Партыя БНФ » У Сьветлагорску звольнілі з працы настаўніцу года Алену Масьлюкову
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Сьветлагорску звольнілі з працы настаўніцу года Алену Масьлюкову

Дададзена 22.09.2014 9:19:57 | 2,004 праглядаў

У сярэдняй школе № 10 г. Сьветлагорска звольнілі з працы сябру БНФ Алену Масьлюкову, якая сёлета была прызнана лепшай настаўніцай Сьветлагорскага раёна. У мінулым навучальным годзе ёй уручылі грамату Гомельскага абласнога ўпраўленьня адукацыі, а цяпер не працягнулі кантракт, нават не даючы магчымасць выпусціць свой 11 клас.

845D69C1-80CA-4FE2-8CF8-8F7D1791308C_w640_r1_sШкольнікі і бацькі настойваюць, каб Алена Аляксандраўна аспрэчыла загад на звальненьне ў судзе.

У новым навучальным годзе Алена Масьлюкова як клясны кіраўнік мелася выпускаць ажно дзьве клясы, бо й да гэтага была кіраўніком у дзьвюх клясах. Адзінаццаціклясьнікі, даведаўшыся, што іхнюю настаўніцу звальняюць, пасьля лінейкі зладзілі ў актавай залі разьвітаньне, падобнае да пратэсту. Падняліся на сцэну самі, запрасілі прысутных бацькоў і, канечне, Алену Аляксандраўну — і ўручылі настаўніцы 71 ружу.

Масьлюкова: «Гэта такі ахапак, што я ледзьве данесла дадому. Думаю, што яны мне штосьці хацелі сказаць. Але яны ўжо нічога не маглі сказаць, бо пачалі многія плакаць. Яны плачуць, і я таксама плачу. Сьлёзы ў бацькоў. Усе абдымаюцца».

Прысутны кіраўнік спраў райвыканкаму Вячаслаў Дзікун зрабіў выгляд, што не зразумеў, што адбываецца:

«Я думаў, што кагосьці праводзяць на пэнсію. Але ж паглядзеў, што вельмі маладая жанчына. Дык што гэта? Гэта Масьлюкову так праводзілі?»

Бацькі тлумачаць:

«Так, праводзілі Масьлюкову. І вы павінны вярнуцца ў выканкам і сказаць там, каб гэтая справа была вырашана, каб Алену Аляксандраўну вярнулі ў школу».

А дырэктарка школы Людміла Драпеза, як распавялі бацькі, па-свойму адрэагавала: «Вы што, хочаце мне тут Украіну?»

Алена Аляксандраўна скончыла гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага дзяржунівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Мае звыш 30 гадоў пэдагагічнага стажу, зь якіх амаль 24 гады выкладала гісторыю. Яна — пэдагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яшчэ летась за высокія вынікі працы ўганаравана граматай Гомельскай абласной управы адукацыі. А сёлета ў лютым прызнана ў раёне настаўніцай году.

masliukova_2Фінал конкурса “Настаўнік года” ў Светлагорску, А. Маслюкова – другая з правага боку. 2 лютага 2014 г. Фота: sn.by

Дый у 10-ю школу яе пераводам пяць гадоў таму запрасіла сама ж дырэктарка Людміла Драпеза.

Нейкую насьцярожанасьць і дробныя прычэпкі Масьлюкова адчула пасьля таго, як яе ўгаварылі ўдзельнічаць у абласным конкурсе на званьне «Лепшы настаўнік году». У анкеце трэба было чамусьці запаўняць графу «партыйнасьць»:

«Я кажу: Партыя БНФ. Адна завуч дакладна ведала, што я ў гэтай партыі. Іншая была шчыра зьдзіўлена. Пытаюцца: „Дык так і пісаць?“ Я адказваю: „Я ж не хаваюся, я даўно ў гэтай партыі. Жадаеце пісаць — пішыце, хоць, у прынцыпе, лічу, што ў дадзеным выпадку гэта некарэктнае пытаньне“.

Пасьля гэтага адносіны дырэктаркі да мяне — звонку як бы й незаўважна, але пачалі пакрысе мяняцца. То да аднаго прычэпіцца, то да другога, што ў іншых выкладчыкаў магла й не заўважаць. Такія дробязі па працы, неістотныя і несур’ёзныя».

Масьлюкова аднойчы нават рэзка запыталася: «Дык што, мне заяву на звальненьне напісаць?»

Але сапраўдны канфлікт здарыўся ў чэрвені. Алена Аляксандраўна заступілася тады за маладзейшую каляжанку, якую дырэкцыя прымушала выпісваць на канікулы афіцыйныя газэты:

«Если вам что-то не нравится — в частную школу, пожалуйста. Если вам что-то не нравится — в исполком, можно с Тельманом Викторовичем (муж Масьлюковай, пэдагог і вядомы грамадзкі актывіст. — РС)». Я кажу: «А пры чым тут Тэльман Віктаравіч? Калі трэба схадзіць у выканкам, кажу, то я схаджу. Ведаю, куды ісьці, і што сказаць — таксама ведаю». Яна мне: «Такія людзі, як вы, „сделали Майдан в Украине“. А я адказваю: „Людміла Якаўлеўна, з-за такіх, як вы, ніколі ў жыцьці не адбываецца пераменаў. І з-за такіх чыноўнікаў, як вы, магчыма, і адбыўся Майдан ва Ўкраіне“. Яна мяне ўвесь час тыкала Ўкраінай, бо з настаўнікамі, калі яны ў мяне як у гісторыка пыталіся, што і як там адбываецца, то я выказвала сваё меркаваньне. І дадавала: вы можаце меркаваць як жадаеце, бо вы ж дарослыя людзі. А я лічу, што гэта так і так».

