Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Аб сустрэчы ў Александрыі і “Гарадзецкіх уроках”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Аб сустрэчы ў Александрыі і “Гарадзецкіх уроках”

Дададзена 06.05.2015 9:26:00 | 1,221 праглядаў

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў піша пра “Гарадзецкія ўрокі” і падвводзіць вынікі дваццацігадовай палітыкі Лукашэнкі ў сельскай гаспадарцы – ў блогу на Беларускіх навінах.

“Давайце ня будзем тут спяшацца. Надыдзе час, і гэтае пытанне будзе вырашана”, — выказаўся Аляксандр Лукашэнка аб прыватнай уласнасці на зямлю. “Галоўнае, каб зараз людзі не баяліся прыйсці на арандаваную зямлю, былі ўпэўненыя, што ў іх яе ніхто не забярэ. Калі ў нас заканадаўства ў гэтым плане не хапае, мы яго дапоўнім. Галоўнае — непахіснасць права прыватнай уласнасці», — дадаў ён у час сустрэчы з фермерамі 2 мая 2015 года ў аграгарадку Александрыя, што на Шклоўшчыне.

Адным з асноўных, праблемных пытанняў, якія стрымліваюць развіццё фермерскіх гаспадарак, што неаднаразовала гучала з вуснаў фермераў, прысутных на сустрэчы — гэта пытанне аб выкупе арэндаванай імі маёмасці. А дакладней — аб цяжкасцях з яго выкупам.

Па іх сведчаннях, пры пераходзе будынкаў і збудаванняў ва ўласнасць, стаўленне да іх было б зусім іншым, і фермеры гатовы інвеставаць у іх рамонт і мадэрнізацыю значныя сродкі.

“Гэта не той выпадак, дзе дзяржава павінна трымацца за гэтую ўласнасць, напрыклад, стары свінакомплекс, які быў бы даўно ўжо разбураны. Я думаю, нам трэба прадумаць, сабраць разам усе праблемныя пытанні фермерскай супольнасці, звязаныя з уласнасцю, і адным махам іх вырашыць”, — тут жа даў даручэнне Лукашэнка.

Слухаючы падобныя завярэнні, адразу прыходзіць на памяць, што дзесьці калісьці ўсё гэта мы ўжо неаднаразова чулі, гэтыя яго доўгаіграючыя выказванні аб неабходнасці вырашэння праблемных пытанняў у сельскай гаспадарцы. Бо безліч сельскагаспадарчых аб’ектаў, збудаванняў, фермаў прыйшло ў заняпад за апошнія два дзесяцігоддзі, але так і не былі перададзены ў прыватную ўласнасць або арэнду вяскоўцам.

Яшчэ 28 год таму, ужо ў далёкім 1987 годзе, працуючы дырэктарам саўгаса “Гарадзец” Шклоўскага раёна, Лукашэнка актыўна прапагандаваў новыя формы працы ў сельскай гаспадарцы — арэндны падрад, які, па яго словах, павінен быў выбіць глебу з-пад ног чыноўнікаў. Дадзены досвед прапагандаваўся як у Беларусі, так і для іншых рэгіёнаў Савецкага Саюзу.

А ў 1990 годзе нават пабачыла свет ягоная кніга “Гарадзецкія ўрокі”, дзе ён дзяліўся досведам рэфармавання саўгаса і сцвярджаў, што пры пераходзе на новыя формы чалавек становіцца сапраўдным гаспадаром на зямлі. Не на словах, а на справе. Што невялікія адпаведныя калектывы і фермерскія гаспадаркі адраджаюць вёску, вяртаюць яе да паўнацэннага жыцця.

Перспектывы новых форм гаспадарання Лукашэнка прапагандаваў і сваім асабістым прыкладам. Паралельна з дырэктарствам у саўгасе, ён быў яшчэ зарэгістраваны і фермерам.

“Селянін, рабочы павінны цвёрда ведаць, што арэнда — гэта не даніна якойсці модзе, гэта не павевы часу, а надоўга. Калі ў самыя кароткія тэрміны карэнным чынам не зменіцца псіхалогія людзей, якія адвыклі дзейнічаць па-гаспадарску, нічога талковага не будзе”, — пісаў Лукашэнка ў сваёй кнізе.

