Партыя БНФ » Партыі БНФ забаранілі правядзеньне акцыі ў Слуцку
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Партыі БНФ забаранілі правядзеньне акцыі ў Слуцку

Дададзена 28.11.2014 9:03:39 | 1,849 праглядаў

Слуцкі райвыканкам не даў дазволу на правядзеньне Партыяй БНФ мітынгу ў Слуцку 29 лістапада з нагоды 94-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Адпаведны адказ атрымаў кіраўнік слуцкай арганізацыі Партыі БНФ Віталь Амяльковіч.

У якасьці падставы для забароны акцыі выканкам пазначыў, што заяўленае месца правядзеньня мітынгу (пляцоўка каля Слуцкага краязнаўчага музэю) не зьяўляецца дазволеным месцам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што адзінае месца ў горадзе, дзе можна праводзіць мітынгі у Слуцку – гэта гарадзкі стадыён. Таксама не былі дадзеныя і дазволы на правядзеньне ўрачыстых сходаў у іншых месцах, зьвязаных з памяцьцю Слуцкага паўстаньня – у Грозаве, Семежаве ды Вызьне.

slucak 2014

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч наступным чынам пракамэнтаваў забарону памятных мерапрыемстваў:

Адмова дадзеная па надуманых падставах, і тут улады не дэманструюць пасьлядоўнасьць  – акурат ля краязнаўчага музэю акцыі ладзяцца традыцыйна, і летась удзельнікі мітынгу Партыі БНФ з гарадзкога стадыёна рушылі да музэю, дзе адбываўся дазволены мітынг КХП-БНФ. Апошні раз з забаронай адзначэньня Слуцкага Збройнага Чыну мы сутыкаліся ў 2012 годзе. Супастаўляючы гэтае рашэньне чыноўнікаў з перасьледам удзельнікаў і арганізатараў іншых восеньскіх акцыяў апазыцыі (Дзяды ў Менску ды Берасьці, ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863-га году ў Сьвіслачы), а таксама шматлікія нематываваныя арышты і затрыманьні грамадзкіх актывістаў, я магу зрабіць выснову, што ўлады ўжо пачалі дзейнічаць у рэжыме падрыхтоўкі да палітычнай кампаніі 2015 году. Я прагназую, што ў часе падрыхтоўкі да выбараў будуць паўтарацца гэткія  падобныя захады па ўдушэньні ўсіх праяваў грамадзкай актыўнасьці.

У Дзень Герояў 27 лістапада сьвядомыя грамадзяне Слуцка, а таксама актывісты Парыі БНФ і кампаніі “Гавары праўду” уручылі жыхарам горада больш за 200 самаробных Памятак, прысьвечаных угодкам Слуцкага паўстаньня, паведамляе “Новы Час”.

Апрача кароткай гісторыі паўстаньня ва ўлётцы ўзгадваецца артыкул 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які ўтрымлівае абавязак берагчы гісторыка-культурную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасьці.

 

Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Адзін месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, супраціўляліся наступу савецкіх войскаў.

14 лістапада 1920 году распачалася збройная абарона незалежнасьці Беларусі на Случчыне. У гэты дзень там распачаўся Зьезд, які абраў Раду Случчыны. Задачамі Рады стала арганізацыя грамадзянскага кіраваньня, а таксама абароны краю. Зьезд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і навакольлі, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі. Збройныя дзеяньні адбываліся з 27 лістапада па 31 сьнежня 1920 году.

З 1980-х гадоў угодкі Слуцкага Паўстаньня, як знакавая падзея ў гісторыі барацьбы за незалежнасьць, Беларусі адзначаюцца беларускім грамадзтвам як Дзень Герояў. Афіцыйныя ўлады ігнаруюць антыбальшавіцкі збройны чын.

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.