Яшчэ адзін сябра Партыі БНФ загінуў за кратамі: ня стала Мікалая КлімовічаДададзена 08.05.2023 1:07:52 | 122 праглядаў 7 траўня стала вядома, што ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і актывіст Партыі БНФ з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года калоніі за рэакцыю ў “Аднакласніках” на карыкатуру на Лукашэнку. ![]() Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Негледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы. Мікалая Клімовіча асудзілі 28 лютага ў судзе Пінскага раёна і г. Пінска. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса ў сатырычным малюнку: у “Аднакласніках” блогер паставіў рэакцыю “смешна”, такім чынам карыкатура была размешчана ў стужцы яго старонкі. Падчас працэсу адвакат распавёў пра стан здароўя падабароннага, падкрэсліваў небяспеку турэмнага тэрміну. Мікалай падкрэсліў, што займае антываенную пазіцыю і з гэтым звязаныя ягоныя публікацыі ў сацыяльных сетках. У выніку, суддзя Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча прызначыў Мікалаю адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, негледзячы на тое, што актывіст меў інваліднасць II групы па сэрцу. Мужчыну арыштавалі ў залі суда, бо да прысуду ён быў на волі. Мікалая змясцілі ў СІЗА № 6 Баранавіч, дзе ён утрымліваўся да разгляду апеляцыйнай скаргі. Перад судом ён выказаўся журналістам, што баіцца памерці ў зняволенні: “Любое турэмнае знявольванне для мяне — гэта смерць, таму што я павінны быць пад сталым наглядам урача, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца”. 21 красавіка Брэсцкі абласны суд пакінуў прысуд Мікалаю Клімовічу ў сіле. Неўзабаве яго этапавалі ў віцебскую калонію № 3 – везлі праз усю Беларусь. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы. У калоніі ён прабыў каля двух тыдняў. Увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў снежні 2022 года. Тады яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. За кратамі блогер адседзеў трое сутак, пасля яму стала дрэнна з сэрцам. Міліцыянты перадалі яго лекарам на лячэнне і вызвалілі да суда. Да суда Мікалай быў на волі, але яго выклікалі на допыты. 10 лютага 2023 года Мікалая судзілі па адміністрацыйнай справе. Суддзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі (арт. 19.10 КаАП) і прызначыў яму штраф – 111 беларускіх рублёў. Як пісалі журналісты, Мікалай не ставіў значок “клас” ці “падзяліцца”, а проста смайлік “смешна”. Паводле спадара Мікалая, ён не збіраўся распаўсюджваць гэтыя карыкатуры, а проста пасмяяўся з іх. Мікалай Клімовіч быў сябрам Партыі БНФ з 1994 года, меў пасьведчаньне аб сяброўстве, падпісанае Зянонам Пазьняком. ![]() |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|