іншых тагачасных лідараў. Зразумела, якой была перамога іхняга пакаленьня. Яны далі нашым краінам незалежнасьць, яны вызвалілі іх ад камунізму, яны паставілі крыж на блоку сацыялістычных дзяржаваў і на Савецкім Саюзе, яны выціснулі таталітарызм за межы Еўропы. І як бы там ні было, але сьвет у гэтай частцы Еўропы непазнавальна змяніўся. Ён стаў іншым, наш сьвет.

Згадваючы кожнага зь іх, — а я сустракаўся зь імі і размаўляў, — я думаю, што на чалавечым узроўні іх аб’ядноўвае адная агульная рыса. Яны ў сваім жыцьці заўсёды былі аптымістамі. І ўсе часта пасьміхаліся.

Я асьцерагаюся змрочных і суровых людзей. За суровым і таямнічым выразам твару часта хаваецца звычайная пустата. Пэўна, што такія людзі не зьмяняюць гэты сьвет да лепшага. Шчырая ўсьмешка — прыкмета ўнутранай дабрыні чалавека. Выглядае, што нам усім трэба набірацца ўменьня і цярпеньня пасміхацца наступныя 25 гадоў. Нават калі будзе не да сьмеху…

«Дзяды-88». Хіба што гэтая старонка беларускай гісторыі і нашага жыцьця перагорнутая. Трэба ісьці далей.

16–17 ліпеня 2013 г., Бабруйск

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.