Партыя БНФ » Валадарка, Валадарка, колькі ў назве той тугі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Валадарка, Валадарка, колькі ў назве той тугі

Дададзена 03.02.2023 2:22:12 | 210 праглядаў

Блогер Андрэй Цяпін чытае верш Рыгора Кастусёва, які зьняволены палітык даслаў з-за кратаў з сумнавядомай сьледчай турмы “Валадарка” напярэдадні сваяго перавода адсюль да месца адбываньня дзесяцігадовага тэрміну зьняволеньня.

Мінскі астрог, сёння – следчы ізалятар папярэдняга зняволення МУС Рэспублікі Беларусь на вул. Валадарскага (вядомы як “Валадарка“), – адзін з нямногіх будынкаў горада, які ўсю сваю гісторыю выкарыстоўваўся строга па прызначэнні. Пабудаваны ў 1825 годзе менавіта як астрог, заўсёды – і пры цары, і ў рэвалюцыю і грамадзянскую вайну, і пры нямецкай акупацыі, і пасля вайны – быў турмой. І пастаяльцаў у турме заўсёды хапала.

Праз старую турму ў арыштанцкіх робах прайшлі ўдзельнікі нацыянальнага паўстання 1830–31 гадоў і паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1863–64 гадах, а ў мінулым стагоддзі – рэвалюцыянеры і «ворагі народа». Нямала пабывала ў тутэйшых камерах і досыць вядомых людзей ад культуры. Назбіраецца нават на цэлую партрэтную галерэю пад назвай «Славутыя вязні «Валадаркі» для будучага музея ці гатэля. У розны час у «Валадарцы» давялося сядзець пісьменнікам Вінцэнту Дуніну-Марцынкевічу, Алесю Гаруну, Карусю Каганцу ды Якубу Коласу, якому якраз тут прыйшла ў галаву задума напісаць паэму «Новая зямля». У наш час пабывалі ў гэтых сценах былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір і дэпутат Вярхоўнага Савета Андрэй Клімаў.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, абвінавачаны ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, правёў тут (і ў суседняй турме КДБ, вядомай як “Амерыканка”) амаль паўтары гады. З гэтай нагоды, нібы развітваючыся з гэтым будынакам напярэдадні “этапа” да месца адбыцця пакараньня, палітык склаў шчамлівы верш:

Валадарка, Валадарка,

Колькі ў назве той тугі.

Дзе жыццё ідзе не шпарка,

Быццам бы «на поўнагі»

Тут даўно ўсё змяшалась:

Час вякоў, што не забыт,

Лёсы ўсіх, каму дасталась

Паспытаць мясцовы быт.

У сценах гэтых гістарычных

Дух пакут ад даўніны.

Дуніна — часоў трагічных,

Коласа — начныя сны.

Ці прадставіць мог Пішчалаў,

Як тут доўгія гады

Усіх карала і знішчала

Сіла зла, людской бяды.

Два стагоддзі ўсё без зменаў

Адбываецца працэс.

І ў наш дзень да гэтых сценаў

Не дайшоў людскі прагрэс.

Ды надзеі не губляе

Годны люд, што тут сядзіць.

Волі сцяг шчэ залунае,

Каб свабодзе, праўдзе быць.

Цяпер старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пераведзны для адбыцьця дзесяцігадовага тэрміну зьняволеньня ў Папраўчую калонію №22 у Івацэвічах, што на Берасьцейшыне.
Гэтая папраўчая ўстанова вядомая пад назвай “Воўчыя норы” – на дадзены момант у ПК-22 знаходзіцца блізу паўсотні палітвязняў, у тым ліку паплечнікі Рыгора Кастусёва па Партыі БНФ Уладзімір Мадахоўскі і Павал Юхневіч.

Адрас для лістоў: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20

Кастусёву Рыгору Андрэевічу

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Красавік 2023
M T W T F S S
« Mar    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.