Партыя БНФ » Вынікі маніторынгу пратэстнай актыўнасці ў Беларусі за 2014 год
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі маніторынгу пратэстнай актыўнасці ў Беларусі за 2014 год

Дададзена 30.03.2015 6:43:23 | 1,848 праглядаў

Са студзеня па снежань 2014 года ў Інстытуце “Палітычная сфера” праводзіўся штогадовы маніторынг пратэстнай актыўнасці ў Беларусі. Прадстаўляем вашай увазе тэкст Таццяны Чыжовай па выніках даследавання.

Скачаць тэкст дасьледваньня Пратэстная актыўнасць ў Беларусі ў 2014 годзе (вулічныя акцыі, выбарчыя пікеты, сацыяльныя канфлікты). ў фармаце PDF

Манітарынг пратэстнай актыўнасці з’яўляецца штогадовым: раней інстытут “Палітычная сфера” апублікаваў дасьледваньне пратэстнай актыўнасьці ў 2013 годзе. Адзначым, што Партыя БНФ захоўвае свае пазыцыі сярод палітычных сілаў, што найчасьцей выкарыстоўваюць масавыя акцыі як сродак палітычнай барацьбы.

index

Агульнанацыянальныя палітычныя акцыі кшталту прэзідэнцкіх выбараў заўсёды актывізавалі частку беларускага грамадства. А падзенне жыццёвага ўзроўню беларусаў хутчэй за ўсё прывядзе да павышэння пратэстнай актыўнасці. Аднак рост колькасці акцыяў наўрад ці прывядзе да павелічэння іхняга ўплыву на палітычныя працэсы ў Беларусі.

Інстытут “Палітычная сфера” правёў даследаванне “Пратэстная актыўнасць ў Беларусі ў 2014 годзе (вулічныя акцыі, выбарчыя пікеты, сацыяльныя канфлікты)”. Па звестках аналітыкаў, у 2014 годзе, за кошт выбарчых пікетаў, адбылося больш публічных акцый, чым у 2013 – м: 81 супраць 64. Але чакалася, што пратэстная актыўнасць беларускіх палітычных актараў вырасце ў большай ступені: на фоне мясцовых выбараў, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і на тле падзей ва Украіне. Апошнія сыгралі сваю ролю – 17 з 52 публічных акцый (без уліку выбарчых пікетаў) былі прысвечаны ўкраінскім падзеям. У сувязі з гэтымі падзеямі таксама адбылася палітызацыя такіх суб’ектаў, як фанацкія каляфутбольныя субкультуры (вынікі не прымусілі сябе чакаць – на дзейнасць фанацкіх груповак звярнулі больш пільную ўвагу органы ўлады).

Колькасць выяўленых за 2014 год сацыяльных сутыкненняў таксама нязначна вырасла (46 у 2014 годзе, супраць 39 у 2013 годзе), прычым выключна за кошт працоўных канфліктаў: калі ў 2013 г. іх было налічана 11, то ў 2014 годзе – ужо 18, што можа дадаткова сведчыць пра пагаршэнне эканамічнай сітуацыі (хуткі рост цэн і вельмі невысокі рост заробкаў, запазычанасці прадпрыемстваў).

2015 – год прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі традыцыйна вырастае актыўнасць палітычных арганізацый, а ўлады імкнуцца звесці сацыяльную напружанасць у грамадстве да мінімуму. Таму ад яго можна чакаць большага, у параўнанні з 2013 і 2014, росту як палітычных, так і сацыяльных выступленняў. Пры гэтым “паспяховаць” (колькасць пазітыўных рашэнняў) у выпадку непалітычных акцый пратэсту можна заўважна вырасці.

Галоўныя тэндэцыі мінулага года і прагнозы на 2015 год Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” каментуе дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” (Літва) Андрэй Казакевіч.

- Якія тэндэнцыі ў пратэстных настроях беларусаў выявіла даследаванне інстытута “Палітычная сфера”?

- Пратэстная актыўнасць даволі невысокая, прынамсі, у параўнанні з Украінай. Большасць пратэстных акцыяў носяць малаколькасны характар. Абсалютная большасць акцый (калі не лічыць адзіночныя пікеты) не з’яўляюцца палітычнымі, то бок, не звязаныя з палітызацыяй тых ці іншых сфераў жыцця.

Фактычна самі пратэсты выступаюць механізмам звяртання ўвагі мясцовай улады , дырэктараў прадпрыемстваў, кіраўніцтва краіны на сацыяльныя або эканамічныя праблемы.

- Пратэстныя выступленні летась насілі выключна сацыяльны характар. Што гэта азначае?

- Не зусім так. Мела месца і шмат палітычных акцый. Але справа ў тым, што з іх толькі ў чатырох прымала удзел больш за 100 чалавек, а абсалютная большасць мела характар пікетаў з удзелам аднаго ці некалькіх чалавек.  Відавочна, што кантроль за палітыкай, палітычнымі працэсамі, у тым ліку і пратэстамі, з боку ўладаў дастаткова высокі. Таму асаблівага маштабу гэтыя акцыі не набылі. Прычынай таму з’яўляюцца ў тым ліку і падзеі ва Украіне, якія паказалі, што стыхійны пратэст можа прывесці да непрапарцыйнага гвалту. Большасць беларусаў відавочна не хоча, каб падзеі ў Беларусі развіваліся па ўкраінскім сцэнары.

