Партыя БНФ » “Настойваю на сваёй поўнай невінаватасці” – Рыгор Кастусёў напісаў ліст Лукашэнку
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Настойваю на сваёй поўнай невінаватасці” – Рыгор Кастусёў напісаў ліст Лукашэнку

Дададзена 21.11.2022 12:03:44 | 146 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў напісаў з СІЗА адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім настойвае на сваёй поўнай невінаватасці і сцвярджае, што даведаўся аб змове з мэтай захопу ўлады толькі пасля арышту іншых удзельнікаў справы.

J1Nr4Js9WPQПрыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ва ўдзеле ў змове лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім па-ранейшаму настойвае на сваёй невінаватасці. Таксама зварот быў накіраваны праз адміністрацыю СІЗА ў некаторыя сродкі масавай інфармацыі. Цяпер Кастусёў знаходзіцца ў СІЗА, як і астатнія фігуранты гэтай рэзананснай справы, у чаканні разгляду Вярхоўным судом апеляцыйнай скаргі на вырак.

Паведамляецца, што ў лісце Кастусёў тлумачыць Лукашэнку, як мімаволі аказаўся ўцягнутым у працэс падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту». «Як старшыня Партыі БНФ я быў запрошаны для ўдзелу ў ЗУМ-канферэнцыях экспертна-аналітычнага характару, дзе павінна было адбыцца абмеркаванне пытання санкцыйнай палітыкі краін Захаду ў дачыненні да Беларусі. Як паслядоўны супернік санкцый супраць нашай краіны, я пагадзіўся ўдзельнічаць, каб данесці сваю пазіцыю», – піша Кастусёў. У распаўсюджаным праз праўладныя СМІ лісце кіраўнік БНФ паведамляе, што толькі пасля арышту даведаўся «пра сапраўдныя намеры іншых удзельнікаў па падрыхтоўцы дзяржперавароту».

«На жаль, мая пазіцыя і аргументы не былі пачутыя як падчас папярэдняга, так і судовага следства. У выніку я атрымаў пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення волі. Тым не менш, я настойваю на сваёй поўнай невінаватасці па прадʼяўленым абвінавачанні і ў дадзены момант накіраваў апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд», – напісаў Кастусёў.

Паводле «Спутника», Кастусёў настойвае на тым, што не ўчыняў злачынствы і хацеў бы працягваць працу «па абароне інтарэсаў беларускага народу, незалежнасці і суверэнітэту Беларусі».

Як раней паведамлялася, на пачатку верасня Менскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Кастусёва да 10 гадоў пазбаўлення волі «за змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Таксама па «справе аб змове» асудзілі юрыста і сябру БНФ Юрася Зянковіча (11 гадоў калоніі), літаратуразнаўцу і палітолага Аляксандра Фядуту (10 гадоў), працаўніцу офісу Зянковіча і сябру БНФ Вольгу Галубовіч, а таксама  актывіста Дзяніса Краўчука (па 2,5 гады калоніі). Кастусёў адзіны з іх не прызнаў віну.

Папярэдняе расследаванне і судовае следства па справе аб змове доўжылася 500 дзён. Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году, яны за кратамі да суда правялі амаль 17 месяцаў. Праваабаронцы прызналі групу зняволеных палітвязнямі.

З прапагандысцкіх фільмаў, паказаных на дзяржаўным тэлебачанні, вынікае, што за “змоўшчыкамі” працяглы час сачылі спецслужбы, а вайскоўцаў, з якімі яны кантактавалі, ім падставілі.

Разгляд крымінальнай справы ў апеляцыйным парадку, якая раней слухалася ў Менскім абласным судзе па першай інстанцыі, павінны адбыцца напрыканцы лістапада ў Вярхоўным судзе.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2022
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.