Партыя БНФ » Паўла Белавуса вінавацяць у здрадзе дзяржаве
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Паўла Белавуса вінавацяць у здрадзе дзяржаве

Дададзена 12.01.2023 12:02:32 | 202 праглядаў

Сьледзтва паставіла ў віну 35-гадоваму Паўлу Белавусу, што на працягу дзесяці гадоў ён нібыта вёў актыўную дзейнасьць, накіраваную на зьмену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

БелТА са спасылкай на высновы сьледзтва паведамляе, што Паўла Белавуса вінавацяць у здрадзе дзяржаве i кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем. Пры гэтым выкарыстоўваюцца абсурдныя фармулёўкі, якія капіююць лексіку часоў сталінскіх рэпрэсіяў:

«Пад выглядам культурна-гістарычнага разьвіцьця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх зьяўлялася зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў таварыства з абмежаванай адказнасьцю (крама па онлайн- і офлайн-продажы тавараў), пасьля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя імпрэзы», — паведаміў начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Сяргей Паско.

Белавус падпісаў ня менш як 12 дамоваў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі, гаворыцца ў матэрыялах сьледзтва.

«Было ўстаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для больш хуткай зьмены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасьць суайчыньнікаў у адносінах да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяньнямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу зьнешнюю і ўнутраную бясьпеку дзяржавы. За гэта ён атрымаў ад замежных спонсараў больш за $150 тыс., 50 тыс. эўра і 40 тыс. злотых», — гаворыцца ў паведамленні.

«Пры расследаванні крымінальнай справы дапытаны абвінавачаны і сведкі, а таксама праведзены шматлікія агляды прадметаў, дакументаў і камп’ютарнай інфармацыі», — зазначаюць у СК. Па выніках Белавусу прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»); ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»); ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»); ч. 1 арт. 361-1 («Кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем»).

Хто такі Павал Белавус

Павал Белавус нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце. Быў сябрам Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”, якое было ліквідаванае ўладамі ў 2021 годзе.

«Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбен быў трэці прадмет. І я такі: „О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак“. Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Берасьці, я пазнаёміўся зь „Дзедзічам“, які зацягнуў мяне ў актывізм», — расказваў пра сябе Павал.

(«Дзедзіч» — агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця, таксама цяпер ліквідаванае. Грамадзкая адукацыйная, інфармацыйная і культурная пляцоўка, якая была зарэгістраваная як ўстанова).

Разам зь сябрамі заснаваў «Арт Сядзібу»

У 2011 годзе Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба», да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.

Зрабіў вышыванкі ізноў моднымі, папулярызаваў беларускую культуру

Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, зьвязаныя зь беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Вясной і летам 2020-га крама шыла вялікія партыі засьцерагальных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. На пачатку сакавіка 2021-га краму празь ціск уладаў закрылі.

У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.

Павал мае жонку Кацярыну і дваіх малых дзетак: Соф’ю і Мірона.

Глядзі больш: Што зрабіў для Беларусі Павал Белавус

Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021, на яго маёмасць быў накладзены арышт.

Месца зняволення: СІЗА-1

Адрас для лістоў:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Белавусу Паўлу Мікалаевічу

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Красавік 2023
M T W T F S S
« Mar    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.