Асноўным фактарам немасавасці пратэсту стаў досыць надзейны кантроль за палітычным жыццём з боку ўладаў, прэвентыўныя захады. Трэба таксама адзначыць, што сапраўды масавых акцыяў, у якіх удзельнічалі б хаця некалькі соцень людзей, зафіксавана вельмі мала, і звязаныя яны з традыцыйным апазіцыйным календаром святкавання пэўных датаў, а з палітычнай сітуацыяй у краіне яны звязаны толькі ўскосна.

- Летась зафіксаваны рост пратэстаў у параўнанні з 2013 годам. Аднак іхняя эфектыўнасць надзвычай нізкая. З чым гэта звязана, з малаколькаснасцю акцыяў?

- Найперш, так. Рост пратэстных настрояў трэба звязваць з мясцовымі выбарамі, што прывяло да павелічэння колькасці пікетаў, іншых дробных акцыяў. А нізкая эфектыўнасць звязаная з тэндэнцыяй памяншэння колькасці ўдзельнікаў, агульным крызісам у апазіцыі. Калі казаць пра палітычныя акцыі, то яны больш адрасаваныя медыям. У сучасных палітычных умовах змена фармату акцый малаверагодная: як толькі такі акцыі прыцягнуць большую ўвагу грамадскасці, то можна чакаць павышэння прэвентыўных захадаў з боку ўлады.

- На 2015 год, год прэзідэнцкіх выбараў, даследчыкі прагназуюць рост як сацыяльных, так і палітычных пратэстаў. Ці бачныя прыкметы росту пратэстнай актыўнасці?

- Трэба адразу зазначыць, што гэта толькі прагноз. Прадбачыць такія працэсы цяжка, і падзеі могуць разгортвацца па рознаму.  Але існуюць два фактары, якія могуць уплываць на рост пратэстаў.

Па-першае, значнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, рост беспрацоўя, скарачэнне магчымасцей працаўладкавання, падзенне даходаў і агульнае падзенне жыццёвага ўзроўню. Усё гэта павышае сацыяльную напружанасць у грамадстве і,  на нашу думку, мусіць прывесці да пэўнага росту пратэстнай актыўнасці.

Другі фактар – прэзідэнцкія выбары. Удзельнікі кампаніі (палітычныя партыі, кааліцыі, кандыдаты) так ці інакш будуць імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу і мабілізаваць прыхільнікаў, што можа выліцца ў рост палітычных пратэстных акцый. Малаверагодна, што гэтыя акцыі будуць вельмі масавымі і частымі, але пэўная частка грамадства пад прэзідэнцкую кампанію будзе мабілізавана. Хаця ў гэтай кампаніі апазіцыя выглядае вельмі фрагментаванай, слаба актыўнай, і акцэнт не робіцца на масавыя акцыі. Падзеі  пасля выбараў 2010 года і палітычны крызіс ва Украіне, вельмі моцна уплываюць і на грамадства і на апазіцыйныя арганізацыі, пераш за ўсё ў форме непакою, што масавыя акцыі могуць прывесці да некантраляванага гвалту.

Аднак прэзідэнцкая кампанія і падзенне жыццёвага ўзроўню прывядуць да пэўнага росту пратэстных настрояў. Хаця само па сабе павелічэнне колькасці акцыяў не азначае, што іх уплыў на палітычныя працэсы будзе ўзрастаць і акажацца істотным. Тут варта адзначыць, што ў кантэсце выбарчай кампаніі адкрываецца “акно магчымасця” для непалітычных акцый пратэсту. Імкнучыся такія выступы як мага хутчэй пагасіць, улады будуць больш схільныя ісці на саступкі і кампрамісы.

- Даследаванне параўновае ступень пратэстных настрояў у Беларусі з перадмайданавай Украінай. Як далёка Беларусь знаходзіцца ад перадмайдаванага незадавальнення?

- Калі аналізаваць колькасць, то пратэстная актыўнасць ў Беларусі больш чым у 8 разоў ніжэйшая, чым ва Украіне напярэдадні Майдана. Гэта сведчыць за тое, што верагоднасць развіцця палітычнай сітуацыі па ўкраінскім сцэнары невысокая. І шчыльнасць акцыяў меншая, і колькасць удзельнікаў. У Беларусі значна менш каналаў мабілізацыі насельніцтва пад акцыі пратэсту, больш абмежаваныя ўмовы для іх правядзення – усё ў сукупнасці паказвае, што градус напружанасці ў беларускім грамадстве, якая можа выпліснуцца ў масавы пратэст, як мінімум у 8 разоў ніжэйшы, чым ва Украіне.

Паводле сайта Эўрабеларусь

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.