Сябра БНФ Валянцін Лабачоў вызвалены пасьля адбыцьця палутарагадовага тэрмінуДададзена 21.04.2023 2:11:02 | 188 праглядаў 31-гадовы магілёвец, сябра БНФ Валянцін Лабачоў 16 лютага выйшаў на волю з Наваполацкай папраўчай калоніі № 1, дзе адседзеў амаль паўтара года за знявагу Лукашэнкі. Пасля вызвалення мужчына з’ехаў з Беларусі. Цяпер ён у Польшчы і шукае працу. Спадар Валянцін распавёў пра жыццё ў зняволенні, працу за 6 рублёў да крывавых мазалёў, сустрэчы ў калоніі з Віктарам Бабарыкам ды Ігарам Лосікам і пра тое, што ён прасіў перадаць на волю. ![]() Валянцін Лабачоў — даўні ўдзельнік магілёўскага дэмакратычнага руху, сябра БНФ і маладзёвых патрыятычных арганізацыяў, у 2017 годзе быў дэлегатам XVIII Зьезду Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”). Валянцін Лабачоў быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па артыкуле 368 Крымінальнага кодэксу (Абраза прэзідэнта). Згодна з абвінавачваннем, Валянцін Лабачоў у чэрвені 2020 года размясціў карцінку ў адным з забароненых тэлеграм-каналаў з надпісам, які носіць, на думку абвінавачвання, абразлівы характар на адрас Аляксандра Лукашэнкі. А 27 снежня 2021 года правабарончыя арганізацыі адмысловай заявай уключылі Валянціна Лабачова і яшчэ сем асуджаных ў пералік палітвязняў, чый пераслед і пазбаўленне волі з’лічыцца палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання. Былы палітзьняволены расказаў, што сядзеў у адной калёніі з Лосікам і Бабарыкам. «Ігар надзвычайна мужны чалавек, але нават ён заплакаў, калі даведаўся, што за кратамі апынулася ягоная жонка Дар’я, — кажа Валянцін Лабачоў. — Віктар Дзьмітрыевіч трымаецца добра, але за кратамі ён фактычна ў інфармацыйнай блякадзе. Да яго амаль не даходзяць навіны, а іншым заняволеным не дазваляюць зь ім камунікаваць». Валянціна прымусілі запісаць «пакаяльнае відэа». «Пагражалі, што калі я не пагаджуся, мне арганізуюць «салодкае жыццё» ў ІЧУ, – распавядае мужчына. – Адначасова паабяцалі, што запіс нікуды не пойдзе. Мне паказалі прыклад іншага палітвязня, які казаў на камеру, сказалі зрабіць прыкладна гэтак жа – што я зняважыў Лукашэнку, прызнаю сваю віну і заклікаю ўсіх ніколі так не рабіць. Пасля мяне зачынілі на трое содняў. Калі я выйшаў пад падпіску аб нявыездзе, то ўбачыў гэтае відэа на канале ў Азаронка». Нягледзячы на запіс «пакаяльнага відэа», умовы ў ізалятары Валянціну ўсё роўна стварылі невыносныя. На Валянціна Лабачова завялі крымінальную справу і адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе. «Я разумеў, што мяне пасадзяць. Пытанне было толькі ў тым, на які тэрмін, – распавядае былы палітвязень. – З’язджаць я не хацеў, ды ў мяне і грошай на гэта не было. Мне падавалася, што гэта будзе вельмі цяжка. Цяпер я разумею, што ў калоніі цяжэй». Пакуль магілёвец чакаў суда, яго папрасілі звольніцца з інтэрнэт-крамы, дзе ён працаваў камплектоўнікам. Іншай працы Валянцін так і не змог знайсці – яму паўсюль адмаўлялі. 11 кастрычніка 2021 года на трэцім паседжанні суддзя суда Ленінскага раёну Магілёва Вікторыя Палякова пакарала Валянціна Лабачова пазбаўленнем волі на тэрмін 1,5 года паводле арт. 368 КК РБ – «Знявага прэзідэнта». Пры гэтым лінгвістычная экспертыза не дала адназначнай ацэнкі надпісу на малюнку, які Валянцін размясціў у інтэрнэце, і не палічыла, што ён непасрэдна абражае гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі. «Самымі цяжкімі былі першыя дні, пакуль прызвычаіўся. Потым ужо лягчэй, тым больш, што ў турме да мяне асабліва не чапляліся, – распавядае былы палітвязень. – Я вельмі ўдзячны сваёй