Вадзім Саранчукоў: “Партыя БНФ працягвае знаходзіцца ў прававым полі”
Дададзена 05.02.2023 3:03:33 | 294 праглядаў
25 студзеня Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прыняла праект закона «Аб змене законаў у пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў».
Некаторыя эксперты лічаць, што гэты законапраект прывядзе да ліквідацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які выконвае абавязкі кіраўніка партыі ў час, калі дзеючы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў зняволенні, распавядае сваё стаўленне што да гэтага законапраекта:
– Законапраект ускладняе не проста жыццё для палітычных партый, а ён увогуле ўскладняе палітычную сістэму. Але з пункту гледжання дзяржавы ён яе спрашчае, таму што відавочна вялікая колькасць арганізацый пасля прыняцця гэтага закона будуць закрытыя. Трэба адзначыць, што сойм нашай арганізацыі зыходзіць, безумоўна, з прынцыпаў бяспекі ўсіх нашых сяброў. Таму наша рашэнне будзе прынятае акурат у гэтым рэчышчы. Ды і гэта самае асноўнае, што трэба адзначыць на сёння.
Па словах Вадзіма Саранчукова, за кратамі ў Беларусі амаль два дзясяткі сяброў партыі, але партыя дзейнічае надалей:
– Афіцыйна 19 сяброў партыі знаходзяцца за кратамі па крымінальных артыкулах, але, зноў жа паўтаруся, усе дзеянні нашай арганізацыі ляжаць у прававым полі, таму і прысуд для старшыні партыі, і іншыя прысуды мы расцэньваем як рэпрэсіўныя. Ніводны з нашых сяброў не парушае заканадаўства і дзейнічае ў рамках статуту і праграмы Партыі БНФ.
Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў з верасня 2022 года асуджаны да 10 год зняволення, а Вадзім Саранчукоў з 2021 году знаходзіцца, па яго словах, «у вымушанай доўгатэрміновай камандзіроўцы» ў Літве.
Дзяржава заяўляе, што пасля прыняцця новага закона ў Беларусі будзе праведзеная перарэгістрацыя палітычных партый.