Выніковая палітычная ацэнка ўмоваў правядзеньня парлямэнцкіх выбараў 2012 годуДададзена 17.09.2012 12:55:11 | 2,553 праглядаў Рэзалюцыя другой сэсіі пазачарговага XV Зьезду Партыі БНФ, 15 верасьня 2012 г. У студзені 2012 году Партыяй БНФ былі вызначаныя ўмовы і фармат удзелу партыі ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня. Першая сэсія XV Зьезду Партыі БНФ 4 жніўня, кіруючыся абранай тактыкай абумоўленага ўдзелу, вылучыла кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ. Пры гэтым Зьезд Партыі БНФ канстатаваў, што належныя ўмовы правядзеньня выбараў у першай фазе выбарчай кампаніі не былі створаныя: − У вязьніцах застаюцца вязьні сумленьня, зьняволеныя на падставе іх палітычнай, грамадзкай дзейнасьці, шэраг палітыкаў знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, альбо абмежаваны ў правах. − У выбарчым заканадаўстве адсутнічаюць гарантыі сумленнага, празрыстага і вартага даверу падліку галасоў, роўных умоваў вядзеньня перадвыбарчай барацьбы для ўсіх палітычных суб’ектаў, а таксама ня створаныя рэальныя перашкоды фальсыфікацыям. − У першай стадыі выбарчай кампаніі шырока ўжываўся адміністратыўны рэсурс на карысьць кандыдатаў, падтрыманых органамі выканаўчай улады, а акруговыя выбарчыя камісіі былі сфармаваныя без рэальнага ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі. Далейшая хада выбарчай кампаніі паказала, што ўлады рэалізуюць яе ў ранейшым рэжыме адсутнасьці грамадзкага кантролю за падлікам галасоў, абмежаваньняў і рэпрэсіяў: 1) Адміністратыўны рэсурс у выглядзе заўчаснай агітацыі ў дзяржаўных мэдыях альбо з выкарыстаньнем працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў шырока выкарыстоўваўся кандыдатамі, падтрыманымі органамі выканаўчай улады. 2) Для кандыдатаў ад Партыі БНФ, а таксама для іншых кандыдатаў ад дэмакратычнай апазыцыі, былі створаныя супрацьзаконныя перашкоды ў агітацыі, што асабліва яскрава праявілася ў: − абмежаваньні месцаў і іншых магчымасьцяў для перадвыбарчых пікетаў; − адмове друку перадвыбарчай праграмы кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Стральцова з выкарыстаньнем моваў польскай і літоўскай нацыянальных меншасьцяў; − адмове шэрагу дзяржаўных выданьняў разьмясьціць у якасьці ілюстрацыі да праграмаў кандыдатаў Партыі БНФ нацыянальны гістарычна герб “Пагоня”; − незаконнай забароне для правядзеньня тэледэбатаў кандыдатам, што балатуюцца на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці. 3) Цэнзура праграмаў і выступаў кандыдатаў, а таксама забарона кандыдатам прымаць удзел у тэледэбатах у якасьці давераных асобаў іншых кандыдатаў былі ўведзеныя Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў проста ў часе кампаніі, што зьяўляецца прыкладам незаконнага абмежаваньня ўстаноўленых выбарчым кодэксам гарантыяў свабоды агітацыі. 4) З 233 прадстаўнікоў Партыяі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”, што былі вылучаныя ў склад участковых выбарчых камісіяў, у склад камісіяў былі ўключаныя толькі 13 чалавек, што пазбаўляе партыю ад магчымасьці ўдзелу ў падліку галасоў і адчыняе магчымасьці для бескантрольных маніпуляцыяў вынікамі волевыяўленьня выбаршчыкаў. На падставе абранай Партыяй БНФ тактыкі абумоўленага ўдзелу ў выбарчым працэсе пазачарговы XV Зьезд Партыі БНФ канстатуе, што выбарчая кампанія была несвабоднай, непразрыстай, яна не давала магчымасьцяў кандыдатам на роўных канкураваць за галасы выбаршчыкаў і не адпавядала абавязальніцтвам Беларусі як краіны-удзельніцы АБСЭ, а створаныя без удзелу апазыцыі ўчастковыя камісіі ня могуць лічыцца органамі, што сумленна падлічваюць галасы выбаршчыкаў. З улікам выкладзенага і кіруючыся папярэднімі рашэньнямі пра фармат і ўмовы ўдзелу ў выбарчай кампаніі, Партыя БНФ: − скасоўвае сваё рашэньне аб вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў; − заклікае выбаршчыкаў устрымацца ад удзелу ў галасаваньні на падстве адсутнасьці сумленных і справядлівых выбараў.
|
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2022 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|