Партыя БНФ » Затрыманыя ў Магілёве сябры БНФ вызваленыя, сьцягі вернутыя
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Затрыманыя ў Магілёве сябры БНФ вызваленыя, сьцягі вернутыя

Дададзена 16.08.2015 8:02:51 | 1,430 праглядаў

16 жніўня ў Магілёве былі затрыманыя сябры Партыі БНФ Аляксандар Шаўцоў і Валянціна Шчэтнікава, сябры ініцыятыўнай групы вылучэнкі на прэзыдэнцтва Тацяны Караткевіч.

Актывіст Партыі БНФ зьбіраў подпісы пад бел-чырвона-белым сьцягам на Віленскім рынку ў абласным цэнтры.

Паводле старшыні гарадзкой партыйнай арганізацыі Валянціны Шчэтнікавай, трое супрацоўнікаў АМАПу спрабавалі забраць сьцяг, але актывіст бараніў сымбаль. Урэшце забралі і яго, і сьцяг.

Інцыдэнт зь міліцыянтамі адбыўся, калі ў абласным цэнтры знаходзілася сама Тацяна Караткевіч. Яна заявіла, што ўпершыню сутыкнулася з тым, каб у міліцыю забіралі сяброў ейнай ініцыятыўнай групы.

958494E8-CA27-4BD6-8D92-B60707020E9E_w640_r1_s

Шаўцова трое амапаўцаў завезьлі ў пастарунак. Як сьцьвярджае актывіст, у машыне і ў пастарунку супрацоўнікі міліцыі яго зьневажалі. Ён настойвае, што затрыманьне было міліцэйскай правакацыяй.

«Гэта была правакацыя супраць нашага пікету. Яны прыехалі з уключанай мігалкай. Выскачылі з машыны, нібы быў захоп банка і адразу кінуліся зрываць сьцяг, — сказаў Аляксандар Шаўцоў. — Калі я запытаў у іх, на якой падставе яны зрываюць сьцяг, то мне сказалі: пройдзем з намі і мы патлумачым».

«У машыне зьневажалі, акцэнтуючы ўвагу на маю прыналежнасьць да БНФ. Дапытваліся, што мы тут робім? Націскалі, што мы хочам утварыць у Беларусі тое, што ва Ўкраіне. У пастарунку загадалі зьняць кашулю і нагавіцы да калена. Аглядалі, відаць, шукалі нейкія татуіроўкі. Гэтак зьдзекаваліся зь мяне, нічога не тлумачылі. Суняліся міліцыянты, калі прыехаў іх начальнік», — даводзіў актывіст.

Валянціну Шчэтнікаву затрымалі неўзабаве пасьля Шаўцова, але да пастарунку не давезьлі. Як яна апавядае, пасьля спраўджваньня ў машыне дакумэнтаў і тэлефонных перамоваў міліцыянтаў са сваім начальствам яе вярнулі на тое ж месца, зь якога забралі. Людзі, заяўляе актывістка, пасьля інцыдэнту зь міліцыяй далёка абыходзілі пікет. Паводле Шчэтнікавай, калі яна даводзіла міліцыянтам, што мае законнае права выстаўляць пікет, бо праходзіць перадвыбарчая кампанія, тыя не разумелі, пра што гаворка.

У пастарунак вызваляць Шаўцова прыехала сама вылучэнка на прэзыдэнцтва Тацяна Караткевіч. Сабралася нямала і журналістаў:

E870B42C-FDC7-4078-881A-729B89E5BACE_w640_r1_s

«Атрымліваецца, што АМАП, які разьяжджае на джыпе па гародзе, вырашыў, што можа без усялякай нагоды забраць чалавека і сарваць сьцяг. Яны патлумачылі, што ім гэта трэба было зрабіць, каб выявіць асобу. Гэта цалкам іхняя ініцыятыва. Капітан міліцыі мне сказаў, што няма падставаў затрымліваць Шаўцова і не было, каб здымаць сьцяг. Спадзяюся, што ў гэтым горадзе больш ня будзе такіх выпадкаў. Гэта дужа не прыемна. Такая сытуацыя ўпершыню здарылася, калі гэтак паводзяць сябе супрацоўнікі міліцыі», — сказала спадарыня Караткевіч.

Тацяна Караткевіч не пагадзілася, што прычынай для затрыманьня сяброў ейнай ініцыятыўнай групы маглі стаць дзеяньні ўлады. Яна падкрэсьліла, што на сустрэчу зь ёй прыходзілі ў тым ліку і чыноўнікі, і канфліктаў не было: «Тое, што адбылося ў Магілёве, безумоўна, адаб’ецца на іміджы супрацоўнікаў міліцыі», — зазначыла яна.

«Бел-чырвона-белы сьцяг, зразумела, прыцягвае ўвагу, — дадала прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта. — Калі сёньняшні інцыдэнт адбыўся з ініцыятывы ўлады, то такія дзеяньні мусяць быць сыстэмнымі. У мяне будуць сустрэчы ў Бялынічах і Шклове, паглядзім, якая там будзе рэакцыя. Пакуль жа супрацоўнікі магілёўскай міліцыі за свае дзеяньні выбачаліся». Тацяна Караткевіч зазначыла, што інцыдэнт у Магілёве не пакіне без увагі.

Забраны зь пікету сьцяг міліцыянты аддалі, але, паводле актывістаў, збор подпісаў ім удалося сарваць.

Паводле Радыё Свабода

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Чэрвень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.