Партыя БНФ » Партыя БНФ зьняла ўсіх сваіх кандыдатаў у дэпутаты
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Партыя БНФ зьняла ўсіх сваіх кандыдатаў у дэпутаты

Дададзена 16.09.2012 10:35:25 | 1,916 праглядаў

15 верасьня адбылася другая сэсія пазачарговага XV Зьезду Партыі БНФ, на якім вышэйшы кіруючы ворган партыі прыняў рашэньне аб зьняцьці сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з выбараў 2012 году. На пасяджэньні была праведзеная ацэнка выбарчага працэсу і дадзеная папярэдняя ацэнка той працы, якую правялі кандыдаты ў дэпутаты ад Партыі БНФ цягам выбарчай кампаніі.

На Зьезьдзе прысутнічала 46 дэлегатаў з 64 вылучаных.

На пачатку пасяджэньня старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што ўсе партыйныя кандыдаты ў дэпутаты правялі выбарчую кампанію годна, і вынікі гэтай кампаніі будуць працаваць на пэрспэктыву БНФ і Беларусі яшчэ доўгі час. Кажучы пра зьмест выбарчай кампаніі сп. Янукевіч адзначыў, што фронтаўцы не зьбіліся на сацыялку, не прапагандавалі свае асабістыя якасьці і не абяцалі вырашаць дробныя мясцовыя праблемы:

− Усе кандыдаты ў дэпутаты ад Партыі БНФ трымаліся партыйнай плятформы і гаварылі пра тыя асноўныя праблемы і небясьпекі, якія сёньня стаяць перад краінай, даносілі пазыцыю Беларускага Народнага Фронту да выбаршыкаў.

У ацэнцы ўмоваў выбарчай кампаніі 2012 году Аляксей Янукевіч падкрэсьліў, што ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб дэмакратычныя кандыдаты і людзі не пайшлі на выбарчыя ўчасткі.

− Улады не былі зацікаўленыя нават у стварэньні ўражаньня свабодных і справядлівых выбараў. Палітычныя вязьні дагэтуль застаюцца за кратамі, а Зьмітру Дашкевічу дабавілі яшчэ адзін год турмы. Пры фармаваньне выбарчых камісіяў было масава адмоўлена прадстаўнікаў БНФ. Так у акруговыя выбарчыя камісіі з 57 партыйных вылучэнцаў трапілі толькі 12 чалавек, ва ўчастковыя – 13 сяброў з 233 вылучаных Партыяй БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”, − заявіў лідэр БНФ.

Пасьля гарачай дыскусіі адносна зьняцьця-незьняцьця з выбараў кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ старшыня партыі Аляксей Янукевіч паставіў на галасаваньне пытаньне аб зьняцьці ўсіх кандыдатаў. За скасаваньне рашэньня аб вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прагаласаваў 41 дэлегат, супраць – 2, устрымалася – 3 чалавекі.

XV Зьезд Партыі БНФ заклікаў выбаршчыкаў устрымацца ад удзелу ў галасаваньні на падстве адсутнасьці гарантыяў справядлівага падліку галасоў.

На пасяджэньні таксама была прынятая выніковая рэзалюцыя аб палітычнай ацэнцы ўмоваў правядзеньня парлямэнцкіх выбараў 2012 году.

З улікам таго, што былі зьнятыя ўсе партыйныя кандыдаты, Зьезд Партыі БНФ прыняў рашэньне ўстрымацца ад шырокай кампаніі назіраньня, але даручыў Менскай гарадзкой арганізацыі вылучыць назіральнікаў на 101-ую выбарчую акругу г. Менска, дзе Партыя БНФ разам з Рухам “За Свабоду”, грамадзямскай кампаніяй “Гавары праўду” і іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі праводзіць кампанію актыўнага байкоту і маніторынг яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі для галасаваньня.

Зьездам таксама была прынятая прапанова даручыць кіраўніцтву Партыі БНФ распачаць перамовы з шырокім колам партнэрскіх арганізацыяў адносна магчымасьцяў правядзеньня супольнай прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году.

Такім чынам, на другой сэсіі пазачарговага XV Зьезду Партыі БНФ была пацьверджаная тактыка абумоўленага ўдзелу Партыі БНФ у выбарчай кампаніі 2012 году, вызначаная яшчэ ў студзені 2012 году.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Чэрвень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.