“Чалавек, якому балела за ўсё”. Да гадавіны смерці Сяргея ГоўшыДададзена 25.12.2022 2:10:58 | 308 праглядаў Час ляціць хутка, асабліва зараз, калі дні і месяцы ![]() Роўна год таму, 25 снежня 2021 года, на 73-м годзе абарвалася жыццё праваабаронцы з Баранавічаў Сяргея Гоўшы. Ён быў адным з удзельнікаў стварэння Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Таварыства беларускай мовы, Экалагічнага саюза, Беларускага народнага фронту. У 1991 годзе быў абраны дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. Пісаць пра Гоўшу, як праваабаронцу – правільна, аднак не зусім дакладна. Напэўна не існавала ў Баранавічах ніводнай грамадскай ініцыятывы, суполкі, ці проста пачынання, у якіх бы не браў удзел Сяргей. Яму балела за ўсё: і раўнадушша чыноўнікаў, і абарона правоў працоўных, і адносіны да беларускай мовы, і экалогія, і шмат яшчэ іншых важных рэчаў. Прычым ён не проста ўдзельнічаў. У кожнай новай справе ён быў актыўным даследчыкам, умеў дамагацца вынікаў. ![]() Варта нагадаць, што Сяргей Гоўша быў адным з удзельнікаў стварэння Таварыства беларускай мовы, Экалагічнага саюза, Беларускага народнага фронту. У 1991 пасля вылучэння ТБМ быў яго абралі дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета. І толькі недзе з 1997 года, Сяргей пачаў займацца праваабарончай дзейнасцю, далучыўшыся да сябраў Праваабарончага цэнтра “Вясна”, тады яшчэ зарэгістраванага. Маючы абвостранае пачуццё справядлівасці, ён часта звяртаўся да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў з прапановамі і заявамі, датычнымі розных актуальных пытанняў – свабоды мірных сходаў, свабоды слова, шмат зрабіў для аднаўлення гістарычнай і культурнай памяці. Разам з аднадумцамі ў 1990 годзе ўсталявалі ў цэнтра горада “Крыж пакут” ахвярам сталінскіх рэпрэсій, які пазней улады прыбралі ў іншае месца. Таксама разам з сябрамі ўсталявалі памятны камень з шыльдай у гонар вялікай бітвы 1771 года гетмана Міхаіла Агінскага з войскамі Суворава. Не шкадуючы ні ўласных сіл, ні свайго вольнага часу, аказваў дапамогу землякам, абараняў іх на судовых працэсах, дапамагаў абскардзіць несправядлівыя рашэнні ў вышэйшых інстанцыях. Праваабаронца няўрымсліва адстойваў права беларусаў на свабодныя і празрыстыя выбары, шанаваў і абараняў беларускую мову, быў ініцыятарам і рухавіком стварэння ў горадзе першага беларускамоўнага класа. Сяргей Гоўша неаднаразова звяртаўся з паведамленнямі ў Камітэт па правах чалавека ААН, дзе ягоныя скаргі былі падтрыманыя і разгледжаныя.
Сяргей неаднаразова браў удзел у назіранні і маніторынгу выбараў, ці то мясцовых дэпутатаў, ці то парламенцкіх, або прэзідэнцкіх. Але ён не толькі назіраў: сутыкаючыся з парушэннямі выбарчага заканадаўства, ён абскарджвах іх у камісіях, пісаў свае заўвагі і прапановы тагачаснай старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Больш трыццаці год свайго жыцця, ад часу свайго прыходу ў “Вясну” Сяргей Гоўша прысвяціў абароне правоў чалавека.
Дзейнасць Сяргея Гоўшы па адстойванні правоў людзей, ды яшчэ ў сітуацыі калі за гэта затрымліваюць, арыштоўваюць, штрафуюць, не магла не адбіцца на здароўі. Ён перанес некалькі аперацый на сэрцы а 25 снежня яго не стала. Сяргея Гоўшу ў Баранавічах не толькі памятаюць. Тут ён пакінуў сваіх вучняў і паслядоўнікаў, якія нават ва ўмовах страшэнных рэпрэсій працягваюць ягоную справу. І гэта найвялікшая адзнака для чалавека. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|