Партыя БНФ » БНФ прапануе зьмяніць парадак набыцьця лекавых сродкаў па рэцэптах
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ прапануе зьмяніць парадак набыцьця лекавых сродкаў па рэцэптах

Дададзена 19.11.2014 12:28:52 | 2,003 праглядаў

19 лістапада 2014 г. старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч накіраваў у Міністэрства аховы здароўя прапановы Партыі БНФ па ўдасканаленьні працы з рэцэптамі на набыцьцё лекаў. Гэты зварот быў выкліканы тым, што цягам апошняга месяца дзейнічае палажэньне, паводле якога рэцэпты на набыцьцё лекаў маюць аднаразовы характар і павінныя пакідацца ў аптэцы.

Tablets, caplets, and capsulesЗ 19 кастрычніка гэтага года ў Беларусі пачаў дзейнічаць новы парадак выпіскі рэцэптаў для набыцьця лекаў. Ён быў зацьверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 9 верасьня 2014 года №66 «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 27 сьнежня 2006 г. №120 і ад 31 кастрычніка 2007 г. №99». Гэтым актам былі ўнесеныя зьмены ў Належную аптэчную практыку і Інструкцыю аб парадку выпіскі рэцэпту.

Новы парадак прадугледжвае, што пры набыцьці лекавых сродкаў за поўны кошт выпісаныя рэцэпты павінныя заставацца ў аптэцы. Гэтае новаўвядзеньне выклікала шматлікія нараканьні з боку грамадзянаў. Цягам апошняга месяца, калі дзейнічае новы парадак, у Партыю БНФ паступілі шматлікія скаргі грамадзянаў на нязручнасьці і перашкоды ў набыцьці лекаў.

У прыватнасьці, грамадзяне скардзяцца на неабходнасьць атрыманьня некалькіх рэцэптаў, а таксама на неабходнасьць паўторна зьвяртацца да лекараў. Гэта для хворых азначае дадатковыя паходы да ўрача, а для медыкаў – дадатковую нагрузку.  Ступень занепакоенасьці грамадзянаў нязручным новым парадкам працы з рэцэптамі, а таксама неабходнасьцю залішніх візытаў да лекараў (асабліва з улікам хваробаў, сталага ўзросту хворых, а таксама вялікіх чэргаў і складанасьцяў у запісу на прыём у медычных установах), настолькі вялікая, што гэтая праблема набыла палітычны характар і падарвала давер да айчыннай сыстэмы аховы здароўя.

“На працягу гэтай восені Партыя БНФ супольна з партнэрамі па ініцыятыве “Народны #‎рэферэндум‬” ладзіла  слуханьні па пытаньнях удасканаленьня сыстэмы аховы здароўя. Так супала, што акурат у гэты пэрыяд улады ўвялі новы парадак выпіскі рэцэптаў. Патрабаваньне пакідаць рэцэпт у аптэцы і неабходнасьць ісці да лекара па новы рэцэпт пасьля набыцьця лекаў выклікае справядлівую незадаволенасьць грамадзянаў. Медычныя ўстановы цяпер вымушаныя выдаткоўваць дадатковы час на выпіску новых рэцэптаў. Відавочна, што гэткае нагрувашчваньне паператворчасьці ў эпозу інфармацыйных тэхналёгіяў зьяўляецца нерацыянальным. Асабліва прыкра, што гэткая бюракратызацыя б’е па самых неабароненых людзях – па хворых і нямоглых, якія вымушаныя цягнуцца ў медычныя ўстановы за новымі паперкамі для працягу курсу лячэньня. У нашых прапановах мы грунтуемся на выніках грамадзкіх слуханьняў па пытаньнях рэфармаваньня аховы здароўя, а таксама на напрацаваных партыяй прапановах па ўдасканаленьні сыстэмы першаснай медычнай дапамогі. Мы кіруемся артыкулам 45 Канстытуцыі Беларусі, які гарантуе грамадзянам Беларусі права на ахову здароўя і ўскладае на дзяржаву абавязак стварэньня даступнага для ўсіх медыцынскага абслугоўваньня,” – адзначыў Аляксей Янукевіч у камэнтары прэс-службе Партыі БНФ.

У сваім звароце ў Міністэрства аховы здароўя Партыя БНФ прапануе прыпыніць дзеяньне пастановы №66, а таксама ўносіць канкрэтныя прапановы  па стварэньні эфектыўнай мадэлі выпіскі рэцэптаў, зручнай для пацыентаў і лекараў, якая б дасягала мэты прадухіленьня самалячэньня, але не парушала бы канстытуцыйныя права грамадзянаў на ахову здароўя.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Люты 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
242526272829  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.