Міністэрства юстыцыі пазбавіла адвакатку старшыні БНФ адвакацкай ліцэнзіі
Дададзена 23.04.2023 3:36:44 | 138 праглядаў Камісія Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій пяць адвакатаў, у тым ліку абаронцу старшыні Партыі БНФ і шматлікіх іншых палітвязняў Інэсу Аленскую.
Кваліфікацыйная камісія ў пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі 21 красавіка прыняла рашэнне «аб магчымасці спынення ліцэнзій на адвакацкую дзейнасць» адносна пяці адвакатаў, паведаміла прэс-служба ведамства.
Адносна Аляксея Бародкі, Аляксандра Гурыновіча і Ігара Сцяпанава
такое рашэньне прынятае «ў сувязі з прымяненнем да іх дысцыплінарных
спагнанняў у выглядзе выключэння з абласных калегій адвакатаў (Мінскай і
Віцебскай) за ўчыненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката».
Гаворка пра нейкія «дзеянні, якія дыскрэдытуюць званне адваката і
адвакатуру».
У сувязі з «немагчымасцю выканання адвакатамі сваіх прафесійных
абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі» аналагічнае рашэнне
прынятае адносна Інэсы Аленскай і Дзяніса Шарстнёва. Непасрэдна пра
«немагчымасць выканання» імі сваіх абавязкаў камісія заявіла яшчэ
напрыканцы сакавіка. Бародку і Гурыновіча раней актыўна цытавалі дзяржаўныя СМІ, іх запрашалі ў эфір беларускія тэлеканалы.
Інэса Аленская – вядомая абаронца палітвязняў. Яна была адвакатам
відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва,
праваабаронцы Анастасіі Лойкі, у мінулым апазіцыйнага блогера Рамана
Пратасевіча. У сакавіку Аленскую судзілі ў адміністрацыйным парадку за
«распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Пачынаючы ад 2020 году адвакацкай ліцэнзіі былі пазбаўленыя многія дзясяткі адвакатаў.
|