маці, якая прыходзіла тады да мяне, перадавала перадачы. Ёй удавалася нават двойчы на тыдзень наведаць мяне, пакуль мы чакалі разгляду апеляцыйнай скаргі». Апеляцыйная калегія пакінула прысуд у сіле, але, паколькі дзень перабывання ў СІЗА залічваецца як паўтара, то агульны тэрмін Валянціна склаў адзін год, чатыры месяцы і некалькі дзён. У ноч з 26 на 27 студзеня 2022 года магілёўца этапавалі ў наваполацкую калонію № 1. «Гэтую калонію ўвогуле трэба зачыніць, бо яна ў месцы з жахлівай экалогіяй. Побач хімічныя заводы – «Нафтан», «Палімір». Там ніхто не павінен жыць, а вязні жывуць і дыхаюць усім гэтым», – кажа суразмоўца. З Магілёва Валянціна разам з іншымі вязнямі этапавалі, як гэта і прынята, у так званым сталыпінскім вагоне, потым везлі ў аўтазаку непасрэдна ў калонію. «Мяне этапавалі ў кайданках, знялі іх толькі ў калоніі, – згадвае былы палітвязень. – На КПП правялі агляд, выкінулі харчы, якія не дазволена з сабой мець, далі робу, матрац і завялі на каранцін». Пакуль Валянцін быў у каранціне, пачаліся моцныя снегапады. Вязняў падымалі а 4-й гадзіне раніцы і адпраўлялі прыбіраць снег. «Даспаць» дзве гадзіны сну, якія перыядычна забіралі, магчымасці не было, зазначае Валянцін. Акрамя таго, давялося прызвычайвацца да камунікацыі з так званымі «актывістамі». «Там адразу вярбуюць на супрацу новенькіх. І ёсць тыя, якія пагаджаюцца за пэўныя бонусы – іх клічуць «актывістамі». Яны здаюць іншых», – распавядае былы вязень. Пасля каранціну і размеркавання ў атрад Валянціна адправілі працаваць – абрываць з ужыванай політэтыленавай плёнкі, якая потым ішла ў перапрацоўванне, этыкеткі. Потым палітвязня перакінулі разбіраць кабелі і выпальваць з іх медзь. «Гэта чорная праца. Ты ўвесь у салідоле, – распавядае мужчына. – Калі мы выпальвалі медзь, над намі нават лётаў квадракоптар МНС, і потым гэтаму прадпрыемству, дзе мы працавалі, далі штраф». Заробку за такую працу, лічы, няма. Валянцін перадаў нам свой разліковы лісток, з якога відаць, што за год з сакавіка 2022 года да сярэдзіны лютага 2023 года былы вязень зарабіў 75 рублёў 21 капейку. Сярэдні заробак за месяц – 6 рублёў 27 капеек. У студзені 2023 года заробак склаў 83 капейкі. І гэта «бруднымі», да выліку падаткаў, зазначае мужчына. Некаторыя аперацыі, якія выконвалі вязні, мелі нормы, зазначае магілёвец, і калі не выканаць гэтай нормы, можна было «заехаць» у ШІЗА. «Пастаянна ўзнікаюць канфлікты паміж асуджанымі. Бо калі хтосьці не робіць, адмаўляецца, гэта павінен зрабіць іншы, бо план – на брыгаду. Такая вось калектыўная адказнасць», – распавядае Валянцін. Праз працу Валянціну давялося звяртацца ў медпункт і нават ісці на бальнічны ў калоніі. «У снежні 2022 года нашую брыгаду перакінулі працаваць на вуліцу. Стаялі моцныя маразы. Нам не выдалі цёплых рэчаў, нават рукавіцаў не далі. У іншай брыгады былі валёнкі, а мы працавалі ў летніх ботах, – распавядае былы палітвязень. – Зайсці пагрэцца ў цэх не дазвалялі – адразу рапарт. Тады шмат хто «заехаў» у ШІЗА, бо людзі не вытрымлівалі, ішлі ў цэх, і там іх лавілі. У мяне пачаліся праблемы з рукамі – ад холаду трэскалася скура, рукі сінелі, на іх з’яўляліся язвы. А неяк проста кроў пацякла з гэтых трэшчын і язваў, і я не вытрымаў і пайшоў да лекара. Мне далі бальнічны, хоць звычайна яго цяжка атрымаць». Усе палітычныя ў калоніі стаяць на так званым прафілактычным уліку. Яны абавязаныя тройчы на дзень адзначацца: а 10-й гадзіне раніцы, а 16-й і а 21-й увечары. Калі вязень не прыйшоў ці нават спазніўся, на яго могуць напісаць рапарт, пазбавіць спаткання, пасылкі ці адправіць