Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як інвестыцыі закапваюцца ў зямлю
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як інвестыцыі закапваюцца ў зямлю

Дададзена 29.03.2015 11:24:40 | 1,302 праглядаў

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у блогавым допісе на сайце “Беларускія навіны” каментуе вынікі дзесяцігадовай праграмы жыльлёвага будаўніцтва ў вёсцы – інвестыцыі ў так званыя “аграгарадкі”.

20 сакавіка ў час правядзення калегіі Камітэту дзяржкантроля Беларусі яго старшыня Леанід Анфімаў заявіў, што ў 2015 годзе ведамства займецца праверкай эфектыўнасці ўкладання сродкаў у аграгарадкі.

“Да канца бягучага году неабходна правесці кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы і ацаніць, наколькі эфектыўна выкарыстаны ўкладзеныя сродкі і ці адпавядаюць пабудаваныя аграгарадкі тым мэтам і задачам, дзеля якіх яны ствараліся, чым жывуць і ў якіх умовах працуюць людзі”, — паставіў задачу сваім падначаленым старшыня КДК.

У адрозненні ад свайго папярэдніка Якабсона, які спрабаваў разабрацца ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ды так і сыйшоў у адстаўку неразабраўшыся, Анфімаву дастаўся больш складаны накірунак працы — навесці, нарэшце, парадак у выкарыстанні бюджэтных сродкаў, якія выдзяляюцца на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, іншых праграм па аграрнаму сектару, з якім не справіўся нават былы прэм’ер-міністр Мясніковіч, выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы.

А разбірацца ёсць шмат у чым. Бо як бы не прыпадносіла беларуская прапагандыстская машына “паспяховасць” рэалізацыі разнастайных праграм, скіраваных на развіццё сельскай гаспадаркі, шыла, як кажуць, у мяшку не схаваеш. Рэаліі жыцця паказваюць, як непрафесійна, бязглузда выконваюцца гэтыя праграмы, як злачынна асвойваюцца фінансавыя сродкі, выдзеляемыя з дзяржаўнага бюджэту.

Ужо, нават, рэдакцыя газеты “СБ Беларусь сегодня” вымушана была звярнуць увагу на дадзеную праблему. У нумары ад 09.12.2014 г. пасля шматлікіх зваротаў грамадзян у рэдакцыю і розныя іншыя інстанцыі, нарэшце, з’явіўся матэрыял аб новых аварыйных “прэзідэнцкіх” дамах у аграгарадках Капыльскага, Лагойскага,Слуцкага раёнаў Мінскай вобласці. Дзесяткі, сотні новых домікаў, пабудаваных для працаўнікоў сяла за кошт дзяржаўнага бюджэту па праграме развіцця сяла пачалі развальвацца адразу пасля здачы іх у эксплуатацыю.

Меры, прымаемыя мясцовымі ўладамі па рамонту дамоў, мільярды рублёў фінансавых сродкаў, выдзеляемыя на гэта, належнага эфекту не далі, жыць у гэтых дамах немагчыма. І, як звычайна, вінаватых зноўку няма. Па некаторых фактах нават былі ўзбуджаны крымінальныя справы, але пасля доўгіх разбіральніцтваў і экспертыз усе яны былі прыпынены.

Падобных фактаў хапае не толькі ў гэтых трох раёнах Міншчыны. У кожнай вобласці краіны можна знайсці сотні такіх прыкладаў, калі “прэзідэнцкія” домікі па розных прычынах гадамі застаюцца незаселенымі, а многія з іх ужо знесены, бо не адпавядаюць умовам для пражывання.

Па словах Анфімава, жадае ён разабрацца і з тым, як рэалізуцецца Рэспубліканская праграма развіцця малочнай галіны на 2010-2015 гады, а дакладней — у эфектыўнасці рэканструкцыі малочна-таварных ферм.

Пра якую эфектыўнасць, спадар Анфімаў, тут можа ісці гаворка, калі на новых жывёлагадоўчых комплексах і рэканструяваных фермах сабекошт аднаго скатамесца дасягае 10 тысяч долараў і перавышае еўрапейскія стандарты да трох раз…

А як усё прыгожа пачыналася на словах.

