Партыя БНФ » Знакам імя Віктара Івашкевіча ўганараваная Вольга Мікалайчык
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Знакам імя Віктара Івашкевіча ўганараваная Вольга Мікалайчык

Дададзена 28.07.2015 9:22:19 | 1,058 праглядаў

27 ліпеня, у дзень дваццаціпяцігоддзя абвяшчэньня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, кіраўніцтва Партыі БНФ уручыла памятны знак імя Віктара Івашкевіча кінарэжысэру Вользе Мікалайчык. Штогадовы памятны знак імя Віктара Івашкевіча заснаваны для адзначэньня асобаў і арганізацыяў, што спрычыніліся да арганізацыі вулічных масавых акцыяў.

Цягам апошняга году Вольга Мікалайчык арганізоўвала шматлікія акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі і са змагарным народам Украіны ў межах Камітэту салідарнасьці з Украінай. Вялікі розгалас атрымаў пэрформанс з удзелам спадарыні Мікалайчык супраць мотапрабегу «Начных ваўкоў» у красавіку бягучага года.  За акцыю салідарнасьці з Украінай 23 студзеня, прымеркаваную да памяці герояў “Нябеснай сотні”, суд пакараў актывістку 5 суткамі арышту. У мінулым годзе у дзень гадавіны Плошчы Вольга Мікалайчык разгарнула бел-чырвоны-сьцяг каля Чырвонага касьцёлу ў Менску, пасьля чаго была затрыманая міліцыяй.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч патлумачыў, чаму сёлетнім ляўрэатам стала Вольга Мікалайчык:

«Мы ад самага пачатку вырашылі заснаваць знак імя Віктара Івашкевіча, менавіта каб адзначыць вулічную пратэстную актыўнасьць, і цягам мінулага году менавіта Вольга Мікалайчык была арганізатарам найбольш яскравых і сьмелых вулічных акцыяў у абарону дзяржаўнай незалежнасьці, акцыяў салідарнасьці з Украінай, супраць распаўсюджваньня так званага „русского мира“ тут у Беларусі. І Сойм фактычна аднагалосна прагаласаваў за тое, каб Вольга Мікалайчык была ўзнагароджаная ў гэтым годзе».

Намесьнік старшыні БНФ Ігар Лялькоў адзначыў сымбалічнасьць дня ўручэньня: 27 ліпеня — 25-я ўгодкі прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі.

«Для мяне неспадзявана, і я шчасьлівая, — сказала Вольга Мікалайчык, прымаючы знак. — Сапраўды, я не чакала такой высокай для мяне ўзнагароды. Віктар Івашкевіч для мяне — сымбаль вольнага беларуса, простага, шчырага, інтэлектуальнага, маральнага. У ім былі сфакусаваныя ўсе лепшыя якасьці сучаснага беларуса. Ён заўчасна ад нас сышоў. Але ён быў добрым настаўнікам. Я шмат хадзіла на акцыі, якія ён выводзіў на вуліцы. Яму давяралі тысячы беларусаў, якія ішлі за ім сьмела. Тое, што я раблю, гэта вельмі сьціплы ўнёсак. Героям Слава!»

WP_20150727_047

У мінулым годзе памятным знакам імя Віктара Івашкевіча быў уганараваны лідэр грамадзкай ініцыятывы “Альтэрнатыва” Алег Корбан.

Знак імя Віктара Івашкевіча быў заснаваны з ініцыятывы Партыі БНФ у памяць пра выбітнага палітыка-фронтаўца, арганізатара шматлікіх дэманстрацый ды шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў мінулым годзе. Паводле рашэньня заснавальнікаў і са згоды сваякоў Віктара Івашкевіча, вырашана ўганароўваць памятным знакам асобы і арганізацыі, якія спрычыніліся да правядзеньня масавых акцый у Беларусі. Крытэрамі для ўручэньня знаку зьяўляюцца: актуальнасьць тэмаў акцый і адпаведнасьць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, крэатыўнасьць і творчы падыход пры плянаваньні і правядзеньні акцыі, грамадзкі розгалас і масавасьць акцыі, яе ўплыў на грамадзтва.

Жнівень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2017 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.