у ШІЗА. «Я адбываў пакаранне разам з рэдактарам радыё «Свабода» Андрэем Кузнечыкам, дык вось ён аднойчы спазніўся на адзнаку, і яго пазбавілі спаткання», – распавядае наш суразмоўца. У калоніі Валянцін Лабачоў пазнаёміўся з яшчэ адным вядомым палітвязнем – Віктарам Бабарыкам. «Я заўсёды вітаўся з ім. Размаўляць шмат магчымасцяў не было, каб не прыцягваць увагі, – кажа мужчына. – Ён бадзёры, крыху схуднеў. Цяпер працуе на вуглях, увесь чорны. З траўня 2022 года яму забаранілі ўсю перапіску, цяпер толькі роднай сястры тэлефануе. Таксама ў траўні мінулага года ўпершыню паехаў у ШІЗА на 10 содняў. Напрыканцы 2022 года пазбавілі ўсіх спатканняў, пасылкі. На яго павесілі прафілактычны ўлік № 3 – схільны да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў. Увосень яго зноў на 10 содняў адправілі ў ШІЗА». Паводле Лабачова, Бабарыка трымаецца бадзёра, але да людзей ставіцца насцярожана, бо ў калоніі хапае стукачоў. Ён прасіў Валянціна перадаць на волю, што не валодае поўнай інфармацыяй адносна таго, што адбываецца, бо яму імкнуцца перакрыць усе магчымасці атрымання інфармацыі.«Там сапраўды вельмі адчуваецца інфармацыйны голад. Па тэлевізары можна глядзець толькі БТ, ОНТ, расейскія тэлеканалы, ад якіх ванітуе. Адзіная крыніца інфармацыі – доўгатэрміновыя спатканні са сваякамі», – кажа Валянцін. Для палітычных у наваполацкай калоніі праводзілі лекцыі, на якіх, паводле Валянціна, распавядалі пра калабарантаў з бчб-сцягамі падчас Другой сусветнай вайны і іншыя падобныя рэчы. «Выказваць сваё меркаванне на гэты конт, спрачацца, штосьці даказваць там бессэнсоўна – ты ўсё роўна нікога з іх не пераканаеш, а ўвагу да сябе прыцягнеш і можаш зноў жа паехаць па вядомым маршруце – у ШІЗА», – кажа былы палітвязень. Валянцін не сутыкнуўся ў калоніі са збіццём, таксама не бачыў, каб іншых білі. Але калі кідалі ў ШІЗА, маглі ўдарыць па нагах. «Палітычным» у наваполацкай калоніі забаранялі хадзіць у царкву, спортгарадок. Цяжка ў калоніі бывае не толькі палітвязням, зазначае Валянцін, і распавядае пра асуджанага, які страціў зрок у калоніі, але яму так і не далі групу інваліднасці, бо ён не мае беларускага грамадзянства. На што з турэмнага побыту магілёвец не можа паскардзіцца – дык гэта на харчаванне. Кажа, што былі дні, калі вязням нават дранікі смажылі, пельмені давалі. «Я размаўляў з вязнямі з іншых калоніяў – там і блізка такога няма. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў Наваполацку – узорна-паказальная калонія», – мяркуе мужчына. На сённяшні дзень у наваполацкай калоніі каля 100 асуджаных паводле палітычных артыкулаў. На волю Валянцін Лабачоў выйшаў 16 лютага 2023 года. Вызваляўся з ШІЗА, дзе агулам за ўвесь тэрмін правёў два месяцы. Мужчына зазначае, што шмат каго з «палітычных» у Наваполацкай калоніі на развітанне кідаюць у штрафны ізалятар ці памяшканне камернага тыпу. Праз паўтара месяца пасля вызвалення Валянцін з’ехаў з Беларусі ў Польшчу. Кажа – было невыносна адчуваць сябе на ланцугу. Валянцін зазначае, што калі б ён вырашыў застацца ў Беларусі, працы не знайшоў бы – палітвязняў проста ніхто не бярэ, бо не хоча праблемаў. Валянціну цяпер вельмі патрэбная праца. Мужчына цяпер у Варшаве, гатовы працаваць, у тым ліку фізічна. Мае невялікі досвед супрацы з беларускімі медыямі, праца журналіста яму вельмі цікавая. Акрамя таго, Валянцін прагне працягнуць актывісцкую дзейнасць на карысць Беларусі, каб прыспешыць дэмакратычныя змяненні ў краіне. ![]() Валянцін Лабачоў разам з кіраўніцтвам Партыі БНФ |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|