Пайшоў з жыцьця сябра Сойму БНФ Хрыстафор ЖаляпаўДададзена 16.05.2023 10:49:00 | 82 праглядаў Пайшоў з жыцця віцебскі актывіст, сябра сойму Партыі БНФ Хрыстафор Жаляпаў. Ён не дажыў некалькіх дзён да свайго 74-годдзя. ![]() Управа БНФ смуткуе з прычыны сьмерці аднаго з пачынальнікаў нацыянальна-дэмакратычнага руху і выбітнага адраджэнца, выказвае спачуваньні блізкім. Хрыстафор Жаляпаў быў генэратарам ідэяў, стваральнікам і рухавіком шматлікіх грамадзкіх ініцыятыў Віцебшчыны, кажуць ягоныя паплечнікі. Ён шмат зрабіў для Віцебска: быў палітыкам – вылучаўся дэпутатам гарадскога савета, быў сябрам руху «За свабоду» і Партыі БНФ (кіраваў абласной партарганізацыяй, быў сябрам Сойму Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”), грамадскім дзеячам, ініцыятарам шматлікіх канферэнцый і імпрэз. У 2022 годзе з ініцыятывы Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту ліквідавалі грамадзкае аб’яднаньне «Самакіраваньне і грамадзтва». Арганізацыя, якая дапамагала разьвіваць мясцовае самакіраваньне, праіснавала больш за 11 гадоў. Нязьменным яе лідарам быў палітык і грамадзкі дзеяч Хрыстафор Жаляпаў. Цяжка пералічыць добрыя справы, зробленыя ім для Віцебска. Віцяблянам спадар Хрыстаформ быў вядомы і як кіраўнік мясцовага аддзялення «Фонда імя Льва Сапегі», якое ў другой палове 1990-х і пачатку 2000-х гадоў займалася падтрымкай грамадскіх і культурных ініцыятыў у паўночным рэгіёне Беларусі. “Дзякуючы яму, былі створаны арганізацыя «Самакіраванне і грамадства» і рэсурсны цэнтр, які дапамагаў ажыццяўляць разнастайныя дэамакратычныя ініцыятывы, працаваў Еўрапейскі клуб, дзе праходзілі сустрэчы з выбітнымі людзьмі, была ўшанаваная памяць Льва Сапегі на ягонай малой радзіме – у мястэчку Астроўна пад Віцебскам… Пералічыць зробленае за шмат гадоў вельмі цяжка, як і цяжка паверыць, што гэтага энергічнага, нават апантанага чалавека больш няма з намі” – пішуць віцебскія актывісты. Вядома, ягоная актыўнасць не магла быць незаўважанай: актывіста шмат разоў затрымлівалі, судзілі, штрафавалі, давалі «суткі». Не так даўно Хрыстафор Савельевіч страціў жонку і сам цяжка хварэў апошнім часам, неаднаразова праходзіў хіміятэрапію. Аднак гэта не перашкаджала сілавікам сачыць за ім да апошніх дзён. Балгарын паводле паходжаньня, ён самастойна авалодаў беларускай мовай. Шмат разоў ён браў удзел у выбарах рознага ўзроўню – і як кандыдат, і ў якасці даверанай асобы сваіх аднадумцаў. Цвярозы розум не трываў ілюзій адносна вынікаў, але Хрыстафор Жаляпаў імкнуўся скарыстаць кожную, хаця б і невялікую, магчымасць сустрэцца з людзьмі, паразмаўляць з імі пра набалелае. І што самае галоўнае – натхніць на нейкія здзяйсненні. Хаця б невялікія, але вартыя таго, каб паверыць ва ўласныя сілы. Прычына сьмерці Хрыстафора Жаляпава – працяглае анкалагічнае захворваньне. Апошнія гады грамадскі дзеяч адважна змагаўся з цяжкай хваробай. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|