Партыя БНФ » Праект маніфеста за Незалежнасьць
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Праект маніфеста за Незалежнасьць

Дададзена 11.12.2014 12:31:58 | 1,765 праглядаў

Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенню Усебеларускага кангрэсу за Незалежнасць апублікаваў праект маніфеста ў абарону незалежнасьці, які мяркуецца прыняць на форуме 21 сьнежня. Маніфест у абарону Незалежнасці Беларусі, які падрыхтавалі ініцыятары Кангрэсу за Незалежнасць, стане, на іх думку, дакументам, які аб’яднае тысячы прыхільнікаў і абаронцаў беларускай дзяржаўнасці.

Сустаршынямі кангрэсу абраныя акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі XIII склікання Мечыслаў Грыб, педагог і кінарэжысёр Уладзімір Колас, былы суддзя Канстытуцыйнага суда першага складу, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, а таксама гісторык і грамадскі дзяяч Алег Трусаў.

На адрас аргкамітэта кангрэса прыйшоў ліст ад старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Зянона Пазняка, які выказаў падтрымку дзейнасці па падрыхтоўцы і правяденні кангрэса, а таксама зрабіў некалькі прапаноў да праекту Маніфеста.

Такім чынам, на сённяшні дзень ідэю правядзення кангрэсу падтрымала шырокая беларуская грамадскасць па ўсёй краіне, а таксама Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Рада беларускай інтэлігенцыі, Партыя БНФ і КХП-БНФ.

 

 

Праект

Маніфест у абарону незалежнасці Беларусі

Мы, удзельнікі Усебеларускага кангрэса, усведамляючы сваю адказнасць за лёс Беларусі, жадаючы захаваць нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі беларускага народа, усведамляючы прыярытэт нацыянальных інтарэсаў перад прыватнымі палітычнымі амбіцыямі, кіруючыся імкненнем забяспечыць суверэнітэт і свабоду нашай Бацькаўшчыны  і вярнуць дзяржаўныя структуры Рэспублікі Беларусь на шлях служэння беларускаму народу, дзейнічаючы ў межах нашых законных правоў, прымаем наступны Маніфест.
* * *

Мы нагадваем, што дзяржаўны суверэнітэт нашай краіны быў абвешчаны 27 ліпеня 1990 года ў Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларусі. 25 жніўня 1991 г. Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона.

У артыкуле 1 Дэкларацыі адзначаецца, што Беларусь — суверэнная дзяржава, якая паўстала на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу.

У артыкуле 2 Дэкларацыі падкрэсліваецца, што носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне з’яўляецца беларускі народ, які складаюць грамадзяне усіх нацыянальнасцяў.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 г., пацвердзіла асноўныя палажэнні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Так, у артыкуле 1 Канстытуцыі замацоўваецца, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Аднак папраўкі, прынятыя ў выніку рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, прывялі да парушэння фундаментальных нормаў Дэкларацыі і Канстытуцыі Беларусі.

Сур’ёзная пагроза суверэнітэту дзяржавы ўзнікла ў сувязі з заключэннем дамоваў з Расійскай Федэрацыяй аб стварэнні так званай «саюзнай дзяржавы», што выклікала пратэст дэмакратычнай грамадскасці і скліканне Усебеларускага з’езда 29 ліпеня 2000 года. На ім быў прыняты Акт аб незалежнасці Беларусі, у якім адзначалася, што «суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, а нават праз рэферэндум». У ім таксама была прызнана, што не маюць законнай сілы любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту Беларусі.

Новую  сур’ёзную пагрозу незалежнасці краіны нясе ў сабе Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, ратыфікаваны 9 кастрычніка беларускімі ўладамі.  Шэраг палажэнняў гэтага Дагавора супярэчаць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая  пагроза ўзмацняецца значнымі зменамі ў геапалітыцы, выкліканымі імкненнем кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі ўсталяваць новы сусветны парадак.

Мы заяўляем:

Беларусь — гэта наш дом, які мы адтрымалі ў спадчыну ад продкаў і павінны захаваць для нашчадкаў. Мы і наша зямля – не “шчыт”, “фарпост” ці “буфер” для суседніх дзяржаваў. Размяшчэнне замежных вайсковых кантынгентаў і базаў на тэрыторыі Беларусі недапушчальнае. Усе замежныя войскі павінны пакінуць нашу тэрыторыю.

Беларусь – краіна, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Гэта адбіваецца на здароўі нашых суайчыннікаў. Кіраўніцтва краіны павінна спыніць шматгадовую практыку замоўчвання і ігнаравання наступстваў чарнобыльскай праблемы. Вялікую трывогу выклікае будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі, рашэнне аб якім было прынята без уліку меркавання народа.

Мы занепакоены і тым, што народ на працягу апошніх 20 гадоў фактычна пазбаўлены магчымасці абіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясцовай і вышэйшай улады.

Мы не можам заставацца абыякавымі да дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Нацыя старэе і паступова вымірае. Нам неабходна зрабіць палітычныя і эканамічныя захады, якія б давалі магчымасць для  самарэалізацыі моладзі на радзіме,  спрыялі стварэнню сям’і, заахвочвалі да нараджэння і гадавання дзяцей.

Наша зямля і яе нетры не павінны бескантрольна аддавацца ва ўласнасць ці арэнду замежным грамадзянам або дзяржавам. Усе інвестыцыйныя праекты, звязаныя з новым будаўніцтвам, павінны прымацца са згоды і пад кантролем грамадства.

* * *

Прымаючы пад увагу, што ўступленне ў сілу з 1 студзеня 2015 года Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе можа стаць асновай для страты дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, прывесці да далейшага знішчэння беларускай мовы, ператварыць Беларусь у адзін з суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, мы патрабуем ад уладаў неадкладна скасаваць Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе або ўнесці ў яго тэкст адпаведныя змены.

Мы заяўляем, што ўсе пагадненні і дагаворы, якія былі заключаны з парушэннем Канстытуцыі і якія ставяць пад пагрозу незалежнасць нашай краіны, павінны быць перагледжаны.

Мы аб’яўляем ўсім краінам і народам, міжнародным і рэгіянальным арганізацыям, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца суверэннай, нейтральнай і без’ядзернай дзяржавай.

Мы заклікаем палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні і рухі, патрыятычна настроеных грамадзян падтрымаць гэты Маніфест і далучыцца да агульнанацыянальнай кампаніі ў абарону незалежнасці нашай краіны.

Маніфест прыняты на пасяджэнні Кангрэса і адкрыты для падпісання іншымі суб’ектамі грамадзянскай супольнасці.

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.