З тае пары прайшло шмат часу. Многае змянілася: распаўся Савецкі Саюз, Беларусь стала незалежнай дзяржавай, а Лукашэнка стаў першым прэзідэнтам. І ў яго з’явіліся магчымасці правядзення рэформаў не ў асобна ўзятым саўгасе “Гарадзец”, а ва ўсёй сельскай гаспадарцы краіны, каб, нарэшце, на беларускай зямлі з’явіліся сапраўдныя сяляне-гаспадары.

Але ж што атрымалася ў выніку? Што сталася з “Гарадцом”? Што сталася з беларускай вёскай?

У саўгасе “Гарадзец” за гэты час змянілася больш дзесятка дырэктароў.Пра арэндны падрад там ужо ніхто нічога і не памятае.

А на зямлі ў беларускай вёсцы як не было гаспадара, так і няма. Колькасць фермераў у краіне за гэты час скарацілася ў разы. Адміністратыўна-камандная сістэма не тое, што не зжывае сябе ў рэгіёнах, а наадварот, яшчэ больш ахапіла ўсе сферы мясцовага жыцця.

Усё гэта прывяло да таго, што адбываецца інтэнсіўнае старэнне і збядненне сельскага насельніцтва. Зачынены сотні вясковых школ, устаноў культуры і аховы здароўя. Моладзь не бачыць перспектывы ў вясковым жыцці. І самае страшнае — з году ў год узмацняецца грабежніцкая палітыка дзяржавы ў адносінах да вясковага насельніцтва.

З мапы Беларусі зніклі і працягваюць знікаць тысячы так званых “неперспектыўных” вёсак, зарастаюць хмызняком былыя дабротныя палі і лугі, дзе калісці каласілася жыта і пасвіліся статкі жывёлы. Ды нягледзечы на скарачэнне вясковага насельніцтва, колькасць чынавенства ў сельскіх рэгіёнах і чыноўнікаў, звязаных з сельскагаспадарчай вытворчасцю, пастаянна ўзрастае.

Дык чаму ж Аляксандр Рыгоравіч, стаўшы прэзідэнтам, так баіцца прыватнай уласнасці на зямлю і , нават, “махнуў рукой” на свае “Гарадзецкія ўрокі”?

Ён разумее, што стварэнне класа сапраўдных гаспадароў на зямлі — гэта рэальная пагроза існуючаму на Беларусі рэжыму. Кіраваць жа людзьмі, патрэбы якіх звужаюцца да “чаркі і шкваркі”, значна лягчэй і прасцей.

За ўсе гэтыя гады, нават нягледечы на значныя фінансавыя ўліванні (толькі за апошняе дзесяцігоддзе — 45 млрд. даляраў), сельская гаспадарка Беларусі так і не дасягнула адпаведных поспехаў. Фінансы проста не даходзяць да вёскі.

Зноўку чынавенства вырашае за селяніна — дзе і якую жывелу набываць, якую тэхніку і насенны матэрыял пастаўляць у калгасы і якія аб’екты будаваць на сяле. У выніку атрымліваецца, што сабекошт аднаго скатамесца на пабудаваных у Беларусі комплексах дасягае да 10 тыс. даляраў, пры еўрапейскіх стандартах — да 3 тыс. еўра, а дзесяткі, сотні мільёнаў даляраў на набыццё жывёлы за мяжой асядаюць у карманах чынавенства.

Пабудаваныя на сяле так званыя “прэзідэнцкія” домікі пераходзяць у разрад аварыйных і непрыгодных для пражывання адразу ж пасля іх уводу ў эксплуатацыю, а новая сельскагаспадарчая тэхніка не даходзіць да механізатараў і выходзіць са строю па дарозе з заводаў у гаспадаркі.

І зусім смешнымі выглядаюць словы кіраўніка краіны, выказаныя на сустрэчы з фермерамі ў Александрыі, што еўрапейцы зайдросцяць беларускім аграрыям, бо ў Еўропе далёка не ўсе фермеры могуць дазволіць сабе працаваць на вялікіх плошчах зямлі, бо зямля прыватная і канкурэнцыя вельмі жорсткая…

Няўжо не зразумела, што менавіта адносіны да зямлі ў Еўропе, канкурэнцыя і спрыяюць таму, што кошты на прадукты харчавання там у разы таннейшыя, чым у Беларусі.

Можа быць, Аляксандру Рыгоравічу варта яшчэ раз перачытаць сваю кнігу “Гарадзецкія ўрокі”, бо, відаць, у 1990 годзе ён яе не зусім уважліва чытаў.

Паводле “Беларускіх навінаў

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.