Сябра Сойму БНФ Павал Севасьцян асуджаны на 10 сутак арыштуДададзена 22.01.2023 6:47:46 | 280 праглядаў 20 студзеня ў судзе Слонімскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа мясцовага сябра Сойму Партыі БНФ Паўла Севасцьяна за захоўванне ў сацсетцы Facebook матэрыялаў, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкімі — ч.2 арт. 19.11 КаАП (“Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць”). ![]() Суд прызнаў Паўла Севасцьяна вінаватым і пакараў 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Нагадаем, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі спадара Севасцьяна каля яго дома ў Слоніме 11 студзеня. Наступныя суткі слонімец правёў у ізалятары часовага ўтрымання, а пасля суддзя задаволіў яго хадайніцтва пра пошук адваката да 20 студзеня. Вось што распавёў пра абставіны затрымання сам актывіст: — Недзе ў гадзін 14-ць я ішоў дамоў, калі ля пад’езда дома пачуў вокрык: “Стой!”. Калі азірнуўся, то ўбачыў, што трое ў балаклавах бягуць у мой бок. На мяне надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і павезлі ў райаддзел міліцыі. У міліцыі сказалі, што затрымалі за захоўванне ў Фэйсбуку матэрыялаў, якія прызнаны экстрэмісцкімі. Паказалі на маёй старонцы ў Фэйсбуку некалькі фотаздымкаў ранейшых гадоў, тады пра экстрэмізм яшчэ і размоў не было. Потым участковы склаў пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КоАП, і мяне змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У ізалятары на ноч не выдалі матрац, сказалі, што тым, хто сядзіць па такім артыкуле, як у мяне, матрацы не выдаюць. Раніцай быў суд тут жа ў ізалятары, па скайпу. Я заявіў хадайніцтва пра пошук адваката, якое суддзя задаволіў, і мяне выпусцілі да наступнага судовага паседжання, — расказаў Павал Севасцьян. Апошнімі днямі ў Слоніме пачасціліся выпадкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці мясцовых актывістаў і прадстаўнікоў мясцовых суполак і аддзяленняў палітычных партыяў. У суботу, 21 студзеня, на працы ў Слоніме быў затрыманы грамадскі актывіст Алесь Масюк. Як стала вядома, пасля затрымання сп. Масюк быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Слонімскага РАУС. Як паведамляецца, прычынай затрымання таксама магло стацца абвінавачванне ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Слонімскі журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Чыгрын быў затрыманы 16 снежня. Спачатку суд асудзіў яго на 7 сутак адміністрацыйнага арышту, а пасля яму прысудзілі яшчэ 15 сутак за перарэпосты экстрэмісцкіх рэсурсаў у сацыяльных сетках. Таксама стала вядома, што яго звольнілі са Слонімскага драматычнага тэатра, дзе ён працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела. Да гэтага ў снежні ў Слоніме затрымлівалі мясцовага актывста БНФ Віктара Марчыка. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|