Партыя БНФ » Фінляндыя ў АПАД (NATO): вось чаму гэта змяняе баланс сілаў і вакол Беларусі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Фінляндыя ў АПАД (NATO): вось чаму гэта змяняе баланс сілаў і вакол Беларусі

Дададзена 10.04.2023 12:35:01 | 158 праглядаў

Расія губляе Балтыку і можа быць змушаная перамясціць свае стратэгічныя ядзерныя сілы

4 красавіка Фінляндыя афіцыйна далучылася да НАТА, стаўшы 31-м паўнапраўным членам Альянсу. Гэты працэс уступлення стаў самым хуткім за ўсю гісторыю арганізацыі.

Фінляндыя з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны захоўвала ваенны нейтралітэт і праводзіла палітыку фінляндызацыі, аднак з-за поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну краіна вырашыла кардынальна пераглядзець сваю дактрыну нацыянальнай бяспекі, улічваючы цяперашнія пагрозы з боку Расіі.

З гэтага часу Фінляндыя падпадае пад пяты артыкул Паўночнаатлантычнай дамовы, паводле якой атака на краіну будзе азначаць напад на ўвесь блок НАТА. За ўсю гісторыю Альянсу ніхто, у тым ліку і Расія, яшчэ не рашыўся напасці на адну з яго краін. Акрамя гэтага, Фінляндыя зможа паўнавартасна ўдзельнічаць ва ўсіх рашэннях Альянсу і разлічваць на ўсе яго рэсурсы для ўласнай абароны, уключаючы, пры патрэбе, размяшчэнне на сваёй тэрыторыі заходняй ядзернай зброі. Праўда, апошняга ў планах няма. А НАТА, у сваю чаргу, атрымлівае поўны аператыўны і стратэгічны доступ да ўсёй тэрыторыі Фінляндыі.

Што азначае падобны крок у кантэксце супрацьстаяння краін Захаду і Расіі, а таксама якую рызыку нясе ўступленне Фінляндыі ў НАТА для апошняй?

Узброеная да зубоў Фінляндыя

Фактычна, Фінляндыя і да гэтага была ў НАТА (але неафіцыйна): краіна ўдзельнічала ў шматлікіх праграмах і вучэннях Альянсу, праводзіла сумесныя з НАТА аперацыі ў Югаславіі, дапамагала ЗША і саюзнікам ў Афганістане і Лівіі і г. д. 

Акрамя таго, Фінляндыя ўзброена па стандартах НАТА, сама вырабляе шматлікія віды зброі і выдаткоўвае на абарону амаль 6 млрд еўра ў год — гэта суразмерна 2% яе ВУП (што адпавядае крытэрыям Альянсу па выдатках на абарону).Фінскае войска адно з наймацнейшых у Еўропе, як па колькасці, так і па якасці ўзбраенняў і падрыхтаванасці краіны да абароны: краіна можа мабілізаваць 280 тысяч салдат і 900 тысяч рэзервістаў пры агульнай колькасці насельніцтва 5,5 мільёна чалавек. У краіне ёсць абавязковая вайсковая служба.

Фінляндыя таксама мае развіты Вайскова-марскі флот і звыш 60 сучасных знішчальнікаў — лепшых, чым расійскія. У яе на ўзбраенні стаіць больш артылерыі, чым у Германіі і Францыі разам узятых.

У дадатак да гэтага па ўсёй Фінляндыі функцыянуе каля 50 тысяч бамбасховішчаў, а само насельніцтва рэгулярна праводзіць грамадзянскія вучэнні на выпадак пачатку ваенных дзеянняў.

Усё гэта навука, вынесеная з нападу на Фінляндыю Савецкага Саюза ў 1939 годзе. Масква тады хацела захапіць Суомі рыхтык так, як цяпер Украіну. Фіны выстаялі і захавалі незалежнасць.

З улікам высокага ўзроўню боегатоўнасці і аўтаномнасці Фінляндыі, а таксама яе ўступлення ў НАТА Расіі давядзецца істотна павялічыць колькасць войскаў для прыкрыцця поўначы краіны і выдаткаваць на абарону значна больш грошай. І ўсё гэта ва ўмовах сур’ёзных страт у вайне супраць Украіны і велізарнай колькасці накладзеных міжнародных эканамічных санкцый.

І, канечне, варта адзначыць, што цяпер сухапутная мяжа паміж Расіяй і Альянсам павялічылася больш чым у два разы (з 1215 км да 2555 км).