Некаторую незадаволенасьць, як мяркуе Алена Масьлюкова, магла выклікаць і яе прынцыповая ацэнка ўзроўню ведаў асобных навучэнцаў, якімі апекавалася адміністрацыя школы. У выніку настаўніца году й апынулася на вуліцы:

«Мне ўжо тэлефанавалі юрысты зь Менску з прафсаюзаў. Раілі падумаць, бо да 29 верасьня можна яшчэ абскардзіць звальненьне ў судзе. Бацькі тэлефануюць, патрабуюць, каб я гэта зрабіла. Я нават ня ведаю. З аднаго боку, мне ня надта хочацца гэтым займацца. Зь іншага, мне шкада дзяцей, якія выпускаюцца, бо ёсьць перад імі маральны абавязак. Таму я цяпер у нейкім такім раздраі».

Атрымаць камэнтар дырэктаркі школы Людмілы Драпезы пра адмову працягнуць кантракт з настаўніцай вышэйшай кваліфікацыі і звольніць яе на самым пачатку навучальнага году пакуль немагчыма — яна сышла на бальнічны. А ў аддзеле адукацыі ўсім тлумачаць, што прызначаюць у школу толькі адміністрацыю. Астатнія кадры — справа самой школы.

Падбор кадраў: кампетэнтнасць і мараль – не галоўнае

Многія ў Светлагорску не сумняваюцца, што чарговае гучнае звальненне ў школе мае дрэнна схаваныя палітычныя матывы. Шмат педагогаў, не згодных з ідэалагічнымі патрабаваннямі ўладаў, сыходзяць са школ самі. Між тым, без кампетэнтных, але “нязручных” для ўладаў настаўнікаў якасць сярэдняй адукацыі няўхільна зніжаецца. Ці не таму цэнтралізаванае тэсціраванне паказвае штогод значна ніжэйшыя веды ў выпускнікоў у параўнанні з адзнакамі ў школьных атэстатах?

– Вось вам і якасць, і ўзровень нашай адукацыі. Пагаршэнне ведаў на выхадзе – ужо норма. У школе – ні табе пашаны, ні грошай, ні задавальнення, – каменціруе звальненне А. Маслюковай адзін з ранейшых выпускнікоў СШ-10 – А. Петухоў, які ўжо сам паспрабаваў настаўніцкай працы.

Усё гэта вядзе да той сітуацыі ў сістэме адукацыі Светлагорскага раёна, якую нармалёвай не назавеш. Дастаткова ўзгадаць хоць бы крымінальную справу па гвалтаванню дзяўчынак памочнікам выхавальніка ў дзіцячым доме. Там падбор кадраў не выклікаў сумнення ў адукацыйнага начальства.

Не згодны з ідэалогіяй? Выключыць са школы!

З паведамленняў СМІ за апошнія гады бачна, што гэта не першы падобны выпадак у СШ-10 Светлагорска. Некалькі год таму Л. Драпеза намагалася выключыць са школы 11-класніцу Марыяну Мірчук – за тое, што навучэнка цікавілася грамадска-палітычнымі пытаннямі, і яе погляды не ва ўсім супадалі з ідэалагічнымі патрабаваннямі дырэктара (у далейшым дзяўчына паспяхова закончыла міжнародны каледж і ВНУ). Разам з тым, падчас выбараў ад навучэнцаў патрабуецца абслугоўваць працу выбарчай камісіі. Прыцягненне вучняў да абслугоўвання выбараў, якія з’яўляюцца палітычным мерапрыемствам, для дырэктара прымальнае.

Лінейка не па сцэнарыю

Апошнім працоўным днём у А. Маслюковай было 2 верасня. Адкрыццё навучальнага года 1 верасня праводзілі ў актавай залі, з-за пахмурнага надвор’я. Адзінацацікласнікі, якія вялі лінейку, нечакана папрасілі выйсці на сцэну А. Маслюкову, увесь свой клас і бацькоў. “Дзеці плакалі”, – напісаў В. Раманцоў. Развітваючыся з настаўніцай, вучні падарылі ёй вялізарны букет руж.

Пасля лінейкі прысутныя бацькі сабраліся ў дырэктара з просьбай заключыць кантракт з настаўніцай хоць бы на год, каб даць магчымасць 11 класу закончыць школу разам са сваёй класнай кіраўніцай. Аднак дырэктар адмовіла ў гэтым.

Паводле Радыё Свабода і сайту “Гомель грамадзянскі”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.