Партыя БНФ » Партыя БНФ выходзіць з выбарчай кампаніі Тацьцяны Караткевіч
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Партыя БНФ выходзіць з выбарчай кампаніі Тацьцяны Караткевіч

Дададзена 29.08.2015 1:15:33 | 1,603 праглядаў

29 жніўня ў цэнтральнай сядзібе Партыі БНФ адбылося пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Адным з асноўных пытаньняў, што стаяла на парадку дня кіруючага органа партыі, было стаўленьне да бягучай выбарчай кампаніі і пытаньне пра мэтазгоднасьць далейшага ўдзелу Партыі БНФ у кампаніі вылучэньня Тацьцяны Караткевіч на пасаду прэзідэнта.

Напачатку пасяджэньня Сойм хвілінай маўчаньня ўшанаваў памяць Алеся Чаркашына, які памёр ад ранаў, атрыманых у часе баёў за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

У дакладзе пра палітычную сытуацыю старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў станоўчую ацэнку ўдзелу фронтаўцаў у пікетах па зборы подпісаў, што адбываліся пад нацыянальнымі сымбалямі. Па словах старшыні Партыі БНФ, пікеты партыі былі выстаўленыя ў адзінаццаці гарадах краіны, пяць пікетаў стала працавалі ў горадзе Мінску. Старшыня Партыі БНФ уганараваў сяброў Сойму Яўгена Рыбакова і Кацярыну Рамашкевіч памятнымі знакамі: такім чынам быў адзначаны ўдзел гэтых актывістаў у арганізацыі стталадзеючага пікета ў цэнтры Менску. Дзякуючы іх намаганьням, у Менску каля універсаму “Цэнтральны” цягам месяца лунаў бел-чырвона-белы сьцяг і быў выстаўлены стэнд з праграмнымі палажэньнямі Партыі БНФ. На гэтым пікеце было сабрана каля трох тысяч подпісаў за вылучэньне Тацьцяны Караткевіч. Агулам па краіне дзякуючы самаадданай працы сяброў партыі было сабрана каля адзінаццаці тысяч подпісаў.

У якасьці найбольш пазытыўнай падзеі апошняга часу Аляксей Янукевіч адзначыў нядаўняе вызваленьне палітычных вязьняў, і асабліва экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Міколы Статкевіча.

Разам з тым старшыня Партыі БНФ адзначыў, што інфармацыйнае асьвятленьне перадвыбарчай кампаніі Тацьцяны Караткевіч перастала адпавядаць інтарэсам Партыі БНФ як нацыянальна-дэмакратычнай партыі:

Тацяна Караткевіч падчас выбарчай кампаніі зрабіла шмат неакрэсьленых і невыразных заяваў па шэрагу пытаньняў, якія зьяўляюцца базавымі для прыхільнікаў БНФ. Гэта статус беларускай мовы, дзяржаўная і нацыянальная сымболіка, геапалітычнае становішча Беларусі. Складаецца ўражаньне, што Тацяна Караткевіч як кандыдатка ў прэзыдэнты хоча быць добрай для ўсіх і таму ў яе няма акрэсьленай і выразнай пазыцыі. Удзел нашай партыі ў гэтай кампаніі падарве рэпутацыю партыі БНФ як нацыянальна арыентаванай партыі” – сказаў Аляксей Янукевіч.

Старшыня партыі заявіў, што ў сытуацыі супярэчлівых ацэнак пазыцыі Тацьцяны Караткевіч інфармацыйныя атакі супраць яе б’юць у першую чаргу па БНФ, паколькі Фронт застаўся адзінай палітычнай партыяй, якая падтрымала гэтую кандыдатуру.  Партыя БНФ раней прымала рашэнне аб падтрымцы Караткевіч на выбарах як прадстаўніка кааліцыі “Народны рэферэндум”. Пры гэтым яшчэ дзве арганізацыі, якія ўваходзяць у кааліцыю, — рух “За Свабоду” і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — як структуры ў вылучэнні Караткевіч у якасці кандыдата ў прэзідэнты не ўдзельнічалі.

Па вялікім кошце, самі заявы Караткевіч не самыя горшыя сярод прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Але справа ў тым, што Караткевіч — гэта не адзіны кандыдат ад апазіцыі, які меў бы абавязацельствы перад рознымі партыямі. Мы адзіныя падтрымалі Караткевіч як партыя, а таму адказныя за ўсе яе выказванні“, — сказаў Янукевіч.

Ён падкрэсліў, што з часам усё больш відавочнай будзе неадпаведнасць пазіцыі Караткевіч цэнасным пазіцыям Партыі БНФ. “Яе падтрымка будзе ўсё больш разбуральнай для рэпутацыі нашай арганізацыі“, — мяркуе ён.

Пры гэтым Янукевіч адзначыў, што нічога кепскага ў наяўнасці на выбарах такога кандыдата, як Караткевіч, няма. ”Але наша базавая група — нацыянальна арыентаваныя людзі. Многія з іх лічаць, што цяпер Партыі БНФ іх не прадстаўляе, у тым ліку і з-за таго, што мы падтрымліваем на выбарах Караткевіч“, — сказаў ён.

