Партыя БНФ » Намесніку старшыні БНФ Юрасю Меляшкевічу прад’яўленае абвінавачванне
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Намесніку старшыні БНФ Юрасю Меляшкевічу прад’яўленае абвінавачванне

Дададзена 05.11.2022 10:40:50 | 241 праглядаў

Намесніку старшыні Партыі БНФ Юрасю Меляшкевічу выстаўленае абвінавачанне ў нявыплаце ў буйным памеры падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў працаўнікоў. Яно звязанае з працай палітыка ў якасці дырэктара прадпрыемства «Маёнтак Падароск».

Юрый Меляшкевіч ПадорскРазам з Юрасём Меляшкевічам па справе ў якасці абвінавачанага  праходзіць фінансавы дырэктар маёнтка Зміцер Карабач. Сума недавыплачанага ў бок дзяржавы ацэньваецца ў 400 тысяч рублёў. Паводле гэтага крымінальнага артыкулу (ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса) ім пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі са штрафам. Акаўнт у сетцы Фэйсбук, які належыць маёнтку Падорск, катэгарэчна аспрэчвае выстаўленыя абвінавачванні, называючы іх хлуснёй.

Увечары 26 кастрычніка Юрася Меляшкевіча, як і двух іншых супрацоўнікаў маёнтку “Падорск”, затрымалі ў Ваўкавыску, у самім маёнтку  адбыўся ператрус з выманнем дакументаў і кампутараў. Пасля 72 гадзін затрымання на волю выйшла бухгалтарка «Маёнтка Падароск» Вольга Балтрукевіч, яна знаходзіцца дома. Пакуль невядома, пад якую меру стрымання яе адпусцілі — хатні арышт ці падпіску аб нявыездзе. Затрыманыя Дзмітрый Карабач і кіраўнік прадпрыемства Юрый Меляшкевіч знаходзяцца ў гродзенскім ізалятары. Справай займаецца Следчы камітэт

Юрась Меляшкевіч быў намеснікам старшыні грамадскай арганізацыі «БНФ “Адраджэнне”», актывістам руху «За Свабоду!». Апошнім часам быў намстаршыні «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Падчас зачысткі грамадзянскай супольнасці арганізацыя была ліквідаваная Вярхоўным судом.

Юрась Меляшкевіч з’яўляецца намесьнікам старшыні грамадскага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Спадар  Меляшкевіч апошнім часам займаўся захаваньнем і папулярызацыяй беларускай гістарычнай спадчыны. Ён удзельнічаў у арганізацыі летніка па аднаўленьні старых могілак у вёсцы Ізабелін, ладзіў летнік па прыборцы руін пахаваньня Бохвіцаў у маёнтку ў Падароску. Ініцыятыва «Маёнтак Падароск» аднаўляе сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску. У 2013 годзе яе выкупіў расійскі бізнесмен беларускага паходжання Павел Падкарытаў. Турыстычны комплекс мае на мэце прыцягнуць у мястэчка новых жыхароў і выратаваць яго ад вымірання.

Летась Юрась Меляшкевіч прадстаўляў інтарэсы БНФ “Адраджэньне” у Вярхоўным Судзе падчас судовага разгляду пазова Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня. У час зьняволеньня старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, асуджанага на 10 гадоў пазбаўленьня волі, спадар Меляшкевіч застаецца адным з трох намесьнікаў кіраўніка партыі, хто не пакінуў тэрыторыю Беларусі.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч

Нарадзіўся ў 1982 у Слаўгарадзе (Магілёўская вобласць) у сям’і выкладчыкаў. Сын Віктара Рыгоравіча Меляшкевіча – аднаго з вэтэранаў Беларускага Народнага Фронту ад часоў заснаваньня руху. У 1993 годзе, у час перасяленьня пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, сям’я пераехала ў Менск у мікрараён «Малінаўка-4″.

Вучыўся ў СШ №206 у Малінаўцы, пасьля ў СШ №113 з хіміка-экалягічным ухілам. У 2007 скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўніверсітэт на кафедры «Біятэхналёгіі і біяэкалёгіі» па спэцыяльнасьці «Біяэкалёгія». Акрамя беларускай і рускай, размаўляе на англійскай і польскай мовах.

Займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ад 1999 года. З 2004 Сябра Партыі БНФ, быў сакратаром партыйнай камісіі ў пытаньнях экалёгіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС і камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Балятаваўся ад Партыі БНФ на парлямэнцкіх выбарах па Малінаўцы ў Менску, а таксама на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў.

Сябра Рэспубліканскага праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За Свабоду» (быў намесьнікам старшыні арганізацыі), выконвае абавязкі намесьніка старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сябра Вялікай Рады Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Згуртаваньне беларусаў свету «Бацькаўшчына»

З 2011 года працуе ва ўласным бізнэсе.
Ад 2011 да 2013 года быў дырэктар кампаніі «Мелвінд».
Ад 2013 да 2020 года быў дырэктарам турыстычнай кампаніі «Куфэрак падарожжаў».
Ад 2019 года сузаснавальнік і дырэктар кампаніі «ВерусІНН Вінакурня», а таксама кіраўнік у іншых камэрцыйных праектах.

Абраны на пасаду намесьніка старшыні Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” у лістападзе 2020 году.

Жанаты. Жонка Ганна – педагог-псыхолаг. Разам выхоўваюць сына Станіслава і дачку Яніну.

 

 

 

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.