Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў шпіталізаваныДададзена 17.05.2023 11:12:48 | 81 праглядаў Палітзьняволены старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў шпіталі на абсьледаваньні ад 27 красавіка. ![]() Пра гэта з Facebook паведаміў зяць старшыні Партыі БНФ Дзьмітры Антончык, адзначыўшы, што прынамсі на 11 тразўня спадар Кастусёў працягвае знаходзіцца ў шпіталі. Рыгора Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калёніі па справе “аб змове”. У зьняволеньні ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем, у яго выявілі анкалягічнае захворваньне. Напрыканцы мінулага года Міністэрства ўнутраных спраў дадало палітыка ў спіс асоб, «якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Адбывае пакаранне Рыгор Кастусёў у папраўчай калоніі №22 у Івацэвічах, якая вядома пад назвай «Воўчыя норы». Адрас для лістоў: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20 Кастусёву Рыгору Андрэевічу Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1982), інжынэр-мэханік. Служыў у войску (1975-1977). Працаваў галоўным інжынэрам у гаспадарцы “Друць” Бялыніцкага раёну (1983-1988), дырэктарам гаспадаркі “Іскра” Бялыніцкага раёну (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001). Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла ─ Белая Русь” у Магілёве (2002-2004). Ад 1989 году удзельнічае ў палітычнай дзейнасьці. У 1993 годзе абраны старшынём Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ. З 1996 году — сябра Сойму БНФ. З 2002 па 2009 г. — старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ. У пэрыяд ад 2009 году да 2017 году быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў. У 2004, 2008, 2016 гадах на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Шклоўскай выбарчай акрузе, у 2019 годзе вылучаўся ў Менску. У 2012 годзе зьняў сваю кандыдатуру з парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду Партыі БНФ. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, ад 2008 году узначальваў Магілёўскую абласную кааліцыю АДС. Рашэньнем Зьезду Партыі БНФ 2010 году быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад Партыі БНФ. Паводле афіцыйных зьвестак заняў на выбарах чацьвёртае месца з 10 кандыдатаў: паводле абвешчаных Цэнтральнай камісіяй вынікаў, за Рыгора Кастусёва прагаласавалі 126 999 выбаршчыкаў (1,97% галасоў). Заявіў пра нязгоду з вынікамі выбараў, абвінаваціўшы ўлады ў парушэньні выбарчага заканадаўства і незаконных маніпуляцыях пры падліку галасоў. Узяў удзел у акцыі пратэсту пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году, быў зьбіты спецслужбамі, арыштаваны і кінуты ў сьледчы ізалятар КДБ. Адзіны з кандыдатаў, які падаў скаргу ў Цэнтральную камісію з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі. 30 верасьня 2017 года на XVIII Зьездзе Партыі БНФ (XV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”) быў абраны старшынём Партыі БНФ і старшынём Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Пераабраны на новы трохгадовы тэрмін у лістападзе 2020 году. Беларус. Праваслаўны. Жанаты. Трое дзяцей. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|