Партыя БНФ » Ушанавалі Міхала Валовіча і паўстанцаў 1830-1831 гадоў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ушанавалі Міхала Валовіча і паўстанцаў 1830-1831 гадоў

Дададзена 08.08.2013 3:05:26 | 840 праглядаў

У суботу, 3 жніўня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося мерапрыемства па ўшанаванню аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830-1831 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў.
Каля памятнага крыжа ў гонар паўстанцаў, які знаходзіцца на парэцкіх могілках, адбыўся імправізаваны мітынг, перад пачаткам якога удзельнікі прачыталі малітву “Ойча Наш”. Мерапрыемства адкрыў кіраўнік слонімскай суполкі БХД Іван Бедка, які распавёў пра змагарны шлях Міхала Валовіча і яго паплечнікаў. Пасля выступілі кіраўнік Партыі БНФ Іван Шэга, літаратар, гісторык і края-знавец Сяргей Чыгрын і іншыя прамоўцы. У сваіх выступленнях слонімцы прыгадвалі паўстанцаў 1830-1831 гадоў і тых, хто паклаў сваё жыццё за свабоду Беларусі.

Трэба адзначыць тое, што напярэдадні мерапрыемства быў абноўлены памятны знак Міхалу Валовічу і яго паплечнікам. На мемарыяльную пліту, якая была пастаўлена ў 2003 годзе, была пакладзена новая пліта. Абнаўленне памятнага знака адбылося дзякуючы фінансавай дапамозе гродзенскага грамадскага актывіста Аляксандра Талерчыка, які родам з вёскі Парэчча, і які некалі напісаў і выдаў кнігу пра родную вёску і пра Міхала Валовіча.
Міхал Валовіч нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Слонімскага павета, дзе меў маёнтак і ўласную зямлю. Скончыў Віленскі ўніверсітэт.
Пасля паражэння паўстання Валовіч быў вымушаны эмігрыраваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Пад уплывам Ю. Заліўскага вырашыў пры-
няць удзел у ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб узняць там сялянскае паўстанне, паколькі паўстанне 1830 – 1831 гадоў было збольшага шляхецкім.
Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. Па рашэнні Ю. Заліўскага, Валовіч узначаліў слонімска-навагрудскую акругу. 19 сакавіка 1833 г. паўстанцы перайшлі расійскую мяжу і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гродзеншчыне. У атрад Валовіча прыйшлі сяляне з вёсак Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Але такія дзеянні ўстрывожылі ўлады. Гродзенскі губернатар Мураўёў даў загад акружыць над Шчарай атрад. Валовіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але пісталет даў асечку. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гродзеншчыне было арыштавана звыш 150 чалавек. На допыце Валовіч сведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб
здзейсніць свой намер і вызваліць сялян».
11 чэрвеня 1833 у Гродне пачаўся судовы працэс. Побач з Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян. Міхал Валовіч быў прысуджаны да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў змякчыў прысуд — Валовіча павесілі ў Гродне 2 жніўня 1833 года. Астатнія паўстанцы былі сасланы ў Сібір на катаржныя работы, у арыштанцкія роты, на пасяленне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Вострава на чале з М. Шыманскім.
Паводле Газеты Слонімскай

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.