Партыя БНФ » Грамадзяне Беларусі не павінныя быць закладнікамі нестабільнасьці ў краінах АДКБ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Грамадзяне Беларусі не павінныя быць закладнікамі нестабільнасьці ў краінах АДКБ

Дададзена 01.02.2015 2:36:34 | 1,627 праглядаў

Палітычная заява Сойму Партыі БНФ

31 студзеня 2015 г.

10 студзеня 2015 году ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ваенным становічшы” былі ўсненыя зьмены і дапаўненьні, якія, сярод іншага, істотна пашыраюць пералік абставінаў, што кваліфікуюцца ў якасьці нападу на Рэспубліку Беларусь і могуць служыць падставай для ўвядзеньня ваеннага становішча. Гэтыя зьмены набываюць моц ад 1 лютага 2015 году.

У прыватнасьці, новая рэдакцыя закону ўважае за напад на Рэспубліку Беларусь не толькі дзеяньні, наўпрост скіраваныя супраць нашай краіны, але таксама і акт ўзброенай агрэсіі з боку якой-кольвек дзяржавы або групы дзяржаў, зьдзейсьнены супраць дзяржавы-удзельніка Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Такім чынам новая рэдакцыя Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ваенным становічшы” неапраўдана пашырае паняцьце нападу на Рэспубліку Беларусь, увязвуючы яго з падзеямі ў Арменіі, Расеі, Таджыкістане (які мае мяжу з нестабільным Аўганістанам) ды іншых краінах АДКБ, у якіх маюцца шматлікія крыніцы нестабільнасьці і тэрытарыяльныя канфлікты. Гэткая трактоўка пагрозаў нацыянальнай бяспецы не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі і ставіць унутраную палітыку ў нашай краіне ў залежнасьць ад канфліктаў у параўнальна далёкіх ад нашай краіны “гарачых кропках”.

Партыя БНФ выказвае занепакоенасьць з нагоды таго, што ўнесеныя з заканадаўства зьмены могуць быць адной з праяваў стварэньня прававой базы для ўцягваньня Беларусі ў сярэднеазіяцкія, закаўказскія і іншыя канфлікты, у тым ліку інспіраваныя агрэсіўнымі правакацыямі з боку расейскіх рэваншыстаў. Асаблівую трывогу выклікае тое, што новая трактоўка ваеннай пагрозы патэнцыйна можа быць ужытая ў выпадку справядлівых дзеяньняў Украіны па абароне сваёй тэрытарыяльнай цэласнасьці і аднаўленьні кантролю за тэрыторыяй Крымскай паўвыспы, якая цяпер незаконна анэксаваная Расейскай Фэдэрацыяй.

Таксама новая рэдакцыя Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ваенным становічшы” стварае прававыя падставы для неабгрунтаванага абмежаваньня правоў і свабодаў грамадзянаў, асабліва ў частцы свабоды слова і вольнага распаўсюду інфармацыі, істотна пашырае межы ваеннай цэнзуры і магчымага выкарыстаньня спецыяльных сродкаў і зброі.

На падставе выкладзенага Сойм Партыі БНФ заяўляе:

Унесеныя ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ваенным становічшы” зьмены не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі, пярэчаць Канстытуцыі, робяць нашую краіну закладніцай чужынскай палітыкі ў межах блоку АДКБ, пагражаюць выкарыстаньнем беларускіх вайскоўцаў дзеля забесьпячэньня чужых геапалітычных інтарэсаў.

Партыя БНФ цьвёрда выступае супраць уцягваньня нашай краіны ў вайсковыя канфлікты на постсавецкай прасторы.

Партыя БНФ патрабуе выхаду Рэспублікі Беларусь з АДКБ і выступае за пабудову новай архітэктуры нацыянальнай бяспекі з апорай на супрацу з краінамі Эўраатлянтычнай супольнасьці.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Красавік 2023
M T W T F S S
« Mar    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.