Партыя БНФ » Першы ляўрэат памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча – Алег Корбан
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Першы ляўрэат памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча – Алег Корбан

Дададзена 12.07.2014 9:10:07 | 2,105 праглядаў

12 ліпеня напачатку паседжаньня Сойму Партыі БНФ старшыня партыі Аляксей Янукевіч паведаміў вынікі падліку галасоў сябраў сойму па прысуджэньні памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча. Паводле вынікаў галасаваньня, першы памятны знак атрымае грамадзкае аб’яднаньне “Альтэрнатыва” і яе лідэр Алег Корбан.

Created with Nokia Smart Cam

Знак імя Віктара Івашкевіча быў заснаваны Партыяй БНФ у памяць пра выбітнага палітыка-фронтаўца, арганізатара шматлікіх дэманстрацый ды шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў мінулым годзе. Паводле рашэньня заснавальнікаў і са згоды сваякоў Віктара Івашкевіча, вырашана ўганароўваць памятным знакам асобы і арганізацыі, якія спрычыніліся да правядзеньня масавых акцый у Беларусі. Крытэрамі для ўручэньня знаку зьяўляюцца: актуальнасьць тэмаў акцый і адпаведнасьць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, крэатыўнасьць і творчы падыход пры плянаваньні і правядзеньні акцыі, грамадзкі розгалас і масавасьць акцыі, яе ўплыў на грамадзтва.

Прэзэнтуючы вынікі першага ўганараваньня знакам памяці Віктара Івашкевіча, лідэр БНФ Аляксей Янукевіч сказаў: “Зараз у Беларусі надзвычай неспрыяльны час для любой вулічнай актыўнасьці. Тым больш каштоўныя тыя арганізацыі ды ініцыятывы, якія ў гэтай сытуацыі дэманструюць актыўнасьць і заўважныя на вуліцах гарадоў. У свой час Віктар Івашкевіч – чалавека дзеяньня – браў сьцяг і ішоў на плошчу, незалежна ад таго санкцыянавалі ўлады акцыю альбо не. Дзейнасьць арганізацыі “Альтэрнатыва” ў апошні год ёсьць прыкладам менавіта гэткага грамадзкага падыходу да рэалізацыі права на свабоду сходаў. Бадай што, акурат гэтая арганізацыя за апошні год зладзіла пераважную большасьць акцый у Менску па найбольш актуальных праблемах, у тым ліку супраць расейскай акупацыі тэрыторыі Ўкраіны, а таксама па сацыяльных пытаньнях, акцыі ў абарону незалежнасьці Беларусі, супраць Эўразійскага зьвязу ды расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі, за вызваленьне палітвязьняў і ў падтрымку нацыянальнай сымболікі. Вядома, якая жорсткая рэакцыя ўладаў на любую вулічную актыўнасьць ёсьць цяпер у Беларусі. Паказальна, што менавіта цяпер лідэр “Альтэрнатывы” Алег Корбан знаходзіцца за кратамі. Я спадзяюся, ён сёньня будзе вызвалены, і мы здолеем уручыць яму заслужаную ўзнагароду”.

Старшыня Партыі БНФ асобна адзначыў, што першае паўгодзьдзе 2014 году сьведчыць пра пагаршэньне сытуацыі са свабодай мітынгаў і дэманстрацый. Нягледзячы на тое, што шэраг акцыяў былі дазволеныя, стала шырока практыкавацца затрыманьне ўдзельнікаў нават дазволеных акцый. Абурэньне выклікаюць прэвэнтыўныя затрыманьні, але не менш істотнымі абмежаваньнямі свабоды сходаў ёсьць затрыманьні ўдзельнікаў пасьля дазволеных мітынгаў, а таксама арышты пасьля правядзеньня мерапрыемстваў на падставе публікацыяў у СМІ.

Аляксей Янукевіч паведаміў, што за першае паўгодзьдзе 2014 году Праваабарончым цэнтрам “Вясна” было зафіксавана 170 затрыманьняў па палітычных падставах (у тым ліку 67 выпадкаў адміністратыўнага арышту). Такім чынам, па колькасьці затрыманых першая палова гэтага году стала самым горшым пэрыядам ад часу правядзеньня маўклівых акцыяў у 2011 годзе (павелічэньне колькасьці затрыманьняў заўважнае нават, калі адкінуць тыя затрыманьні, што адбыліся ў час Чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску). У сувязі з гэтым, палітык выказаў перасьцярогу, што вызваленьне некаторых палітвязьняў, асуджаных па крымінальных артыкулах, можа суправаджацца эскалацыяй адміністратыўнага перасьледу ды іншых менш жорсткіх рэпрэсіўных захадаў.

У парадку дня сёньняшняга пасяджэньня Партыі БНФ заплянаванае прыняцьцё звароту да дзяржаўных органаў Беларусі з патрабаваньнем скасаваньня перашкодаў у справе рэалізацыі свабоды асацыяцыяў (зварот прапанаваны Віцебскай абласной арганізацыяй Партыі БНФ).

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.