Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як пераўтварыць рэпрэсіўныя органы ў праваахоўныя
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як пераўтварыць рэпрэсіўныя органы ў праваахоўныя

Дададзена 29.07.2013 5:11:11 | 3,964 праглядаў

27 ліпеня 2013 года Сойм Партыі БНФ абмеркаваў і ўхваліў Канцэпцыю мадэрнізацыі судоў і праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь. Гэты дакумент быў падрыхтваны ў межах адной з працоўных групаў папярэдняга этапу Еўрапейскага дыялогу дзеля мадэрнізацыі Беларусі.

Над дакументам працавалі аўтарытэтныя беларускія эксперты, правазнаўцы, палітолагi, праваабаронцы. Я ўсцешаны, што ў дакуменце ўтрымліваецца шмат тэзаў, пра якія я і Партыя БНФ казалі падчас ранейшых выбарчых кампаніяў. Напрыклад, менавіта ў маёй праграме, як кандыдата ад БНФ, на мінулых прэзідэнцкіх выбарах была адзначана неабходнасць адмены смяротнага пакарання, а адной з галоўных тэзаў была ідэя вяртання да вяршэнства закону праз наданне, менавіта, законам вышэйшай юрыдычнай сілы ў параўнанні з указамі прэзідэнта.

Рэформа праваахоўных органаў была ў фокусе і Народнай праграмы, якая была рэалізаваная Партыяй БНФ і Рухам “За свабоду”. Мы не спынялі гэтую працу і ў перыяд татальных рэпрэсіяў 2011 года, калі менавіта рэпрэсіўная і карная сутнасць беларускіх сілавых структураў выйшла на першы план.

Сойм БНФ падтрымаў Канцэпцыю мадэрнізацыі праваахоўных органаў і судоў зыходзячы з таго, што яна не пярэчыць праграме БНФ і развівае, напаўняе практычным зместам яе прынцыповыя палажэнні. Канцэпцыя будзе ўзята на ўзбраенне сябрамі і прыхільнікамі Партыі для правядзення агітацыйнай дзейнасці ў час далейшых палітычных кампаніяў усіх узроўняў.

У цэлым вяртанне на шлях прававога развіцця краіны немагчыма без дэмантажу існуючай рэпрэсіўнай сістэмы і надання яе органам сапраўды праваахоўнай функцыі.

На дадзены момант як суды так і праваахоўныя органы не валодаюць неабходнай для іх дзейнасці самастойнасцю і знаходзяцца ў моцнай залежнасці ад кіраўніка дзяржавы і падпарадкаваных яму структур. Практычна ўсіх суддзяў, у тым ліку кіраўнікоў судоў, кіруючы склад праваахоўных органаў (пракуратуры, Следчага камітэту, органаў унутраных спраў, спецслужбаў, Міністэрства юстыцыі) прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады асабіста прэзідэнт. Фінансавае, матэрыяльна-тэхнічнае і іншае забяспячэнне гэтых органаў ажыццяўляюць структуры прэзідэнцкай улады і падпарадкаваныя ім органы кіравання.

У выніку суды і праваахоўныя органы ў сваёй дзейнасці арыентуюцца не на выкананнне закона і вызначаных законам функцыяў, а на выкананне прэзідэнцкіх актаў і ўказанняў вышэйшых органаў улады.

Давер насельніцтва да судоў і праваахоўных органаў падае. Парадаксальным чынам кадравая палітыка прывяла з аднаго боку да адтоку прафесіяналаў, з іншага боку – да празмерна раздзьмутых штатаў сілавых структураў, кампетэнцыя якіх часам перакрыжоўваецца і нерацыянальна дублюецца.

Суды. У мэтах пераадолення карупцыі і залежнасці суддзяў ад выканаўчай улады неабходна перабудаваць тэрытарыяльную судовую сістэму, аддзяліўшы яе ад адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу. У перспектыве належыць правесці судова-прававую рэформу са змяненнем парадку фармавання судоў і ўвядзеннем у якасці ніжэйшага звяна судовай сістэмы міравых (участковых) суддзяў. Суды, з органаў, якія ажыццяўляюць палітыку выканаўчай улады, павінны стаць незалежнымі арбітрамі ў спрэчках бакоў.

Належыць увесці спецыялізацыю суддзяў па справах з удзелам непаўнагадовых і па адміністратыўных спрэчках, а ў перспектыве — разгледзець пытанне аб стварэнні адпаведных спецыялізаваных судоў. На дадзены момант даўно назрэла неабходнасць увядзення судоў з удзелам прысяжных засядацеляў пры абласных (Мінскім гарадскім) судах і Вярхоўным судзе РБ па справах звязаных са злачынствамі, за якія прадугледжваецца пажыццёвае зняволенне альбо смяротнае пакаранне. Мэтазгодна прадугледзець апеляцыйную форму праверкі прысудаў па крымінальных справах на падставе скаргі абвінавачанага, яго абаронцы, пацярпелага, грамадскага пазоўніка, грамадскага адказніка і іх прадстаўнікоў. Касацыйная форма праверкі судовых пастаноў на першапачатковым этапе можа быць захаваная.

