Рыгора Кастусёва ўнеслі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці
Дададзена 09.12.2022 8:55:27 | 337 праглядаў
9 снежня Міністэрства ўнутраных спраў зноў павялічыла “Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.
У “спіс экстрэмістаў” дадалі адразу 46 прозвішчаў.
Сярод іх — фігуранты “справы змоўшчыкаў“: літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, юрыст і сябра Партыі БНФ Юрый Зянковіч, дальнабойшчык Дзяніс Краўчук. Таксама ў “спіс экстрэмістаў” трапілі пенсіянерка Эма Сцепулёнак і актывістка “Еўрапейскай Беларусі” Алена Лазарчык. Агулам у “экстрэмісты” ўлады залічылі ўжо 2163 чалавекі.
Нагадаем, што 5 верасня 2022 году суддзя Уладзімір Арэшка прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым і прысудзіў яму 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуды, скаргі на якія сёння разглядаліся і якія засталіся ў сіле: Юрась Зянковіч – 11 гадоў калоніі, Аляксандр Фядута – 10 гадоў, Рыгор Кастусёў – 10 гадоў, Дзяніс Краўчук – 2,5 гады. Абаронцы асуджаных прасілі скасаваць ці паслабіць тэрмін, але ўсе скаргі былі адхіленныя. Вольга Галубовіч, якую таксама пакаралі 2,5 гадамі пазбаўлення волі, скаргу ў Вярхоўны суд не падавала.
29 лістапада Вярхоўны суд разгледзіў апеляцыйныя скаргі па справе старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і іншых фігурантаў справы “аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады”. Абвінаваўчы вырак пакінуты без зменаў, прысуджаныя абвінавачаным вялізныя тэрміны зняволення набылі моц.
Папярэдняе расследванне і судовае следства цягнуліся 500 дзён, справу небеспадстаўна называюць адной з самых рэзанансных у гісторыі сучаснай Беларусі.
Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году. Яны прызнаныя палітвязнямі беларускай правабарончай супольнасцю.
Лукашэнка раней заявіў, што абвінавачаныя ў справе нібыта рыхтавалі
замах на яго і ягоных сыноў. Прапагандысты з БТ прыплялі да гэтага і
спецслужбы ЗША, грунтуючыся на амерыканскім грамадзянстве Юрася
Зянковіча.