Партыя БНФ » «Я сваю справу зрабіў». Фрагмэнты турэмных лістоў Вітольда Ашурка
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


«Я сваю справу зрабіў». Фрагмэнты турэмных лістоў Вітольда Ашурка

Дададзена 21.05.2023 4:09:02 | 81 праглядаў

Публікуем фрагмэнты турэмных лістоў Вітольда Ашурка, нават не адасланых, у другую гадавіну ягонай сьмерці.

Гэтыя і іншыя лісты былі зачытаныя ў часе вечарыны памяці па Вітольду Ашурку, што адбылася 20 траўня ў горадзе Варшава (Польшча).

Вітольд Ашурак, дэлегат
XVIII Зьезду Партыі БНФ

21 траўня – два гады з дня сьмерці Вітольда Ашурка. Мы публікуем раней не вядомыя фрагмэнты ягоных лістоў з турмы.

«Жыць з выпрастанай сьпінай цяжка»

«Суб’ектыўна чалавек у няволі павінен адчуваць роспач ад суцэльнага абмежаваньня. І ў першую чаргу гэта абмежаваньне сувязі са зьнешнім сьветам. Нават інфармацыйная блякада. Ёсьць толькі ты, і недзе там па-за сьценамі турмы тэарэтычна павінны знаходзіцца сьвет, насельнікі якога жывуць па нейкіх сваіх правілах. Імаверна, у гэтым і палягае канцэпцыя турмы: самотны чалавек марнее і становіцца крохкім.

Але, надзіва, я не адчуваю адзіноты. Мае ворагі паклапаціліся замкнуць у краты маё фізычнае цела. Але як накінуць кайданы на мае думкі? Яны ня могуць пераканаць мяне, што сусьвет па-за межамі турэмных муроў не існуе. І ваш ліст, пані, яскрава сьведчыць пра тое, што я не адзін, што грамадзтва, адкуль я выйшаў, існуе.

Я не самотны, саслабелы вязень. Я здаровы, натхнёны ідэямі чалавек, і часовая няволя не перашкода для мяне. […]

Шчыра кажучы, я больш непакоюся пра вас. Я сваю справу зрабіў і, знаходзячыся ў палоне, мала чым магу дапамагчы сумленным людзям, якія знаходзяцца пад пагрозай рэпрэсіяў. Вам нялёгка, я ведаю гэта. Жыць з выпрастанай сьпінай цяжка. А выпрастацца пасьля столькіх гадоў прыгнёту яшчэ цяжэй! Але гэта трэба рабіць.

Адзінае, што я магу дапамагчы вам і ўсім добрым людзям не здавацца. На гэта вы можаце цьвёрда разьлічваць. Бо сапраўды, наша возьме.

З павагай да вас – Вітольд. 07.01.2021

Жыве Беларусь!».

(Фрагмэнт неадасланага ліста, які знайшлі ў рэчах Вітольда.)

«Ворагі ўвесь час імкнуцца разьяднаць нас»

«Шчыры дзякуй за ліст падтрымкі. Мне вельмі прыемна чытаць лісты з усіх куткоў Беларусі і з-за межаў нашай Айчыны! Гэта натхняе мяне жыць і верыць, што мы здольныя браць на сябе адказнасьць за будучыню Беларусі!

Нашы ворагі ўвесь час імкнуцца разьяднаць нас і нацкаваць адзін на аднога.

Але, нягледзячы на тое, што мы маем розную адукацыю, розны сацыяльны статус, належым да розных рэлігійных канфэсій і маем рознае этнічнае паходжаньне, мы ўсе разам зьяўляемся беларускай палітычнай нацыяй і маем свой агульным дом – Беларусь!».

(Фрагмэнт другога неадасланага незакончанага ліста, які знайшлі ў рэчах Вітольда.)

«Гарантыяй майго хуткага вызваленьня можа быць толькі беларускі народ»

«Цікава было пачуць ад Вас навіну пра ірляндзкага дэпутата, які ўзяў палітычнае шэфства над маёй асобай! )) Безумоўна, дзякуй яму на добрым слове! Але гарантыяй майго хуткага вызваленьня можа быць толькі беларускі народ! Рэальнай гарантыяй. Тым ня менш я ўдзячны палітыку з Ірляндыі за палітычную падтрымку!

Летам-восеньню 2020-га мы ўсе разам зьдзейсьнілі сапраўдны подзьвіг – мы паўсталі супраць дыктатуры без выкарыстаньня гвалтоўных мэтадаў. Ніколі такога ў найноўшай гісторыі Сьвету не было! Гэта падзея плянэтарнага маштабу!

Дыктатура разгубілася, але выстаяла. Ёй нават здаецца, што прыйшоў час рэваншу. Але гэта ня так! Пасадзіўшы тысячы людзей за краты, рэжым толькі трошкі адцягнуў час падзеньня, але ніякім чынам не ўмацаваў свае пазыцыі.

Вязьні сталі знакамітымі нават за межамі Беларусі! Хто б ведаў Вітольда ў той Ірляндыі, каб Лідзкі суд не «запакаваў» мяне на 5 год?! Бадай што ніхто! А я ж нічога не зрабіў для такой папулярнасьці!!! Я такі самы Вітольд Ашурак, які выйшаў з мэгафонам 09.08.2020 да Лідзкага райвыканкаму! Я ня стаў лепшым! Міжнародную вядомасьць мне здабылі пракурор і суд Лідзкага раёна!

Згодзен, што яны ставілі за мэту ізаляваць мяне. Добра. Гэта я магу зразумець! Ці ёсьць эфэктыўнасьць у маёй ізаляцыі? На маё месца прыйшлі цудоўныя лідзкія людзі, якія справяцца лепей за мяне!!! Дык што гэта за эфэктыўнасьць?)))

Калі скончыцца доўгая суворая зіма і пачнецца вясна, мы з Вамі будзем бачыць, а дакладней назіраць, другую частку гэтай п’есы. Упэўнены, што яна скончыцца на мажорнай ноце! Буду вельмі рады сустрэцца з Вамі і пачаставаць Вас кавай!)))».

(Ліст да жыхаркі Ліды ад 14 лютага 2021 г.)


Купалаўцы Зоя Белахвосцік і Аляксандр Гарцуеў чытаюць лісты Вітольда Ашурка з турмы падчас вечара памяці 20 траўня 2023 года, у другую гадавіну сьмерці пакутніка

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.