Вечар памяці Вітольда Ашурка пройдзе ў Варшаве 20 траўняДададзена 19.05.2023 3:45:21 | 73 праглядаў 20 траўня ў Варшаве пройдзе вечар памяці Вітольда Ашурка ![]() Два гады таму ў шклоўскай калёніі загінуў сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак. Пра трагедыю родным паведамілі 21 траўня 2021 года. Сваякам сказалі, што прычына сьмерці — спыненьне сэрца, хоць да турмы палітвязень на здароўе ня скардзіўся. Апошнія дні перад сьмерцю ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары, умовы ўтрыманьня ў якім праваабаронцы параўноўваюць з катаваньнямі. Вітольд Ашурак быў асуджаны да пяці гадоў зьняволеньня за ўдзел у жнівеньскіх падзеях 2020 года за гвалт над міліцыянтамі ў часе пратэстаў. Пасьведчаньне сябра Партыі БНФ суд прыняў як доказ віны па справе і пастанавіў зьнішчыць. З нагоды гадавіны трагедыі 20 траўня сябры і паплечнікі спадара Вітольда Ашурка ладзяць у Варшаве (Польшча) вечар памяці. На сустрэчы будуць гаварыць пра Вітольда, якім яго памятаюць сябры і сваякі, паплечнікі па нацыянальна-вызвольным адраджэнскім руху, пагутараць пра прынцыпы ягонага жыцьця. Таксама гасьцей чакае музычная частка. Вечар памяці пройдзе 20 траўня, пачатак у 18:30. Месца: Варшава, вуліца Крынічная, 6 (ul. Kryniczna 6), Беларускі дом. На наступны дзень, 21 траўня, у 11:30 у варшаўскім касьцёле сьв. Аляксандра на пляцы Трох Крыжоў у ніжнім храме пройдзе Сьвятая Імша ў інтэнцыі Вітольда Ашурка ў гадавіну яго сьмерці і за ўсіх загінулых палітвязьняў. Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідзкага раёну. Быў сябрам Сойму Партыі БНФ і каардынатарам руху «За Свабоду». Змагаўся за вырашэньне экалягічных праблемаў рэгіёну, займаўся ўшанаваньнем памяці паўстанцаў 1863 году, ня раз ад Партыі БНФ вылучаўся кандыдатам у дэпутаты. Праваабарончая супольнасьць Беларусі абвесьціла 21 траўня Днём салідарнасьці з палітзьняволенымі Беларусі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калёніі №17 памёр палітвязень, сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак. Мерапрыемствы да Дня салідарнасьці з палітзьняволенымі Беларусі апроч польскай сталіцы пройдуць у розных краінах і гарадах, у тым ліку ў Вільні, Беластоку, Уроцлаве, Познані, Празе, Антвэрпэне, Стакгольме, Батумі, Лёндане, Штутгарце, Рыме, Флярэнцыі, Чыкага, Дэтройце, Нью-Ёрку, Парыжы ды іншых гарадах. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|