Партыя БНФ » Актывіста Партыі БНФ звольнілі з працы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Актывіста Партыі БНФ звольнілі з працы

Дададзена 22.01.2014 11:11:07 | 2,443 праглядаў

Старшыня Рады Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шэвель з Лагойску звольнены з пасады сыстэмнага адміністратара замежнага прадпрыемства ТАА «Мінаўта». Сам актывіст зьвязвае непадаўжэньне працоўнага кантракту са сваёй палітычнай дзейнасьцю і ўспрымае яго, як праяву палітычна матываванага перасьледу.

Зьміцер Шэвель працаваў у «Мінаўта» трынаццаць год на пасадах наладчыка станкоў з праграмным кіраваньнем, кантрольнага майстра, начальніка вытворча-дыспэтчарскага бюро, мэнэджара па пэрсанале і сыстэмным адміністратарам. Парушэньняў дысцыпліны і нараканьняў па працы ад кіраўніцтва ня меў. Прадпрыемства займаецца вытворчасьцю аўтамабільных камплектавальных для Bosch ды іншых заходнеэўрапэйскіх вытворцаў.

Складанасьці на працы пачаліся ў актывіста Партыі БНФ ад лістапада 2013 году, калі наноў прызначаны дырэктар замежнага прадпрыемства ТАА “Мінаўта” Леа Штыс (грамадзянін Нямеччыны) паведаміў, што не плянуе падаўжаць кантракт з супрацоўнікам. Адначасова сп. Шэвелю было адмоўлена ў пераводзе на іншую пасаду, хоць само прадпрыемства адчувае недахоп работнікаў (у раённай газэце публікуюцца абвесткі пра шматлікія вакансіі).

Зьміцер Шэвель зьвязвае сваё звальненьне з палітычнай дзейнасьцю і ўспрымае яго як праяву палітычна матываванага перасьледу. Спробы зьвярнуцца да нямецкага холдынга «GM-Tec», у склад якога ўваходзіць беларускае прадпрыемства, не прывялі да перагляду рашэньня адміністрацыі. Інфармацыя пра палітычны ўціск на прадпрыемстве з нямецкім капіталам была таксама накіраваная ў нямецкую амбасаду ў Беларусі. Адначасова на прадпрыемстве ўзмацніўся ціск на іншых супрацоўнікаў. “Такім чынам замежны інвэстар спрабуе спадабацца мясцовай вэртыкалі, зачысьціўшы працоўны калектыў ад грамадзка-актыўных асобаў”, – адзначае актывіст Партыі БНФ.

Сп. Шэвель удзельнічаў ва ўсіх выбарчых і палітычных кампаніях, што ладзіліся ў Лагойску ад 2001 году: зьбіраў подпісы за кандыдатаў у прэзыдэнты Домаша, Мілінкевіча, Кастусёва, вылучаўся кандыдатам у дэпутаты мясцовага савета ў 2003 і 2010 гадах (набраў па афіцыйных зьвестках, адпаведна, 26% і 24% галасоў), быў назіральнікам на выбарах, неаднаразова быў затрыманы і пакараны штрафам за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту ў 2011 годзе. На апошніх парлямэнцкіх выбарах 2012 году быў кандыдатам ад Партыі БНФ і згодна з рашэньнем партыі зьняў сваю кандыдатуру ў знак пратэсту супраць несправядлівых умоваў выбарчай кампаніі і наяўнасьці ў краіне палітвязьняў.

У 2004 годзе на актывіста ўжо аказваўся ціск з боку адміністрацыі ТАА “Мінаўта” з прычыны ягонага ўдзелу у парлямэнцкай кампаніі. Тады пад пагрозай звальненьня ён быў вымушаны зьняць сваю кандыдатуру з выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

У гэтым годзе Зьміцер Шэвель прымае ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Ягонай ініцыятыўнай групе па вылучэньні ў абласны савет было адмоўлена ў рэгістрацыі, аднак актывсіт плянуе быць вылучаным шляхам партыйнага вылучэньня ад Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ.

Нагадаем, што мінулым летам  быў звольнены сябра Сойма Партыі БНФ доктар Іван Шэга, які працаваў траўматолягам ў Слонімскай раённай бальніцы.

Партыя БНФ плянуе паведаміць пра палітычна матываваны ўціск на сяброў партыі па месцы працы Спэцыяльнаму дакладчыку ААН па правах чалавека ў Беларусі сп. Міклашу Харашці.

Партыя БНФ запрашае журналістаў на прэс-канферэнцыю, прысьвечаную палітычнаму ціску на  сяброў партыі па месцы працы. Прэс-канферэнцыя адбудзецца 28 студзеня а 12 гадзіне ў штаб-кватэры Партыі БНФ у Менску (вул. Чарнышэўскага, 3, тэл. (017) 284 50 12 )

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Люты 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
242526272829  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.