Пракуратура. Наабходна ў першую чаргу пераўтварыць пракуратуру з ваенізаванага ведамства ў цывільнае, скасаваўшы спецыяльныя званні пракурораў. Варта звузіць сферу агульнага нагляду за выкананнем заканадаўства, абмежаваўшы яе праверкамі інфармацыі аб фактах злачынстваў, выключыць з кампетэнцыі органаў пракуратуры права даваць санкцыі на арышт і вытворчасць асобных следчых і аператыўных дзеянняў, перадаўшы гэтае паўнамоцтва у распараджэнне судовай улады. У перспектыве пракуратура з цэнтралізаванай сістэмы органаў павінна стаць дэцэнтралізаванай з абмежаванымі паўнамоцтвамі па нагляду за расследваннем злачынстваў, падтрыманні абвінавачвання ў судах, ажыццяўленні нагляду за выкананнем крымінальных пакаранняў.

Органы ўнутраных справаў. МУС і падпарадкаваныя органы ў першую чаргу павінны быць пазбаўлены неўласцівых ім функцыяў, у тым ліку звязаных з палітычным пераследам апанентаў дзеючага рэжыму (які цяпер часта ажыццяўляецца сіламі МУС пры відавочным парушэнні заканадаўства і фальсіфікацыі доказаў). Трэба рэарганізаваць і скараціць у разы ўнутраныя войскі, развіваючы пры гэтым сістэму тэрытарыяльнай абароны. У выніку, органы ўнутраных спраў павінны ўспрымацца грамадскасцю не як рэпрэсіўныя органы, а як праваахоўныя, стаячыя на варце правоў грамадзян і аховы грамадскага парадку.

Пенітэнцыярная сыстэма. Дэпартамент выканання пакаранняў разам з канвойнымі і ахоўнымі падраздзяленнямі неабходна перадаць у падпарадкаванне Міністэрству юстыцыі. Як паказвае практыка еўрапейскіх краін, у тым ліку Расіі, гэта дазваляе палепшыць сітуацыю ў сферы выканання крымінальных пакаранняў, звязаных з пазбаўленнем волі. Пры Дэпартаменце выканання пакаранняў і пры кожнай калоніі павінны дзейнічаць грамадскія наглядальныя камісіі, у склад якіх уключыць прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, што выказалі такое жаданне. Неабходна адмовіцца ад практыкі патрабавання ад асуджаных «абавязацельства аб правапаслухмяных паводзінах» і ўнесці адпаведныя змены ў заканадаўства. Выключыць з Крымінальнага кодэксу артыкул 411 «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі», паколькі гэткія фармулёўкі ствараюць перадумовы для адвольнага асуджэння асоб, што парушылі рэжым адбывання пакарання.

Дзяржаўная бяспека. У нашай краіне даўно назрэла неабходнасць скарачэння штатнай колькасці органаў дзяржаўнай бяспекі і пераводу супрацоўнікаў у разрад цывільных служачых, звузіўшы задачы і накірункі дзейнасці органаў КДБ, выключыўшы з практыкі органаў КДБ правядзенне контрразведвальнай дзейнасці ў дачыненні да палітычных партый, грамадскіх актывістаў. Павінны быць усталяваны парламенцкі (грамадскі) кантроль над дзейнасцю органаў дзяржаўнай бяспекі. Добрым іміджавым крокам было б пераіменаванне КДБ, бо ў сучасным свеце сённяшняя назва ўспрымаецца накшталт “гестапа” часоў фашысцкай Германіі.

Органы юстыцыі. Неабходна выключыць з ведамаснай сферы Міністэрства юстыцыі ажыццяўленне законапраектнай дзейнасці, паўнамоцтвы, якія дазваляюць яму ўмешвацца ў дзейнасць адвакатаў, права складання пратаколаў і разгляд спраў аб адміністратыўных правапарушэннях, права ўзбуджаць хадайніцтвы аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці суддзяў.

На сённяшні дзень у камунікацыі паміж структурамі Еўрапейскага Саюзу і афіцыйным Мінскам не апошняе месца займае пытанне далейшага развіцця Праграмы Еўрапейскага дыялогу дзеля мадэрнізацыі Беларусі. Мяркуецца, што ўладныя структуры краіны ўсё ж далучацца да працы ў межах гэтага інструмента, які дае некаторыя хоць і сціплыя, але вельмі канкрэтныя магчымасці дзеля развіцця нашай краіны. Мадэрнізацыйны дыялог – гэта адзін са спосабаў вырашэння тых праблемаў, што стаяць перад нашай краінай, якія, сярод іншага, выкліканы недальнабачнай і хібнай палітыкай дзеючага рэжыму.

Было б вялікай памылкай не скарыстацца гэтымі магчымасцямі. Памылкай з боку беларускіх уладаў будзе і спроба звесці дыялог з ЕС да абмеркавання толькі пытанняў па абнаўленні вытворчых фондаў. Мадэрнізацыя – гэта не проста тэхнічная справа, а больш сацыяльная. І прыняццё на ўзбраенне (нават часткова) выкладзенай вышэй канцэпцыі мадэрнізацыі праваахоўнай і судовай сістэмы дазволіць вырашыць структурныя праблемы развіцця нашай краіны.

Naviny.by

One Response to Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як пераўтварыць рэпрэсіўныя органы ў праваахоўныя

  1. zdanek says:

    поўная лажа. напісана выключна па выніках ацэнкі сітуацыі ў Беларусі, а вось мінусы заходнія і нават эканамічн. мэтазгоднасць і эффектыўнасць не ўлічаны. пасля саўкавага суду будзе поўны заходні лібералізец з ўсімі яго наступствамі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Красавік 2023
M T W T F S S
« Mar    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.