Партыя БНФ » Старшыню БНФ Рыгора Кастусёва ў калоніі пазбавілі спатканьняў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыню БНФ Рыгора Кастусёва ў калоніі пазбавілі спатканьняў

Дададзена 22.04.2023 3:19:46 | 126 праглядаў

Крыху больш за два гады знаходзіцца за кратамі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. На гэтым тыдні яму споўнілася 66 гадоў.

Палітык быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове па справе аб «змове з мэтай захопу ўлады». Яго абвінавацілі паводле арт. 357 КК — «змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

5 верасня 2022 года суд прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым і прысудзіў яму 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Напрыканцы мінулага года Міністэрства ўнутраных спраў дадало палітыка ў спіс асоб, «якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Адбывае пакаранне Рыгор Кастусёў у папраўчай калоніі №22 у Івацэвічах, якая вядома пад назвай «Воўчыя норы».

«У СІЗА ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем — у прыватнасці, выявілася анкалагічнае захворванне, — распавялі «Народнай Волі» паплечнікі і сябры палітыка. — Настойлівыя звароты адвакатаў з просьбай забяспечыць зняволенаму належнае медыцынскае абследаванне не маюць плёну да гэтага часу.

З незразумелых прычын Рыгора пазбавілі спатканняў са сваякамі — апошняе здарылася ў СІЗА КДБ адразу пасля суда. Акрамя таго, яму істотна зменшылі суму атаваркі ў мясцовай краме.

Калі з ізалятараў лісты да жонкі даходзілі без моцных затрымак, то цяпер з гэтым праблемы. Няма дакладных звестак наконт таго, ці не намагаюцца яго прыцягваць да лагерных работ — асабліва з улікам пенсіённага ўзросту і медыцынскіх абмежаванняў.

Гэтак жа няма пэўнасці адносна фізічнага стану вязня. Нібыта ўжо з калоніі павінны былі адправіць на абследаванне ў лякарню, аднак, як вынікае з папярэдніх спробаў, вынікі агляду адміністрацыя папраўчай установы нікому не паведамляе».

Намеснік старшыні Парыті БНФ Вадзім Саранчукоў, які выконвае абавязкі кіраўніка Партыі БНФ, дадае, што ні ў яго, ні ў сяброў партыі таксама няма ніякіх наўпроставых кантактаў з Рыгорам Кастусёвым.

«Лісты, якія дасылаюць яму паплечнікі ў вялікай колькасці, як мы разумеем, не даходзяць, — кажа Вадзім Саранчукоў. — Таму любое атрыманне інфармацыі з таго боку ці наадварот, да яго, вельмі абмежаванае.

Але ў нас атрымліваецца перадаваць лекі. Аб’ектыўнай інфармацыі няма, таму сказаць, у якім стане ён знаходзіцца, зараз вельмі складана…»

Адрас для лістоў: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20

Кастусёву Рыгору Андрэевічу

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік.

Служыў у войску (1975-1977).

Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы “Друць” Бялыніцкага раёну (1983-1988), дырэктарам гаспадаркі “Іскра” Бялыніцкага раёну (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001).

Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла ─ Белая Русь” у Магілёве (2002-2004).

Ад 1989 году удзельнічае ў палітычнай дзейнасьці.

У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У пэрыяд ад 2009 году да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ.

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.

У 2004, 2008, 2016 гадах на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе, у 2019 годзе вылучаўся ў Менску. У 2012 годзе зьняў сваю кандыдатуру з парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду Партыі БНФ.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году узначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС.

Рашэньнем Зьезду Партыі БНФ 2010 году быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак заняў на выбарах чацьвёртае месца з  10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбаршчыкаў (1,97% галасоў). Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў зьбіты спецслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Адзіны з кандыдатаў, які падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы  тэрмін у лістападзе 2020 году.

Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.