Унутранае мора НАТА

З уступленнем Фінляндыі ў Альянс (і асабліва пасля далейшага далучэння Швецыі), Балтыйскае мора фактычна становіцца ўнутраным морам НАТА.

На практыцы гэта азначае, што Альянс у выпадку канфлікту з Расіяй, напрыклад, зможа ў любы момант закрыць Фінскі заліў для любых расійскіх караблёў, што не толькі цалкам перакрые доступ Расіі ў Балтыку, адрэжа Калінінград, але і значна абмяжуе яе магчымасці дабрацца да Атлантычнага акіяна.

Таксама гэта павялічыць магчымасці арганізацыі па адсочванні перамяшчэння расійскіх падводных лодак, у тым ліку і атамных, на шляху ў Атлантыку (для гэтай мэты лепш за ўсё падыходзіць шведскі востраў Готланд з-за свайго ўдалага размяшчэння ў цэнтры Балтыйскага мора).

Паводле інфармацыі Global Firepower за 2023 год, Расія валодае адным з найбуйнейшых у свеце флотам падводных лодак (70 падлодак).

Для абыходу заходніх гідралакатараў і захавання сваёй утоенасці расійскія падлодкі звычайна плывуць па-за тэрытарыяльнымі водамі балтыйскіх краін-чальцоў НАТА. Аднак наяўнасць у Альянсе Фінляндыі, а ў перспектыве і Швецыі звузіць гэты свабодны праход настолькі, што ні адна расійская падлодка не зможа прайсці незаўважанай.

Карта Балтыйскага рэгіёна, дзе сінім колерам адлюстраваны краіны НАТА (зялёнымі палоскамі пазначаны Швецыя і Фінляндыя, а чырвоным колерам — шведскі востраў Готланд). Крыніца: Nato.in

Акрамя таго, ператварэнне Балтыйскага мора ва ўнутранае мора НАТА зможа істотна знізіць небяспеку Сувалкскага калідора, бо расійскі вайсковы кантынгент у Калінінградзе і Беларусі разам з Балтыйскім флотам РФ ва ўмовах поўнага атачэння сіламі НАТА будуць мець вельмі нізкія шансы на ізаляцыю ці захоп Прыбалтыкі.

Ядзерныя аб’екты і зброя на Кольскай паўвыспе

Адным з асноўных месцаў размяшчэння расійскай вайсковай ядзернай інфраструктуры тактычнага і стратэгічнага прызначэння з’яўляецца Кольскі паўвостраў, які знаходзіцца на тэрыторыі Мурманскай вобласці Расійскай Федэрацыі (каля 100 км ад фінскай мяжы). Там жа функцыянуе і штаб-кватэра Паўночнага флоту Расіі.

Паводле звестак The Barents Observer, гэтая інфраструктура ўключае:

  • Як мінімум 4 сховішчы ядзернай зброі з сумарнымі запасамі боезарадаў у некалькі сотняў адзінак (самае буйное і засакрэчанае з гэтых сховішчаў — «Вялікае Рамвозера», якое знаходзіцца паміж горадам Аленягорскам і возерам Лавозера).
  • База падводных лодак у Гаджыеве (на поўнач ад Мурманска), дзе знаходзіцца асноўная частка расійскіх атамных падлодак (22), якія могуць несці міжкантынентальныя ядзерныя балістычныя ракеты. 
  • Адна з галоўных расійскіх авіябаз для стратэгічнай дальняй авіяцыі Аленья, якая знаходзіцца каля Аленягорска (яшчэ адна такая база знаходзіцца ў Энгельсе, якая ў мінулым годзе была атакавана ўкраінскім беспілотнікам)
Кольская паўвыспа. Фота: Wikimedia Commons

Аднак уся гэтая інфраструктура з-за ўступлення Фінляндыі ў НАТА трапляе ў вельмі ўразлівае становішча дзякуючы адной рэчы.

Кольскі паўвостраў і асноўная частка Расіі злучаны толькі адной аўтамагістраллю (частка трасы E-105/Р-21) і толькі адной чыгункай, якая ідзе ўздоўж гэтай жа магістралі. Працягласць шляху ад паўвострава да першай ростані складае ад 700 да 800 км.

Зараз увесь гэты ўчастак шляху знаходзіцца пад прамой пагрозай, бо НАТА з гэтага часу мае магчымасць хутка абарваць лагістыку вайсковай інфраструктуры Расіі на поўначы і цалкам ізаляваць Кольскі паўвостраў.

Не кажучы ўжо пра тое, што Альянс цяпер зможа лепш кантраляваць любыя расійскія вайсковыя перасоўванні ў гэтым рэгіёне.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.