Партыя БНФ » Вынікі XVI Зьезду Партыі БНФ (фота, відэа)
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі XVI Зьезду Партыі БНФ (фота, відэа)

Дададзена 12.10.2014 3:57:37 | 2,620 праглядаў

11 кастрычніка 2014 году ў Менску прайшоў XVI справаздачна-выбарчы Зьезд Партыі БНФ (XIV Зьезд Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”). Нагадаем, першапачаткова Зьезд быў заплянаваны на 13 верасьня, аднак праз адмовы ўсіх прыдатных памяшканьняў у Менску паседжаньне перанесьлі на месяц.

zjezd

ФОТАРЭПАРТАЖ

На пачатку Зьезду намесьнік старшыні Партыі БНФ  Аляксандр Стральцоў зачытаў вітаньні Зьезду ад замежных партнэраў, прадстаўнікоў IDU (Міжнародны дэмакратычны зьвяз), Эўрапейскай народнай партыі, Альянсу Эўрапейскіх Кансэрватараў і Рэфармістаў ды партыяў-партнэраў БНФ з Эўропы.

Зь вітальнымі выступамі перад удзельнікамі Зьезду Партыі БНФ выступілі старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Павал Севярынец, лідэр кампаніі “Гавары праўду” Ўладзімер Някляеў, а таксама намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алена Анісім. Спадарыня Анісім у сваім выступе ад імя аргкамітэту Кангрэсу за незалежнасьць адзначыла ролю Партыі БНФ як авангарда ў супольнай барацьбе за захаваньне незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны.

Згодна з паведамленьнем мандатнай камісіі, у працы Зьезду БНФ узялі ўдзел 156 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны.

У парадак дня Зьезду з ініцыятывы намесьніка старшыні Ігара Лялькова было ўнесенае пытаньне пра разгляд заявы былога намесьніка старшыні Алеся Міхалевіча аб скасаваньні рашэньня Сойму БНФ ад 14 чэрвеня 2008 году пра выключэньне Міхалевіча з Партыі БНФ. Пасьля працяглых дыскусіяў Зьезд прыняў рашэньне аднавіць Алеся Міхалевіча ў шэрагах Партыі БНФ.

Зьезд заслухаў справаздачы старшыні і ягоных намесьнікаў пра дзейнасьць партыі за апошнія тры гады і прызнаў яе станоўчай. Таксама была заслуханая справаздача  старшыні рэвізійнай камісіі.

bb

На пасаду старшыні партыі былі вылучаныя дзьве кандыдатуры: дзеючага старшыні Аляксея Янукевіча і лекара з Гомеля Васіля Раманава. У скрыні для галасаваньня знойдзна 133 бюлетэні. За Аляксея Янукевіча – 113 галасоў. За Васіля Раманава – 18 галасоў. Несапраўдныя – 2 бюлетэні. Не прынялі ўдзелу ў галасаваньні – 23 дэлегаты Зьезду. Такім чынам старшынём Партыі БНФ абраны Аляксей Янукевіч. Згодна са Статутам, гэта для яго апошні тэрмін на пасадзе старшыні партыі.

Намесьнікамі старшыні Партыі БНФ былі абраныя Рыгор Кастусёў, Ігар Лялькоў, Аляксандр Стральцоў і Вольга Лагвіновіч. Зьезд абраў Сойм Партыі БНФ у складзе 51 чалавекі (сярод іх 10 жанчын) і Рэвізійную камісію.

У пытаньні пра падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што ў мэтах еднасьці дэмакратычных сілаў Партыі БНФ на дадзены момант не варта вылучаць сваяго прэтэндэнта на адзінага канддата ад апазыцыі, а варта гуртаваць шырокую кааліцыю розных нацыянальна-дэмакратычных аб’яднаньняў.

Было праведзенае рэйтынгавае галасаваньне па асобах, якія маглі бы быць падтрыманыя Партыяй БНФ у якасьці супольных кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Галасы дэлегатаў разьмеркаваліся наступным чынам: Аляксандр Мілінкевіч – 68 галасоў, Мікола Статкевіч – 21 голас, Алена Анісім – 20 галасоў, Уладзімер Някляеў – 14 галасоў, Анатоль Лябедзька – 1 голас. Вынікі гэтага галасаваньня маюць рэкамэндацыйны характар і будуць улічвацца партыйным кіраўніцтвам у часе перамоваў зь іншымі палітычнымі сіламі. У дыскусіях гучалі прапановы па партйнай тактыцы на прэзідэнцкія выбары, у тым ліку была агучаная канцэпцыя  Ўладзімера Падгола.

Зьезд унёс зьмены ў праграму Партыі БНФ. Большасьць зь іх маюць тэхнічны характар і скіраваныя на прывядзеньне праграмы ў адпаведнасьць з актуальнымі рэаліямі. Разам з тым,  у сувязі з канфліктам ва Ўкраіне істотна перапрацаваны блёк датычны вайсковай бясьпекі. Сымбалічна, што Зьезд БНФ, які адбыўся напрыканцы абвешчанага беларускімі правабаронцамі “Тыдня суппраць сьмяротнага пакараньня”, унёс у партыйную праграму палажэньне пра скасаваньне сьмяротнага пакараньня.

Зьезд Партыі БНФ ухваліў чатыры рэзалюцыі:
1. Заява “Патрабуем вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў!“;
2. Заява “У падтрымку свабоды, тэрытарыяльнай цэласнасці і эўрапейскага выбару Ўкраіны“;
3. Рэзалюцыя “Эўразійскі Зьвяз супярэчыць беларускім нацыянальным інтарэсам
4. Заява “Беларусь не павінна быць пляцдармам для расейскіх вайсковых базаў!

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.