Памяці Мікалая Клімовіча, які памёр у віцебскай калёнііДададзена 09.05.2023 1:54:44 | 106 праглядаў Праваабаронцам стала вядома, што 7 траўня ў калёніі «Віцьба-3» памёр палітвязень Мікалай Клімовіч зь Пінску. Яго асудзілі за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнка. ![]() Мікола Клімовіч быў сябрам Партыі БНФ. Ён загінуў напярэдадні другой гадавіны сьмерці ў шклоўскай калоніі іншага сябра Партыі БНФ – жыхара Лідчыны Вітольда Ашурка. Знаёмыя актывіста паведамляюць, што цела загінуўшага змогуць забраць толькі пасьля 10 траўня з прычыны вялікіх выходных. Судзілі за тое, што паставіў рэакцыю «сьмешна» пад карыкатурай на Лукашэнку Мікалай Клімовіч меў псэўданім «Мікалай Верасень». Пад гэтым псэўданімам ён пісаў у шэрагу сацыяльных сетак. Большасьць апошніх допісаў у «Аднаклясьніках» і Facebook да ягонага арышту былі ў падтрымку Ўкраіны. У «Аднаклясьніках» у яго быў статус «Украіна, трымайся, Беларусь з вамі! Слава Ўкраіне, жыве Беларусь!». Мікалай Клімавіч нарадзіўся 27 верасьня 1961 году. У 1991 годзе ён скончыў Інстытут культуры ў Маскве. Клімовіч сьцьвярджаў, што там пазнаёміўся зь Леанідам Агуціным, якога ён «раскручваў» у пачатку 90-х. У сацсетках Клімовіч расказваў, што ў канцы 80-х працаваў адміністратарам у тэлекампаніях «РТР» і «Астанкіна» ў Маскве, а з 2003-га па 2013-ы — мэнэджарам па продажах марозіва ў «Марозпрадукты», гандлёвым прадстаўніком «ЮніПрэсМаркет». Клімовіч вёў свой блог пад псэўданімам Мікалай Верасень. Апошняя публікацыя ў блогу зьявілася за дзень да суду над блогерам — 27 лютага 2023 году. Яна была прысвечаная Сяргею Дудко — капітану 2-га рангу, які загінуў на падлодцы «Курск». Некалькі пастоў да гэтага ён пісаў пра затрыманьні беларусаў і вайну ва Ўкраіне. У 61-гадовага Мікалая Клімовіча была інваліднасьць у сувязі з хваробай сэрца; ён перанёс інсульт і складаную апэрацыю на сэрцы. У лютым 2023 году пінскі судзьдзя Андрэй Бычыла вырашыў, што Мікалай Клімовіч вінаваты ў «абразе Лукашэнкі» і пакараў яго годам зьняволеньня. «Абраза Лукашэнкі» — гэта смайлік у «Аднаклясьніках» пад карыкатурай Лукашэнкі. За кратамі жыхар Пінску вытрымаў каля двух месяцаў. У сьнежні 2022 году Клімовіча затрымалі за «антываенны пост» і даставілі ў ІЧУ, адкуль яго ў шпіталь забрала хуткая дапамога (у Клімовіча была другая група інваліднасьці па сэрцы). Да суду, які прайшоў 10 лютага 2023 году, блогер быў на волі. Яго абвінавацілі ў распаўсюджваньні нацысцкай сымболікі. У «Однокласниках» ён паставіў рэакцыю «сьмешна» пад карыкатурай на Ўладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме. Судзьдзя Андрэй Бачыла прызначыў яму штраф памерам 111 беларускіх рублёў. 