Партыя БНФ » У Варшаве адбыўся вечар памяці па Вітольду Ашурку
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Варшаве адбыўся вечар памяці па Вітольду Ашурку

Дададзена 21.05.2023 3:39:57 | 72 праглядаў

З нагоды другой гадавіны трагічнай гібелі сябры Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка, які быў закатаваны ў шклоўскай калоніі ў траўні 2021 года, у Варшаве адбыўся вечар памяці. Згадаць пра пакутніка Беларусі прыйшло блізу ста чалавек.

Праграма вечара была вельмі насычанай. Ад выступу брата Вітольда Андрэя Ашуркі, сяброў, паплечнікаў, знаёмых, да чытання пісем Вітольда з турмы знакамітымі артыстамі-купалаўцамі ў выгнанні Зояй Белахвосцік і Аляксандрам Гарцуевым. Удзельнікі вечара памяці чулі голас Вітольда, бачылі шмат прыжыццёвых здымкаў і відэа.

Падчас сустрэчы людзі згадвалі асобу Вітольда, гаварылі пра тое, як ён узгадаваў у сабе асобу. Выступілі Аляксей Дзікавіцкі, брат палітвязня Андрэй Ашурак, Валярына Кустава, Аляксандр Мілінкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Вольга Быкоўская, старшыня Лідскай арганізацыі БНФ Сяргей Пантус, Яўген Вапа, іншыя.

Хораша гучаў вядомы хор «Вольнай Беларусі».

Адметнасцю вечара стала пасмяротная ўзнагарода Вітольда Ашурка Медалём Ордэну Пагоні ад Рады БНР. Уручылі ўзнагароду брату Вітольда Андрэю Ашурку сябры рады БНР Яўген Вапа і Аляксей Дзікавіцкі.

Кажа рэдактар беластоцкай газэты “Ніва” і радны БНР Яўген Вапа:

– Хацелася каб гэтыя медалі ўручаліся ў радасных момантах. Лёс нам выпаў такі, што ўручаем медалі менавіта тады, калі вырашаецца лёс нашага народа і нашай дзяржаўнасці. Бо без шчыта і без мяча мы гэтага не зробім – не абаронім ні дзяржаўнасці, ні народа, ні мовы, ні сябе.

Завяршыў вечар памяці Вітольду Ашурку сваімі песнямі бард Зміцер Бартосік.

Вітольд Ашурак быў асуджаны да пяці гадоў зняволення за ўдзел у пратэстах жніўня 2020 года за гвалт над міліцыянтамі ў часе пратэстаў. Сяброўскае пасведчанне сябры БНФ суд прыняў як доказ віны па справе пастанавіў знішчыць. 21 траўня 2021 года сваякам сказалі, што Вітольд памёр, прычына смерці – спыненне сэрца, хоць да турмы палітвязень на здароўе не скардзіўся. Апошнія дні перад смерцю ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары, умовы ўтрымання ў якіх праваабаронцы параўноўваюць з катаваннямі.

Вітольду Ашурку было 50 гадоў. Ён жыў у Бярозаўцы Лідскага раёну. Быў сябрам Сойму Партыі БНФ і каардынатарам руху «За Свабоду». Змагаўся за вырашэнне экалагічных праблем рэгіёну, займаўся ўшанаваннем памяці паўстанцаў 1863 году, не раз ад Партыі БНФ вылучаўся кандыдатам у дэпутаты.

Праваабарончая супольнасць Беларусі абвесціла 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.