Партыя БНФ » Эўразійскі саюз – пагроза дабрабыту і незалежнасьці, перашкода дэмакратызацыі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Эўразійскі саюз – пагроза дабрабыту і незалежнасьці, перашкода дэмакратызацыі

Дададзена 29.05.2014 8:30:45 | 1,616 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч рэзка негатыўна ацаніў удзел Рэспублікі Беларусь у падпісаньні 29 траўня 2014 году дамовы пра стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюза.

Сёньня ў сталіцы Казахстана Астане заплянаванае падпісаньне дамовы пра стварэньне гэтак званага Эўразійскага эканамічнага саюза. Удзел Рэспублікі Беларусь у гэтым чарговым інтэграцыйным утварэньні не адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам.

sojuz

Эўразійскі саюз можа нанесьці шкоду народнай гаспадарцы Беларусі і балюча ўдарыць па дабрабыту ўсіх нашых суайчыньнікаў. Ад яго выйграе толькі расейская эканоміка, якая атрымае безперашкодны доступ да беларускіх працоўных і гаспадарчых рэсурсаў. Агрэсіўны расейскі алігархічны капітал, які ёсьць зброяй у руках сучаснага расейскага імпэрыялізму, можа разбурыць беларускі нацыянальны бізнэс.

Досьвед функцыянаваньня гэтак званага Мытнага саюза сьведчыць, што беларускі ўрад і прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь у органах кіраваньня інтэграцыйнымі ўтварэньнямі не ў стане абараняць інтарэсы беларускага бізнэсу і беларускіх спажыўцоў. Праз гэтыя структуры нашай краіне навязваюць невыгодныя гандлёвыя абмежаваньні, якія ўсталёўваюцца выключна ў інтарэсах Расеі.

Эўразійскі саюз ад моманту ўтварэньня прывядзе да яшчэ большга павелічэньня коштаў на спажывецкія тавары, да дэфіцыту якасных і танных тавараў з краінаў, што не ўдзельнічаюць у гэтым саюзе.

Пад прыкрыцьцём лёзунгаў пра адзіную прастору для руху працоўных рэсурсаў у Беларусь будуць прыцягнутыя танныя і некваліфікаваныя працоўныя рукі з Усходу, што пагражае скарачэньнем працоўных месцаў, зьмяньшэньнем заробкаў ды будзе штурхаць беларусаў да эміграцыі за мяжу ў пошуках працы.

Эўразійскі саюз ёсьць чарговым крокам па здачы элемэнтаў нацыянальнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь і пагражае стратай кантролю за нацыянальнай эканомікай. Пад шыльдай Эўразійскага саюзу рыхтуецца здача расейскаму капіталу найбольш эфэктыўных беларускіх прадпрыемстваў – Інтэграла, Гродна-Азота, МАЗа, нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў ды іншых. У замен дзеючы рэжым разьлічвае атрымаць кароткатэрміновую падтрымку ў выглядзе крэдытаў, якія будуць пушчаныя на падтрымку неэфэктыўнай адміністратыўна-каманднай мадэлі эканомікі. Але ж досьвед і лёгіка ўсіх ранейшых інтэграцыйных авантураў сьведчыць, што такім чынам беларускі ўрад страчвае кантроль над усё большымі элемэнтамі нацыянальнай дзяржавы.

Эўразійскі саюз ёсьць аб’яднаньнем недэмакратычных рэжымаў, таму ўдзел у ім Беларусі зьяўляецца сродкам кансэрвацыі ў нашай краіне аўтарытарнага ладу. Адсутнасьць народаўладзьдзя, пагарда правоў асобы, фальсіфікацыі выбараў і маніпуляцыі воляй народа ў мэтах забесьпячэньня незьмяняльнасьці аўтарытарнага кіраўніцтва – гэта тое, на чым Эўразійскі саюз грунтуецца. Адпаведна, Эўразійскі саюз будзе ўсялякім чынам перашкаджаць разьвіцьцью дэмакратыі.

Нацыянальным інтарэсам Беларусі і беларускага народа адпавядае эўрапэйскі, а не азіяцкі шлях разьвіцьця. Менавіта эўрапейскі выбар, які ўжо зрабілі нашыя краіны-суседзі Літва, Латвія, Польшча, і пра які вельмі выразна і мужна заявіў змагарны ўкраінскі народ, зьяўляецца адзіным магчымым шляхам сапраўднага разьвіцьця нашай нацыі.

Інтэграцыя ў Эўропу – гэта стабільнае і высокатэхналагічнае разьвіцьцё, мадэрнізацыя эканомікі, рост дабрабыту ды эўрапейскія стандарты жыцьця, умацаваньне гарантыяў незалежнасьці і разьвіцьцё дэмакратыі.

Эўразійскі саюз – гэта стагнацыя і заняпад эканомікі, падзеньне ўзроўню жыцьця да стандартаў мінулага стагодзьдзя, якія існуюць у Сярэдняй Азіі, захоп працоўнага рынку мігрантамі з азіяцкіх краінаў, страта кантролю за лепшымі прадпрыемствамі краіны, кансэрвацыя недэмакратычнага рэжыму і неэфэктыўнай сыстэмы адміністрацыйнага кіраваньня эканомікай.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Чэрвень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.