Партыя БНФ » Апублікаваны Віленскі мэмарандум Рады БНР і дэмакратычнай апазыцыі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Апублікаваны Віленскі мэмарандум Рады БНР і дэмакратычнай апазыцыі

Дададзена 07.01.2013 7:26:54 | 638 праглядаў

Мэмарандум нарады старшыняў і кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі

3-га лістапада 2012 г., м. Вільня

Мы, ніжэйпадпісаныя прадстаўнікі палітычных і грамадзкіх арганізацыяў Беларусі, на сходзе 3-га лістапада 2012 году ў Вільні пад эгідай, пры паразуменьні і ва ўзае

садзеяньні са Старшынёй і сябрамі Прэзыдыюму Рады БНР:

- усьведамляючы небясьпеку, якая паўстала ў выніку паступовае страты структураю дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусі, па меры яе ператварэньня ў прыладу рэжыму асабістай улады А. Лукашэнкі, рысаў беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці й функцыяў гарантаваньня беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту;

- перакананыя, што суб’ектам і першасным гарантам незалежнай дзяржаўнасьці Беларусі і нацыянальна-культурнай пэрспэктывы беларусаў ёсьць сам беларускі народ, які павінен сьцьвярджаць сваю палітычную волю ва ўмовах свабоды;

- разглядаючы справу захаваньня і паўнавартаснай адбудовы сувэрэнітэту беларускага народу ў нашай нацыянальнай бацькаўшчыне як мэту, што яднае палітычную супольнасьць у Беларусі і беларусаў ва ўсім сьвеце,

пагадзіліся ў наступным і прымаем узаемныя абавязкі дзеля наступнага:

(1) Зарукай забесьпячэньня беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту будзе аднаўленьне мэханізму прыняцьця беларускім грамадзтвам свабодных і абгрунтаваных рашэньняў аб сваёй палітычнай будучыні, што запатрабуе дэмантажу аўтарытарнага рэжыму. Як найхутчэй маюць быць прынятыя меры засьцярогі ад паўторнага надыходу аўтарытарызму і злоўжываньня ўладай.

(2) Трэба дамагацца як найшырэйшага прызнаньня міжнароднай супольнасьцю, што Аляксандар Лукашэнка і дзяржаўныя органы пад ягоным кантролем, пры адсутнасьці дэмакратычнай легітымнасьці, ня ёсьць правамоцным і дзеяздольным прадстаўніцтвам Беларусі, асабліва у разе прыняцьця ад імя Беларусі абавязкаў і пагадненьняў з наступствамі, якія абмяжоўваюць ці абцяжарваюць яе сувэрэнітэт або датычаць распродажу дзяржаўнай маёмасьці. Гэткія пагадненьні ня будуць абавязковыя для дэмакратычнай беларускай дзяржавы ў будучыні, а стануць прадметам перагляду і магчымага скасаваньня або карэкцыі.

(3) Неабходная каардынацыя намаганьняў грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, у т.л. беларусаў замежжа, для супрацьстаяньня афіцыйнай прапагандзе, якая зьнішчае беларускую нацыянальную сьвядомасьць, і для ўмацаваньня ў беларускім грамадзтве ўсьведамленьня каштоўнасьці сувэрэннага нацыянальнага існаваньня.

(4) Павінен быць мацнейшы скаардынаваны ціск палітычнай і грамадзянскай супольнасьці ў краіне і за яе межамі дзеля зьмяншэньня ў беларускім грамадзтве пачуцьця страху, найперш вызваленьня і рэабілітацыі палітычных вязьняў, спыненьня палітычных рэпрэсіяў і дэмантажу рэпрэсіўнага апарату, свабоды для сродкаў масавай інфармацыі, а ўрэшце – правядзеньня свабодных выбараў. Выкананьне гэтых умоваў дазволіць Беларусі выйсьці зь міжнароднай самаізаляцыі, адкрые магчымасьці дзеля падвышэньня дабрабыту народу і ўмацаваньня сувэрэнітэту праз належны ўдзел у сыстэме міжнародных дачыненьняў.