Аляксей Янукевіч паставіў на галасаваньне пытаньне пра выхад Партыі БНФ з кампаніі Тацьцяны Караткевіч. Старшыня партыі патлумачыў, што атрымаецца, калі паплечнікі яго не падтрымаюць:

Калі гэтага не адбудзецца, я баюся, што рэпутацыя партыі БНФ будзе зруйнаваная ўшчэнт. Так. у Беларусі зьявіцца новы прывабны твар з рэйтынгам у 7,8, можа быць 9%, які будзе казаць, што ў Беларусі патрэбныя перамены, мір, павага да людзей. Але пры гэтым фактычна ў сьвядомасьці шмат каго з прыхільнікаў нацыянальна-дэмакратычных сілаў зьнікне палітычная сіла, якая выказвае інтарэсы нацыянальна-арыентаванай часткі беларускага грамадзтва. Мы з вамі нясем за гэта адказнасьць. Мы гэтага дапусьціць ня можам і не павінны“.

У часе дыскусіі на карысьць выхаду з кампаніі выступілі Сябры Сойму Уладзімір Падгол, Аляксей Чарняеў, Іван Шэга, Зьміцер Шэвель, Юрась Меляшкевіч, Вітальд Ашурак, намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. На карысьць працягу працы ў выбарчай кампаніі Тацьцяны Караткевіч альбо адкладаньня разгляду пытаньня да апублікаваньня перадвыбарчай праграмы Тацьцяны Караткевіч выступілі намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, сябры Сойму Зьміцер Салаўёў, Вадзім Саранчукоў, Юрый Чавусаў, Яўген Рыбакоў, Віталь Макаранка.

У выніку галасаваньня Сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне пра выхад партыі з перадвыбарчай кампаніі Тацьцяны Караткевіч. За адмову ад падтрымкі Караткевіч на сёлетніх выбарах прагаласавалі 18 сябраў сойма, супраць — 11, двое ўстрымаліся.

У другім пытаньні парадку дня сябры Сойму заслухалі даклад Юрыя Чавусава, які прадставіў ацэнку прававых ўмоваў, у якіх сёлета адбываецца выбарчая кампанія. Дакладчык паведаміў, што з 154 прадстаўнікоў БНФ, што былі вылучаныя ва ўчастковыя камісіі, толькі 3 чалавекі (альбо 2% ад ліку вылучаных) былі ўключаныя ў склад камісіяў. Гэта надзвычай нізкі адсотак, меньшы за любыя ранейшыя выбарчыя кампаніі. Мізэрным з’яўляецца прадстаўніцтва і іншых апазыцыйных арганізацыяў: з 374 прадстаўнікоў кампаніі назіраньня “Права выбару” у камісіі патрапілі тыя ж 2% ад ліку вылучаных – толькі 6 чалавек. Такім чынам, камісіі сфармаваныя выключна з лаяльных выканаўчай уладзе асобаў.

Дакладчык падкрэсліў, што ў часе кампаніі на сябраў ініцыятыўных групаў апазыцыйных вылучэнцаў аказваўся ціск. Зафіксаваныя выпадкі гвалтоўных нападаў на членаў ініцыятыўных груп апазіцыйных прэтэндэнтаў у прэзідэнты (у тым ліку сяброў БНФ), ператрусы ў кватэрах актывістаў, прыпыненне законнага збору подпісаў на пікетах сіламі міліцыі (абуральны арышт сябраў БНФ у часе збору подпісаў у Магілёве), незаконны ціск з боку тэрытарыяльных выбарчых камісій і адміністрацыі дзяржаўных прадпрыемстваў у дачыненні да сябраў ініцыятыўных груп апазіцыйных палітыкаў.

Збор подпісаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ў шматлікіх выпадках здзяйсняўся з удзелам адміністрацый дзяржаўных прадпрыемстваў і установаў, у працоўны час, не членамі ініцыятыўнай групы, з парушэннем запаўнення падпісных лістоў, у забароненых для збору подпісаў месцах. Былі зарэгістраваны выпадкі прымусу, калі грамадзянам у выніку адмовы падпісацца за Аляксандра Лукашэнка пагражалі скасаваннем працоўных кантрактаў, догавараў на пражыванне ў інтэрнатах, а таксама праблемамі студэнтам пры здачы сесіі. У некаторых выпадках збор подпісаў суправаджаўся з раздачай газет у падтрымку дзеючага Прэзідэнта.

Сойм Партыі БНФ выказаў недавер сфармаванаму складу ўчастковых выбарчых камісіяў і пастанавіў падаць скаргу ў Цэнтральную Камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэферэндумаў з патрабаваньнем не рэгістраваць Аляксандру Лукашэнку ў якасьці кандыдата ў прэзідэнты на падставе шматлікіх парушэньняў і выкарыстаньня адміністратыўнага рэсурсу ў часе збору подпісаў.

Сойм Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” прыняў пастанову пра вылучэньне назіральнікаў на ўчасткі для галасаваньня і ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.