…27 мая 2005 года, у час правядзення рэспубліканскага семінару па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005-2010 гады, які адбыўся на Брэстчыне, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў цэнтры ўвагі павінен знаходзіцца чалавек.

“Мы не закапываем деньги в землю, как кричат наши оппозиционеры, а инвестируем капитал в важнейшую сферу народного хозяйства”, — падкрэсліў ён у час свайго выступа перад удзельнікамі семінару.

“Сельский дом не должен уступать по комфортности городскому, однако необходимо, чтобы он учитывал особенности деревенского уклада жизни, крестьянский менталитет”, — выказаў Лукашэнка сваё меркаванне.

Згодна ўказа № 150 ад 25.03.2005 года Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005-2010 гады прадугледжвала фармаванне 1481 аграгарадка на базе цэнтраў сельсаветаў і сельгаспрадпрыемстваў з паляпшэннем жыллёвых умоваў для сельскага насельніцтва і развіццём сацыяльнай інфраструктуры населеных пунктаў.

Агульная сума расходаў на фінансаванне праграмы складала 69,8 трлн. рублёў (у коштах 2005 года).

Асноўнымі мэтамі Праграмы з’яўлялася адраджэнне і развіццё сяла на падставе ўмацавання аграрнай эканомікі, павышэння прыбыткаў сельскага насельніцтва, узроўню сацыяльна-бытавога і інжынернага ўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў, захавання і аздараўлення экалогіі ў іх, рацыянальнага выкарыстання дзяржаўных і іншых інвестыцый.

У агульным плане, як выказаўся Лукашэнка 22 кастрычніка 2013 года, на той момант, за дзве з паловай пяцігодкі ў аграрны сектар было ўкладзена больш чым 50 міліярдаў даляраў.

Нягледзечы на такія фінансавыя ўліванні, беларускім уладам так і не ўдалося надаць неабходнай прывабнасці сельскаму вобразу жыцця і працы, забяспечыць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё сельскіх тэрыторый, дасягнуць акрэсленых сацыяльных стандартаў на сяле.

Аб якіх сацыяльных стандартах можа ісці гаворка, калі бальшыня жылых дамоў на сяле да гэтай пары застаецца без вадаправода і каналізацыі, а ад малейшага подыху ветра выходзяць са строю лініі электраперадачы, і вёскі гадзінамі застаюцца без электрычнасці?

Аб якіх сацыяльных стандартах можна казаць, калі ў вёсках кожны год зачыняюцца дзесяткі школ, устаноў культуры, магазінаў, скарачаюцца рэгулярныя аўтобусныя злучэнні аграгарадкоў з іншымі населенымі пунктамі, раённымі і абласнымі цэнтрамі?

І які дурань прыдумаў для сялянаў сацыяльны стандарт — атрыманне заробкаў і сацыяльных выплатаў праз банкаматы, або ашчадныя касы па электронных картках, калі гэтыя аддзяленні ў вёсках адсутнічаюць, або працуюць адзін няпоўны дзень на тыдзень, а банкаматаў дык і ніколі не было? І сялянам да банкаматаў прыходзіцца дабірацца ў раённыя або абласныя цэнтры за дзесяткі кіламетраў.

Ці ўдасца спадару Анфімаву да канца 2015 года разабрацца ў пытаннях эфектыўнасці выкарыстання фінансавых сродкаў на фармаванне сацыяльнай і вытворчай сферы аграгарадкоў?

Упэўнены — не, не ўдасца. Бо каб разабрацца, то трэба прыцягваць да адказнасці ўсіх удзельнікаў таго майскага 2005 г. семінару, што праходзіў на Брэстчыне…

Самым эфектыўным спосабам выпраўлення сітуацыі ў такіх умовах, было б рашэнне на самым высокім узроўні па перасяленні ўдзельнікаў таго семінару з утульных гарадскіх кватэр у тыя новыя аварыйныя “прэзідэнцкія” дамы, каб яны самі на сабе адчулі “клопат” аб сялянах.

А ў каго вялікія сем’і, то можна і па некалькі домікаў выдзеліць. Усім хопіць, хай жывуць.

Паводле Беларускіх Навінаў

 

 

 

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.