(5) Неабходна дамагацца гарантыяў непарушнасьці беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту з боку краінаў Эўрапейскага Зьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі і Расейскай Фэдэрацыі, непрызнаньня міжнародна-праўнай сілы любых небясьпечных для сувэрэннага статусу Беларусі рашэньняў, якія ад яе імя можа зрабіць аўтарытарнае кіраўніцтва, а таксама непрызнаньня легітымнасьці любых шкодных для сувэрэнітэту Беларусі правоў і прывілеяў, якія Расейская Фэдэрацыя можа сьцьвярджаць ці дамагацца ў Беларусі на грунце дактрыны “зоны асаблівых інтарэсаў”.

(6) Дзеля забесьпячэньня сувэрэнітэту ад рызыкаў крызіснага і пераходнага пэрыяду ў абставінах каляпсу аўтарытарнага рэжыму неабходна распрацаваць і палітычна ўзгадніць супольны пакет першачарговых палітычных, эканамічных і юрыдычных захадаў у галіне энэргэтычнай і харчовай бясьпекі, культурна-інфармацыйнай палітыкі, забесьпячэньня адміністрацыйнай кіравальнасьці ва ўмовах пераходу да дэмакратыі, барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю, а таксама забясьпечыць максымальную падтрымку, якую можна мабілізаваць з боку прыхільных гэтым мэтам дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў.

(7) Удзельнікі нарады зь Беларусі пацьвярджаюць прызнаньне Рады БНР у яе статутнай ролі непартыйнага, надпалітычнага органу беларускай гістарычнай дзяржаўнасьці, будуць імкнуцца каардынаваць з Радай БНР працу дзеля дасягненьня вышэйзгаданых супольных задачаў, будуць разьлічваць на адпаведнае садзеяньне і падтрымку з боку Рады БНР, будуць спрыяць Радзе у яе дзейнасьці дзеля канчатковага спаўненьня свайго гістарычнага мандату.

(8) Да часу надыходу статутных умоваў складаньня Радай БНР свайго гістарычнага мандату, г. зн. абраньня дэмакратычнае ўлады на свабодных выбарах, пры гарантаванай дзяржаўнай незалежнасьці, прадстаўнікі беларускай палітычнай і грамадзянскай супольнасьці прызнаюць Раду БНР рэзэрвовым палітычным дэпазытарам беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі. Старшыня і сябры Прэзыдыюму Рады БНР пацьвярджаюць адданасьць Рады мэце спаўненьня свайго статутнага мандату. Да часу заканчэньня свайго мандату Рада БНР можа адыгрываць таксама іншыя ролі, да якіх была б належна пакліканая беларускай палітычнай супольнасьцю і грамадзтвам.

Беларускія палітычныя і грамадзкія арганізацыі і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі маюць намер забясьпечваць у маштабе ўсясьветнай беларускай супольнасьці палітычную ды інфармацыйную каардынацыю, а таксама спрыяць адпаведнаму ўзаемадзеяньню рэсурсаў сваіх арганізацыяў і органаў на ўсіх узроўнях, у Беларусі і ў вонкавых кантактах, у рэалізацыі супольных і (ці) скаардынаваных захадаў дзеля захаваньня нацыянальнай незалежнасьці ў абставінах самаізаляцыі, крызісу і дэмантажу аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.

[Подпісы прадстаўнікоў арганізацыяў у альфабэтным парадку – на момант падпісаньня ў Вільні 03.11.2012 г.:]

Барадач Уладзімер, Аргкамітэт “Савету нацыянальнага адраджэньня”

Вячорка Вніцук, Аргкамітэт “Беларускага Руху”

Дабравольскі Аляксандар., Аб’яднаная грамадзянская партыя

Дземідзенка Мікалай, “Малады Фронт”

Карач Вольга, ГК “Наш Дом”

Колас Уладзімер, Рада беларускай інтэлігенцыі

Мілінкевіч Аляксандар, “Рух “За Свабоду”

Шушкевіч Станіслаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада

Янукевіч Аляксей, Партыя БНФ

[Подпісы прадстаўнікоў арганізацыяў у альфабэтным парадку – на момант апублікаваньня 12.11.2012 г.:]

Някляеў Уладзімер, кампанія «Гавары праўду»

Пазьняк Зянон, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ

Рымашэўскі Віталь, Аргкамітэт партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя

Сіўчык Вячаслаў, Рух салідарнасьці «Разам»

Ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі –

Сурвілла Івонка, Старшыня Рады БНР

 

Паводле Беларускай рэдакцыі Польскага радыё

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.