28 лютага над Клімовічам адбыўся яшчэ адзін суд. На гэты раз яго судзілі паводле крымінальнага артыкулу. Судзьдзя Андрэй Бачыла прыгаварыў Клімовіча да году калёніі па артыкуле аб абразе Лукашэнкі. Як пішуць праваабаронцы, нагодай стаў сатырычны малюнак, які ён разьмясьціў на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы. «Я спадзяваўся, і шмат хто, што прысуд абмяжуецца „хатняй хіміяй“ (абмежаваньне волі па месцы жыхарства). Але пракурор запрасіў год калёніі агульнага рэжыму», — сказаў Мікола Клімовіч перад вынясеньнем прысуду. Гэта, паводле абвінавачанага, «быў для ўсіх шок», улічваючы стан ягонага здароўя. Падчас працэсу адвакат расказаў пра стан здароўя падабароннага, падкрэсьліўшы небясьпеку турэмнага тэрміну для актвіста. «Любое турэмнае зьняволеньне для мяне — гэта сьмерць, таму што я павінен быць пад сталым наглядам лекара, прымаць вялікую колькасьць моцных лекаў. Я магу ня вытрымаць нават месяца», — казаў тады сам Мікалай Клімовіч. ![]() Прыгадвае Алена Шымоліна, якая ўзначальвала ў Пінску дабрачынную арганізацыю «Палеская дабрыня», што цяпер ліквідаваная. Яна была знаёмая зь Мікалаем Клімовічам. «Гэта быў вельмі самотны чалавек, ціхі, спакойны, сьціплы. Ён жыў адзін, працаваць ня мог, бо меў праблемы са зрокам, сэрцам, перанёс інсульт. Ён ледзьве зводзіў канцы з канцамі, меў маленькую пэнсію», — кажа Алена. Суразмоўца дадае, што ўсе пінскія актывісты, якія ведалі Мікалая, цяпер у шоку ад таго, што адбылося. «Мікалай адчуваў, што ён не перажыве зьняволеньня. Ён адкрыта пра гэта гаварыў. Адвакат на судзе прадставіў усе мэдыцынскія дакумэнты, што Клімовіч ня можа быць за кратамі з такім пералікам хвароб! Можна ж было абмежавацца „хатняй хіміяй“. Але не — судзьдзя вынес суровы прысуд. Хоць сам судзьдзя, Андрэй Бычыла, страціў маладую жонку. Яна памерла ад анкалёгіі. Ён мог разумець, усьведамляць, да чаго прывядзе турма для Мікалая», — лічыць Алена. Яна дадала, што мяркуе, што такі прысуд для Мікалая — «гэта мэтанакіраванае зьнішчэньне чалавека, яго адправілі проста на сьмерць, на верную гібель». «Мікалай мусіў быць пад кантролем лекараў, прымаць шмат прэпаратаў. Але, наколькі я ведаю, не было нават каму перадачы яму насіць, не было асаблівай падтрымкі», — кажа Алена. «І судзьдзя вынес такі суровы вырак, і пракурор так шмат запатрабаваў, і абласны суд у Берасьці пакінуў прысуд у сіле. Так людзі на ўсіх ступеньках, ва ўсіх сфэрах неяк аскацініліся. Бо разбураныя грамадзкія інстытуты, разгромленыя НДА ў Беларусі. Таму няма каму і сачыць за ўсім гэтым, рэагаваць. Пра гэта трэба не проста пісаць — крычаць!» — лічыць Алена. Журналіст і пісьменьнік Аляксей Дзікавіцкі расказаў, што быў знаёмы зь Мікалаем Клімовічам зь сярэдзіны 90-х. «Мікалай браў удзел у розных мерапрыемствах дэмакратычнага руху, праваабаронцаў. Крыху пісаў. Выглядала на тое, што яму цяжка знайсьці стабільную працу, затрымацца недзе даўжэй. Гэта быў чалавек у нейкім сэнсе „не ад гэтага сьвету“, малапрактычны, бадай. Але ён меў цьвёрдыя прадэмакратычныя перакананьні, быў патрыётам нашага роднага гораду», — зазначыў журналіст. Пінская актывістка Алена Волкава, якая асабіста была знаёмая з Мікалаем, падзялілася успамінамі пра загінулых патрыётаў Беларусі: — |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|